Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці асуджанага на сьмерць: “Сыночак, ты будзеш жыць!”


Асуджаны на сьмерць Андрэй Жук

Асуджаны на сьмерць Андрэй Жук

Вярхоўны суд Беларусі пацьвердзіў сьмяротны прысуд жыхару Салігорску Андрэю Жуку. Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе ўжываюць сьмяротнае пакараньне.

Сьвятлана Жук, пачуўшы ад судзьдзі Валера Калінковіча, што сьмяротны прысуд яе сыну Андрэю пакідаюць бязь зьменаў, ледзь ня страціла прытомнасьць. Калі міліцыянты загадалі пакінуць судовую залю, жанчына прасіла дазволіць ёй у апошні раз пацалаваць сына, але ёй адмовілі. Жанчына пачала енчыць у голас:

“Андрэй, трымайся. Я даб’юся, што прысуд адменяць. Мы зьвернемся ў міжнародны суд. Сыночак, ты будзеш жыць! Дайце мне пацалаваць сына”.

Міліцыянт: “Нельга, пакіньце судовую залю”.

Злачынства, у якім прызналі вінаватымі Андрэя Жука, Івана Сарокіна і Ўладзімера Мароза, адбылося ў Салігорскім раёне сёлета ў лютым. Паводле суду, 25-гадовы будаўнік Андрэй Жук дамовіўся зь сябрамі Іванам Сарокіным і Ўладзімерам Марозам абрабаваць аўтамабіль сельгаспрадпрыемства “Бальшавік-Агра”, калі той перавозіў грошы для заробку працаўнікам. Злачынцы скралі паляўнічую стрэльбу з патронамі і зрабілі зь яе абрэз, набілі цьвікі ў дошкі, каб падкласьці пад колы аўтамабіля і гэтак спыніць яго на дарозе. У судзе прагучалі некаторыя падрабязнасьці: калі чакалі ў засадзе аўтамабіля з грашыма, “падагравалі” сябе алькаголем.

Сёньня ў судзе Андрэй Жук казаў, што яны не плянавалі забойства, а стрэльбу нібыта рыхтавалі выключна дзеля “псыхалягічнага ўзьдзеяньня”. Каб скруціць кіроўцу і касіра, падрыхтавалі скотч. Чаму ж тады ў выніку 39-гадовую Сьвятлану Лапцуеву і 38-гадовага вадзіцеля Генадзя Зубца застрэлілі? Вось што сказаў Андрэй Жук, якога сёньня трымалі ў жалезнай клетцы:

“Сарокін ня змог утрымаць кіроўцу, як мы дамаўляліся. Калі я падскочыў да іх, там была бойка, было незразумела, хто каго: Сарокін кіроўцу ці кіроўца Сарокіна. Тады я і зрабіў стрэл у кіроўцу. А пасьля гэтага, відаць, баючыся пакараньня, стрэліў і ў Лапцуеву”.
выпраўленьне 25-гадовага Андрэя Жука немагчымае ...

Затрымалі Андрэя Жука празь некалькі дзён у більярднай. Абшукаўшы, знайшлі наркотыкі — мэтадон і опій. Андрэй Жук адразу прызнаўся ў злачынстве і выдаў скрадзеныя грошы (сваю частку ад 65 мільёнаў рублёў), а потым садзейнічаў сьледзтву. І хоць гэта магло б паспрыяць зьмякчэньню прысуду, судзьдзі палічылі, што выпраўленьне 25-гадовага Андрэя Жука немагчымае. Не спрацавала і тое, што ў Андрэя Жука 3 месяцы таму нарадзіўся сын, а таксама — што ў яго на ўтрыманьні яшчэ адно непаўналетняе дзіця. Суд патлумачыў, што Андрэя Жука раней судзілі за крадзеж мабільнага тэлефона, а забойства двух чалавек ён сплянаваў і ажыцьцявіў адмыслова.

Адвакаты з гэтай пазыцыяй былі нязгодныя і даводзілі, што забойствы адмыслова не рыхтаваліся, а адбыліся ў выніку зьбегу абставінаў. Адвакатка Натальля Мацкевіч заклікала судзьдзяў улічыць і міжнародныя абавязаньні Беларусі ў галіне забесьпячэньня правоў арыштаваных. Паводле абаронцы, Андрэю Жуку ад пачатку сьледзтва не была забясьпечаная дапамога адваката.

Ад камэнтароў журналістам адвакаты адмовіліся. А вось што сказаў “Свабодзе” Ўладзімер Лапцуеў, муж забітай Сьвятланы Лапцуевай:

“Мяркую, пакараньне павінна быць такім, які і злачынства. Яны не далі ім шанцу на жыцьцё і таму самі яго не заслугоўваюць. Забіць маці трох дзяцей — за гэта таксама трэба пазбавіць жыцьця”.



Уладзімер Лапцуеў прызнаны пацярпелым у гэтай справе, і паводле закону суд павінен цікавіцца ягоным меркаваньнем адносна прысуду. Уладзімер Лапцуеў сёньня ў судзе паўтарыў патрабаваньне аб сьмяротным пакараньні для Андрэя Жука. Паводле пацярпелага, яго падтрымліваюць усе ягоныя знаёмыя і сваякі.

Асуджаны на сьмерць Андрэй Жук можа зьвярнуцца з просьбай аб памілаваньні да Аляксандра Лукашэнкі — пра гэта сказаў судзьдзя Валер Калінковіч.

Сьмяротане пакараньне ў Беларусі
Паводле незалежных крыніц, ад 1997 году ў Беларусі было пакарана сьмерцю больш за 160 чалавек. Дакладна вядома толькі пра адзін выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмерць. Эўразьвяз заклікае Беларусь увесьці мараторый, а пасьля і зусім адмовіцца ад гэтага віду пакараньня, якое ў Эўропе лічыцца негуманным і неэфэктыўным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG