Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прычыны авіякатастрофы высьвятляюцца


У авіякатастрофе пад Менскам загінулі ўсе пяць чалавек, якія знаходзіліся на борце расейскага самалёта кампаніі “С-Эйр”. Сярод іх генэральны дырэктар кампаніі Марат Рамашкін. Ён разам з другім пасажырам ляцеў у Менск. Перад вылетам з аэрапорту “Внуково” яны замовілі гатэль празь філію расейскага казіно “Шангры Ла” ў Менску.

Беларуская транспартная пракуратура вядзе крымінальную справу паводле артыкула 314 (парушэньне правілаў бясьпекі руху ці эксплюатацыі чыгуначнага, паветранага ці воднага транспарту). У склад сьледчай групы ўваходзяць таксама расейскія сьледчыя. Ня выключана, што да расьсьледаваньня прычынаў аварыі далучацца прадстаўнікі амэрыкана-брытанскай фірмы, якая зьяўляецца вытворцам самалёта.

26 кастрычніка ў 20:06 самалёт кампаніі “С-Эйр” зь пяцьцю асобамі на борце вылецеў з маскоўскага аэрапорту “Внуково” ў Нацыянальны аэрапорт Беларусі. Лайнэр ня змог прызямліцца зь першай спробы і зрабіў кола над аэрапортам. У 21:35 самалёт зьнік з радараў. Ён быў тады за два кілямэтры ад аэрапорту.

На месца аварыі каля вёскі Драчкава выехалі ратавальнікі зь Міністэрства надзвычайных сытуацый і сьледчыя. Яны выявілі, што загінулі ўсе — трое членаў экіпажу і двое пасажыраў, адным зь якіх быў генэральны дырэктар кампаніі “С-Эйр” Марат Рамашкін.

У транспартнай пракуратуры “Свабодзе” паведамілі, што сьледчая група некалькі гадзінаў абсьледавала месца катастрофы. У групу вырашылі ўключыць спэцыялістаў у галіне авіяцыі, мэдычных экспэртаў, экспэртаў-крыміналістаў. Знойдзена так званая “чорная скрыня”.

Старшы памочнік пракурора транспартнай пракуратуры Марына Сянько паведаміла “Свабодзе”:

“На месцы здарэньня знайшлі разбураны паветраны карабель, які збольшага згарэў і рэшткі якога разьляцеліся па лясным масіве на дзясяткі мэтраў, а таксама целы пяці пасажыраў і членаў экіпажу, якія загінулі. Згодна са знойдзенымі на месцы здарэньня дакумэнтамі — пашпартам і пасьведчаньнем пілёта — высьветлілі асобу пілёта”.

На гэты момант вядома, што пілётам самалёта быў 51-гадовы Аляксандар Самойлаў, штурманам — 47-гадовы Сяргей Сьнімшчыкаў, стуардэсай — Алеся Латуціна. Другі пасажыр — Павал Малышаў.

Сьледзтва высьвятляе прычыны аварыі. Разглядаюцца некалькі вэрсіяў.

Сьледчыя лічаць, што самалёт не ўпісаўся ў зададзеныя каардынаты, і камандзір прыняў рашэньне зрабіць яшчэ адно кола перад заходам на пасадку. У гэты момант і адбылося крушэньне.

ВАE-125-800 быў адзіным у Расеі хуткасным рэактыўным пасажырскім самалётам, прызначаным для пералётаў на адлегласьць ня больш за 5 000 кілямэтраў. Такія самалёты выкарыстоўваюць на аэрадромах з кароткай узьлётна-пасадачнай паласой. Паветраны карабель разьлічаны на 8 пасажыраў, а экіпаж складаецца з двух чалавек. Мадэль выпускаецца ад 1962 году.

Базавы аэрапорт кампаніі “С-Эйр” — “Внуково”. Кампанія эксплюатуе 9 паветраных суднаў, ня лічачы таго, што разьбілася. Чатыры зь іх — ТУ-134, два — ЯК-42 і тры — Hawker-125-800.

Назіральнікі лічаць, што пасажыры злашчаснага самалёта накіроўваліся ў казіно “Шангры Ла”.
XS
SM
MD
LG