Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пітэр Баквіс: “Прафсаюзы не павінны залежаць ад “афарбоўкі” ўраду”


Пітэр Баквіс
Пітэр Баквіс
Сёньня ў Менску завяршылася міжнародная канфэрэнцыя “Прафсаюзы і крызіс”, арганізаваная Міжнароднай канфэдэрацыяй прафсаюзаў (МКП) і фондам імя Фрыдрыха Эбэрта. Каб узяць удзел у мерапрыемстве, у Беларусь адмыслова прыляцеў дырэктар Вашынгтонскага офісу МКП Пітэр Баквіс. Інтэрвію зь ім запісаў Ігар Карней.

— Спадар Баквіс, апошнім часам беларускія ўлады нямала гавораць пра шпаркую эканамічную лібэралізацыю ў краіне. Прынамсі, дэкляраваныя намеры адносна прыватызацыі шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў, ідуць размовы пра розныя інвэстыцыйныя праекты і г.д. У размовах зь беларускімі калегамі, з уласнага досьведу за гэты непрацяглы час — ці адчуваецца, што Беларусь насамрэч рухаецца ў дэмакратычным кірунку?”

— Што тычыцца самога паняцьця лібэралізацыі эканомікі, то гэта, вядома, такі кій, які мае два канцы. У 1990-я краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы прайшлі праз жорсткі працэс лібэралізацыі, які суправаджаўся падзеньнем заробкаў і рэзкім ростам беспрацоўя. Што тычыцца Беларусі, то вы маеце магчымасьць вынесьці ўрокі з сытуацыі, якая ўзьнікла ў 1990-я ў вашых суседзяў. Усе павінны цудоўна разумець: нельга думаць, што, маўляў, як толькі прыватызуеце прадпрыемства, то адразу ж знойдзеце лекі на ўсе эканамічныя хваробы. Або як толькі зьявіцца інвэстар ці пакупнік на прадпрыемства, то адразу ж вырашацца іншыя праблемы. Так не бывае.

Павінен быць вельмі і вельмі асьцярожны падыход да прыватызацыі, трэба ўзважыць многія моманты — хто прыватызуе, навошта прыватызуе, якія ўмовы пры гэтым ставяцца? І другі ўрок, які вы мусіце зразумець, — павінна захавацца сацыяльная сетка. З тым, каб можна было бараніць працоўных у працэсе лібэралізацыі, прыватызацыі. Стварыць сацыяльную базу для гэтага, паколькі рабочыя маюць патрэбу ў абароне. Запускаць адмысловую, загадзя падрыхтаваную праграму дапамогі па беспрацоўі, то бок выплат працоўным, якія страчваюць працу ў працэсе зьмены ўласьніка, падпадаюць пад скарачэньне. Такіх рэчаў не было ў тых краінах, якія мы ўжо ўзгадвалі, бо ў 1990-я яны пра гэта ня думалі. Таму Беларусь не павінна паўтарыць тыя недахопы, вы павінны ўлічыць усе памылкі пераходнага пэрыяду краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”.

— Зараз Беларусь вельмі моцна залежыць ад зьнешніх крэдытаў. Наколькі гэта апраўдана ў цяперашняй сытуацыі, калі нават эканамісты не да канца разумеюць — зь якіх рэсурсаў запазычаныя грошы ў пэрспэктыве аддаваць? Ці правільны падыход — набраць шмат, але ня мець з чаго вяртаць?

— Крызіс не закрануў Беларусь у такой ступені, як іншыя краіны, яго ўплыў тут аб’ектыўна меншы. Але, тым ня меней, ёсьць сур’ёзныя эканамічныя цяжкасьці, якія Беларусь востра перажывае. Як і многія іншыя краіны гэтага рэгіёну, Беларусь мае патрэбу ў крэдытнай дапамозе, бо ў іншым выпадку сытуацыя яшчэ больш ускладніцца і будзе яшчэ больш цяжкасьцяў. Эканоміка і надалей будзе каціцца ўніз, і вось тады сапраўды вы будзеце ня ў стане аддаць ніякія даўгі.
Робяцца розныя варыянты на выпадак, калі Беларусь сапраўды ня зможа вярнуць пазыкі.
Увогуле, на што тады жыць, існаваць? Бо трэба ж на нешта жыць, ня тое што аддаваць… Канечне, усё гэта пралічваецца, робяцца розныя варыянты на выпадак, калі Беларусь сапраўды ня зможа вярнуць пазыкі. Але калі сродкі, якія выдаюцца, нармальна выкарыстоўваюцца, да прыкладу, каб падтрымліваць і павялічваць занятасьць, каб грошы працавалі на людзей, то ў гэтым выпадку ўсе выйграюць — і грамадзтва, і асобныя жыхары краіны. І, натуральна, гэта ўсё ўлічваецца тым жа Міжнародным валютным фондам — як і на што патрачаныя грошы. Бо, можа, улады насамрэч скажуць — а ня будзем нічога вяртаць. Таму загадзя ўсё высьвятляецца, каб грошы папросту не праядаліся.

— Лібэралізацыя ў Беларусі пакуль мала тычыцца прафсаюзнага жыцьця. Без праблемаў існуе праўладная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, тым часам як незалежныя прафсаюзныя арганізацыі істотна абмежаваныя ў сваёй дзейнасьці. За парушэньні правоў прафсаюзаў у 2007 годзе Беларусь была выключана з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу, цяпер урад мусіць выканаць 12 рэкамэндацыяў, сярод якіх — даць магчымасьць незалежным прафсаюзам рэгістраваць свае суполкі, спыніць перасьлед грамадзянаў паводле прафсаюзнай прыналежнасьці і г.д. Відавочна, такі малюнак рэзка дысануе з сытуацыяй, скажам, у ЗША.

— Так, у нас няма прафсаюзаў, якія кантралююцца дзяржавай. І ў гэтым сэнсе я спадзяюся, што Беларусь калі-небудзь стане здаровай, дэмакратычнай дзяржавай, тут будуць сапраўдныя, незалежныя арганізацыі працоўных — прафсаюзы, якія змогуць дзейнічаць незалежна ад уладаў, ад палітычных партый. Бо незалежныя прафсаюзы, пры якім бы ўрадзе яны ні існавалі — пракамуністычным, левым ці правым — але працоўныя заўсёды павінны мець голас у гэтым грамадзтве праз свае прафсаюзы. Прафсаюзы павінны рэагаваць на тое, якую, да прыкладу, урад у дадзены крытычны момант, падчас крызісу вядзе палітыку. І ці адпавядае гэтая палітыка інтарэсам працоўных альбо не. Яны неадкладна павінны рэагаваць на гэта.

Даведка “Свабоды”

МКП прадстаўляе 168 мільёнаў сяброў прафсаюзаў у 150 краінах сьвету, уключна з Заходняй Эўропай. У Беларусі сябра МКП — Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Афіцыйныя прафсаюзы Беларусі не ўваходзяць у гэтую арганізацыю.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG