Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякам трэба 8,6 км трубы для мазырскай „саляркі”


Цягам бліжэйшых 18-24 месяцаў палякі мяркуюць пракласьці нафтапрадуктовую трубу ад Бугу да сваёй паліўнай базы у Малашэвічах, каб закупляць у Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе значна большыя аб’ёмы дызэльнага паліва, чым цяпер.


Учора мы паведамлялі, што Польшча, якая цяпер экспартуе каля 500 тысяч тон дызэльнага паліва зь Беларусі штогод, пасьля запуску згаданага трубаправоду, плянуе закупляць 2 мільёны тон беларускай „саляркі” ў год.

Сёньня мы зьвязаліся зь Міністэрствам эканомікі Польшчы і папрасілі Ганну Смарчынскую, экспэрта ў Дэпартамэнце нафты і газу, падзяліцца з намі некаторымі падрабязнасьцямі адносна гэтага польска-беларускага праекту.

Максімюк: Адкуль і дакуль будзе ісьці трубаправод, якім мяркуецца перасылаць беларускае дызэльнае паліва ў Польшчу?

Смарчынская: Трубаправод будзе злучаць базу Бярнады ў Беларусі, уласьнікам якой зьяўляецца Беларуснафта, з польскай паліўнай базай у Малашэвічах, уласьнік якой — кампанія LPP. Гэта ня надта вялікі праект, бо і адлегласьці тут кароткія. Зь беларускага боку гэта каля 8,5 кілямэтра трубаправоду, які, здаецца, ужо поўнасьцю пабудаваны, а і пад ракою Буг праход таксама ўжо выкананы. З польскага боку трэба пабудаваць 8,6 кілямэтра трубаправоду ад ракі Буг да базы ў Малашэвічах.

Максімюк: Хто першы прапанаваў гэты праект — польскі ці беларускі бок?

Смарчынская: Гэты праект пачаўся ўжо даволі даўно, ці не ў 2004 годзе, так што я і не згадаю, хто яго прапанаваў. Па-мойму, ініцыятарам пабудовы трубаправоду Бярнады-Прылукі-Малашэвічы быў беларускі бок.

Максімюк: А што будзе зь беларускай „саляркай”, якая дойдзе да базы ў Малашэвічах? Яна адтуль пойдзе далей у Польшчу трубою, ці будуць яе развозіць у цыстэрнах?

Смарчынская: Няма прадуктовага трубаправоду, якім дызэльнае паліва магло б пайсьці далей у Польшчу. Паводле плянаў, уласьнікам трубаправоду на польскім баку будзе кампанія LPP, а атрымальнікамі гэтага паліва, на аснове заключаных пагадненьняў, будуць Orlen i Lotus, дзьве агульнапольскія сеткі аўтазаправачных станцый.
XS
SM
MD
LG