Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата працуе на выдзяленьне расейскага крэдыту


Сёньня а 10-й гадзіне пачалося пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў, на якім дэпутаты разгледзяць два пытаньні: аб ратыфікацыі дамовы аб заснаваньні антыкрызыснага фонду Эўразійскай эканамічнай супольнасьці і аб ратыфікацыі пагадненьня аб кіраваньні сродкамі антыкрызыснага фонду.

Гэтае пасяджэньне раней не плянавалася, але як удалося даведацца ў кулюарах, яно зьвязана з тым, што заўтра ў Маскве адбудзецца пасяджэньне саюзнага савета міністраў з удзелам Сяргея Сідорскага і Ўладзімера Пуціна. Як вядома, Беларусь просіць у Расеі крэдыт у 500 мільёнаў. Міністар фінансаў Расеі Кудрын сказаў, што гэтыя грошы Беларусь магла б атрымаць не ў Расеі, а з антыкрызыснага фонду эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Паколькі заўтра гэта пытаньне зноў узьнікне, то беларуская дэлегацыя хоча быць у Маскве ўжо з ратыфікаваным пагадненьнем аб заснаваньні антыкрызыснага фонду.

Дамова аб антыкрызысным фондзе Эўразійскай эканамічнай супольнасьці была зацьверджана ў Маскве ў чэрвені. Памер фонду складае каля 10 мільярдаў даляраў. Сярод іншых краінаў Беларусь уносіць у яго 10 мільёнаў даляраў, а Расея 7,5 мільярда даляраў. Фонд ствараецца дзеля пераадоленьня нэгатыўных наступстваў усясьветнага крызысу. Сродкі фонду будуць скарыстаны для прадстаўленьня пазыкаў і стабілізацыйных крэдытаў краінам-удзельніцам гэтай дамовы.
XS
SM
MD
LG