Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шангры Ла” не замаўляла рэйс самалёта, а сустракала


У культурна-забаўляльным цэнтры “Шангры Ла” абверглі інфармацыю Інтэрфаксу пра тое, што авіялайнэр, які разьбіўся пад Менскам, ляцеў на замову кампаніі “Шангры Ла”.

“Самалёт належаў кампаніі “С-Эйр”, на якой ляцеў яе дырэктар. То бок ён ляцеў на сваім самалёце, сваёй кампаніі. Было б дзіўна, калі б “Шангры Ла” замаўляла ў яго ж яго ўласны самалёт для яго ж самога. Іншая справа, што Марат [генэральны дырэктар кампаніі “С-эйр” Марат Рамашкін -- рэд] быў насамрэч нашым госьцем у Маскве, і мы арганізоўвалі для яго тут сустрэчу. Ён папрасіў нас яго сустрэць і арганізаваць тут гатэль. Зь якімі мэтамі ён ляцеў у Менск, нам невядома”, — заявіў “Свабодзе” прадстаўнік “Шангры Ла” Лаўрэнці Губін.

Пра іншых пасажыраў прадстаўніку “Шангры Ла” нічога невядома, бо яны сустракалі менавіта Марата Рамашкіна.

“Ён ведае, што ў нас тут бізнэс. У яго таксама тут ёсьць нейкія справы. Тут ня так проста зарэзэрваваць добры гатэль, і мы яму ў гэтым дапамагалі. Ён ведаў, што ў нас тут ёсьць дамоўленасьці з гатэлямі, ён папрасіў, і мы дапамаглі яму з гэтым.

Ці меў намер Марат Рамашкін наведаць казіно — невядома, “гэта было на яго ўласны разгляд”. Мэты знаходжаньня яго ў Менску кампаніі “Шангры Ла” таксама не вядомыя. Чаму ён выйшаў менавіта на “Шангры Ла”?

“Мы мелі шэраг віп-клюбаў у Маскве. Марат быў нашым госьцем у Маскве. Ён ведае, што ў нас тут ёсьць бізнэс і што ў нас ёсьць магчымасьці ў гатэлях. І ён зьвярнуўся да нас па дапамогу”.

Кіруе казіно міжнародная кампанія “Сторм Інтэрнэшнл”. Да закрыцьця вялікая частка яе бізнэсу была ў Расеі, але цяпер кампанія мае шэраг аб’ектаў і ў іншых краінах. У Менску казіно “Шангры Ла” адчынілі на мінулым тыдні. Паводле прадстаўніка кампаніі “Шангры Ла”, казіно пераехала ў Менск, бо тут ёсьць легальныя магчымасьці для гэтага бізнэсу.

Казіно "Шангры Ла"

Як паведамляла выданьне "Ежедневник", мінімальная сума абмену грошай на фішкі ў казіно “Шангры Ла”-- 5 тысячаў долараў. Сума мінімальных ставак на рулетцы — 25 даляраў, у картачных гульнях — 200 даляраў. У іншых менскіх казіно звычайныя мінімальныя сумы -- 1 і 5 долараў адпаведна.

XS
SM
MD
LG