Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вы свабоды хочаце? Калі без майткоў застаняцеся пры ёй?!”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — рэакцыя слухачоў на падвышэньне пэнсій; згадка з гісторыі беларусізацыі; назіраньне за тым, як “вэртыкальнікі” спрабуюць наладзіць рэжым эканоміі; чыноўніцкія гульні зь людзьмі, што спрабуюць дабіцца праўды.

Тэмай дня стала інфармацыя пра падвышэньне пэнсій. Аднак ня ўсе нашыя слухачы гатовыя пляскаць у ладкі…

Спадар: “Афіцыйныя СМІ нам крычаць, што нас так падтрымаў прэзыдэнт, павысіўшы пэнсію на 9 адсоткаў, а забываюцца на тое, што праіндэксавалі толькі заробак. На дадатак, калі яго павінны былі павялічыць на 20 адсоткаў з гакам, праіндэксаваў толькі на 9,5%. Рушыцца закон, а мы павінны гэтаму радавацца?”

Наступны званок таксама пра пэнсію.

Спадар: “Добрага ранку, шаноўныя нашы шчасьлівыя і радасныя жыхары Беларусі! Павінны мы дзякаваць нашаму прэзыдэнту — някепска было б, каб нехта добрую песеньку склаў, як ён пра нас клапоціцца-думае, пэнсію павялічыў! Гэта ж клопат пра ўсіх нас… Яшчэ потым галаву пачухае перад выбарамі, яшчэ нешта такое добрае выкіне! Вось зажывём мы!”

А цяпер назіраньне за тым, як “вэртыкаль” спрабуе нібыта забясьпечыць рэжым эканоміі…

Спадар: “Нашай канторы далі плян па здачы мэталалому. Аніякага дачыненьня да мэталаапрацоўкі мы ня маем. Купілі на баку некалькі соцень кіляграмаў, здалі. Але ж самае сьмешнае ня гэта, а тое, што Белдругчармэт адмаўляецца аплочваць нават гэтую суму, хоць цана значна меншая за рэальную. Прапануюць замест грошай усялякія электроды, рыдлёўкі, малаткі, дзякуй Богу, што не сярпы і молаты. Я б прапанаваў нашаму галоўнаму хакеісту, а па сумяшчальніцтве эканамісту і юрысту наступнае: давайце ўвогуле адменім у Беларусі грошы. Раз на год можна выдаваць па адным гарнітуры ад “Камінтэрна”, раз на 10 гадоў — тэлевізар, а да паўналецьця — па адным трактары на сяле і па адным аўтамабілі МАЗ. І ня будзе аніякіх праблем, будзе новая квітнеючая эканоміка…”

Ня бачыць лёгікі ў дзеяньнях уладаў і спадар Лукашэвіч зь Берасьця:

“Вось ААН рэкамэндавала да Міністэрства аховы здароўя зьвярнуцца. Зьвярнуўся. Міністэрства аховы здароўя пераслала паперы на аблздраў. А там не даюць адказу. Будаваў электрастанцыі, Мазырскі нафтаперапрацоўчы, а сяджу бяз газу і сьвятла”.

Па традыцыі слухачы разважаюць над праблемай беларускай мовы.

Спадар Мікалай: “Многія адказваюць, што адвыклі ад роднай мовы, але ў гісторыі Беларусі ёсьць цікавы прыклад. У 1941 годзе адразу ўсе забыліся на расейскую і вельмі добра загаварылі на роднай мове. І расейскамоўных раптам зусім не аказалася. З павагай, Мікалай”.

І напрыканцы — вось такі эмацыйны званок:

Спадарыня: “Звоняць: “Мы хочам жыць у свабоднай краіне!” Патлумачце мне, дурной бабе, што гэта значыць — у свабоднай краіне? Чым вы не свабодныя? Лукашэнку мацюкаеце, у краму якую хочаш заходзіш, у аптэку, у бальніцу, якую хочаш, кладзесься. Ну якой вам няма свабоды? Хочаце за мяжу, назьбірайце грошай і едзьце! Ну якой вам няма свабоды? Людцы мілыя, каб вы не даскакаліся, каб вы сапраўды па талёнах майткі адны не куплялі ды станікі, як раней было! Чым жа ў нас няма свабоды, патлумачце мне?”

Прашу пракамэнтаваць гэтае тэлефанаваньне грамадзкага рэдактара тыдня — лекара з Жыткавічаў Ірыну Цішкоўскую.

Ірына Цішкоўская
“Маёй маці 70 гадоў, і нядаўна мы зь ёй зьезьдзілі ў Нямеччыну на 10 дзён. Матуля — звычайная вясковая жанчына: нідзе ніколі не была, усё жыцьцё працуе, не падымаючы галавы… Убачанае яе літаральна шакавала, і на другі дзень сказала: “Ой, а мы ж думалі, што — жывём… Не, нават і не існуем у параўнаньні зь імі…” Хоць пасьля вайны звычайныя немцы таксама галадалі і елі гнілую бульбу. І вось — такая розьніца! Нямецкі знаёмец майго ўзросту калі расказвае, дзе ён пабыў, то прасьцей на мапе пазначыць куткі, куды яшчэ не дабраўся. Дарэчы, калі яшчэ адзін наш немец-знаёмец патрапіў упершыню да нас, то доўга сядзеў на вясковай лаўцы, назіраў, і нарэшце прамовіў: “Шчасьлівыя людзі — ня ведаеце іншага жыцьця…” Так што проста ўсё трэба параўноўваць. І вельмі шкада назіраць, колькі шанцаў на годнае жыцьцё мы губляем…”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG