Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 студзеня 2010 году набывае моц указ прэзыдэнта №510 “Аб удасканаленьні кантрольнай (нагляднай) дзейнасьці”. Паводле ўказу, ня будзе падставай да праверкі заява ананімаў. Упершыню ў гісторыю органаў кантролю дэкляруецца захаваньне прэзумпцыі невінаватасьці – пакуль правапарушэньне не даказанае, караць нельга.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін кажа, што гэтыя дасягненьні сталі вынікам прынцыповай пазыцыі бізнэс-супольнасьці:

“У працэсе абмеркаваньня гэтага ўказу ўлічаныя вельмі многія пажаданьні дзелавой супольнасьці. У прыватнасьці, падчас працы над 510-м указам нам удалося ўвесьці такую норму, як права на памылку суб’екта гаспадараньня. І ўпершыню ўведзена норма, калі дробныя адхіленьні – дапусьцім, да 1% ад сумы налічаных падаткаў – не зьяўляюцца адміністратыўным правапарушэньнем. Гэты прынцып трэба зараз распаўсюдзіць на Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях”.
Будзе ўведзеная такая норма, як права на памылку суб’екта гаспадараньня.

Пасьля сканчэньня сёлета паўгадавога мараторыя на беспадстаўныя праверкі, новыя рэйды кантралёраў скончыліся канфіскацыямі тавару і вялізарнымі штрафамі. У некаторых выпадках санкцыі склалі сотні мільёнаў рублёў. Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка лічыць: нягледзячы на апошнія гучныя заявы, дзяржава так і не асэнсавала значэньне прадпрымальніцтва – асабліва ягоную ролю ва ўмовах эканамічнага крызісу:

“Лукашэнка шмат гаворыць пра стабільнасьць эканомікі ва ўмовах выклікаў. Ва ўсім сьвеце ў час эканамічнага крызісу першымі, хто выходзіў зь яго, хто браў на сябе вялікі цяжар, былі менавіта малыя прадпрыемствы, малыя рамесьнікі. Буйныя кампаніі, калі прыходзіць крызіс, пачкамі выкідваюць людзей на вуліцы. Хто іх падбірае? Прадпрымальнікі, якія маюць працу, маюць грошы і будуць, ня просячы ў дзяржавы, рабіць усё дзеля таго, каб выжыць. Трэба ісьці насустрач малому бізнэсу, каб ён працаўладкоўваў тых, каму не знайшлося працы на заводах. Нам патрэбныя і грузчыкі, і кіроўцы, і гандляры. Так, мы ня можам плаціць так добра, як раней, але Лукашэнка сам сказаў: сёньня галоўнае ня праца, а стабільнасьць. Мы спадзяемся, што прадпрымальнікаў ня будуць даводзіць да бунту, што мы прыйдзем да агульнай пазыцыі і выпрацуем рашэньні, якія задаволяць усіх”.
XS
SM
MD
LG