Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт не ўпісаўся ў каардынаты?


26 кастрычніка пад Менскам разьбіўся самалёт расейскай авіакампаніі. Пяцёра пасажыраў і членаў экіпажу самалёту загінулі. Адзін з заяўленых пасажыраў на рэйс не прыйшоў.


На борце самалёту знаходзіліся 5 чалавек: двое пасажыраў – генэральны дырэктар кампаніі “С-эйр” Марат Рамашкін і ягоны знаёмы Павал Малышаў, а таксама члены экіпажу – пілёт Аляксандар Самойлаў, штурман Сяргей Сьнімшчыкаў і стуардэса Алеся Латуціна.


Катастрофа расейскага самалёту пад Менскам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:51 0:00

“Унукава”: Самалёт перавозіў V.I.P.


“У нас існуе так званы цэнтар бізнэс-авіяцыі. То бок гэта “Ўнукава-3”, адкуль ляцеў той самалёт. Гэта тэрмінал, які прызначаны выключна для палётаў такога кшталту прыватных самалётаў, для перавозкі бізнэсоўцаў, невялікіх дэлегацый і г.д. Там нейкіх іншых формаў не існуе, там выключнае V.I.P.-абслугоўваньне. Маленькія самалёты, невялікая колькасьць пасажыраў, адмыслова навучаная абслуга. То бок гэта ўсё адносіцца да бізнэс-авіяцыі”.


Росавіяцыя: прэтэнзій да тэхнічнага стану самалёта не было


Адкладзеных непаладак і прэтэнзій да тэхнічнага стану 22-гадовага самалёта BAЕ-125 расейскай авіякамапніі С-Эйр, які разьбіўся ля Менску, не было.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Росавіяцыі, перадае РИА Новости.

"Пасьля апошняга рэйсу 24 кастрычніка па маршруце Масква-Ерэван-Масква заўвагаў экіпажу па тэхнічным стане не было. Адкладзеных непаладак не зафіксавана.

Самалёт ВАЕ 125-800В быў выпушчаны ў 1987 годзе, а ў парк С-Эйр трапіў крыху больш год таму.

Самалёт эксплюатаваўся ў авіякампаніі С-Эйр ад 20 ліпеня 2008 года", - гаворыцца ў паведамленьні.



Камандзір самалёту налятаў 11900 гадзін


Пілёт самалёту расейскай кампаніі С-Эйр, які разьбіўся ля Менску, меў амаль 12 тысяч гадзінаў налёту, але на гэты тып самалёту перавучыўся толькі два гады таму ў Вялікабрытаніі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Росавіяцыі, перадае “РИА Новости”.

Да BАE-125, на якім 51-гадовы Аляксандар Самойлаў налятаў 725 гадзін, ён упраўляў айчыннымі Ан-2 і Як-40: на іх налёт складае 5250 і 5700 гадзінаў адпаведна.

"Налёт агульны: 11900 гадзін; зь іх: ноччу - 1450 гадзін. 4 лістапада 2007 года перавучаны на ВАE-125 у горадзе Чэстэрфілд. Налёт на ВАE-125 - 725 гадзін", - гаворыцца ў паведамленьні.

Самойлаў скончыў Сасаўскую лётную вучэльню грамадзянскай авіяцыі ў 1981 годзе, у апошні раз падвышаў кваліфікацыю ў траўні 2009 года на трэнажоры ў Дубаі.

Там жа, але месяцам раней, праходзіў апошнюю падрыхтоўку памочнік камандзіра самалёта, які разьбіўся пад Менскам, 47-гадовы Сяргей Сьнімшчыкаў. Ён налятаў на BAE -125 крыху больш за 825 гадзін.

Апроч BAE-125 у Сьнімшчыкава, які ў 1983 годзе скончыў Армавірскую вышэйшую вучэльню пілётаў, іншага вопыту ў грамадзянскай авіяцыі не было.

Разам зь пілётам і яго памочнікам у выніку авіякатастрофы загінулі бортправадніца Алеся Лагуціна, кіраўнік авіякампаніі Марат Рамашкін і другі пасажыр Павал Малышаў.



Прадстаўнікі кампаніі С-Эйр вылецелі ў Менск


У маскоўскім прадстаўніцтве кампаніі С-Эйр паведамілі што яе прадстаўнікі вылецелі ў Менск.

У кампаніі пакуль не паведамляюць аб магчымых прычынах авіякатастрофы пад Менскам.



Сьледчыя: самалёт не ўпісаўся ў зададзеныя каардынаты


Сьледчыя лічаць, што судна не ўпісалася ў зададзеныя каардынаты і камандзірам было прынятае рашэньне зрабіць яшчэ адно кола перад заходам на пасадку. У гэты момант і адбылося крушэньне самалёту.


ФОТАРЭПАРТАЖ


Перакладаюць рэшткі загінулых





“Шангры Ла” не замаўляла рэйс самалёта, а сустракала


У культурна-забаўляльным цэнтры “Шангры Ла” абверглі інфармацыю Інтэрфаксу пра тое, што авіялайнэр, які разьбіўся пад Менскам, ляцеў на замову кампаніі “Шангры Ла”.

Паводле прадстаўніка менскага “Шангры Ла” Лаўрэнція Губіна, зь якімі мэтамі спадар Рамашкін ляцеў у Менск, казіно невядома. Таксама нічога не вядома і пра іншых пасажыраў самалёта.

“Ён ведае, што ў нас тут бізнэс. У яго таксама тут ёсьць нейкія справы. Марат ляцеў на сваім самалёце, па сваіх справах. Тут ня так проста зарэзэрваваць добры гатэль.

Ён ведаў, што ў нас тут ёсьць дамоўленасьці з гатэлямі, ён папрасіў, і мы дапамаглі яму з гэтым. Мы мелі шэраг віп-клюбаў у Маскве. Марат быў нашым госьцем у Маскве. І ён зьвярнуўся да нас па дапамогу”.


Знойдзеная “чорная скрыня”


Беларуская транспартная пракуратура распачала крымінальную справу па факце катастрофы расейскага самалёта BAE-125-800 недалёка ад Менскага Нацыянальнага аэрапорту.

Расейскія сьледчыя далучацца да расьсьледаваньня гібелі пілётаў і пасажыраў. На гэты момант вядома, што супрацоўнікі сьледчай групы знайшлі адзну з “чорных скрыняў”.

"Адзін з бартавых самапісцаў знойдзены. Будзем шукаць другі, рэзэрвовы самапісец", - паведаміў журналістам дырэктар дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Вадзім Мельнік.

Па яго словах, пра папярэднія вэрсіі катастрофы казаць "пакуль складана, будзе працаваць камісія па расьследаваньні прычынаў катастрофы". Вэрсіі могуць быць самымі рознымі. Яны будуць усё правярацца, сказаў В.Мельнік. У тым ліку, па яго словах, "будзе правераная колькасьць паліва, якое знаходзілася на борце, яго адпаведнасьць якасным парамэтрам".

Не выключана, што прадстаўнікі амэрыкана-брытанскай кампаніі, якая зьяўляецца вытворцам самалёту, далучацца да расьсьледаваньня прычынаў аварыі.

Паводле дакумэнтаў, якія паступаюць авіяцыйным уладам Беларусі, прымаючым бокам авіяляйнэра была кампанія “Шторм-Інтэрнэшнл”.

Як перадае Інтэрфакс са спасылкай на прадстаўніка беларускіх авіяцыйных ўладаў, элітны авіяляйнэр павінен быў прыбыць у Менск на замову кампаніі “Шангры Ла”.

Пасьля прыняцьця у Расеі закона аб упарадкаваньні дзейнасьці казіно, многія профільныя кампаніі перавяліся ў суседнія краіны, у тым ліку ў Беларусь.

Нядаўна кампанія “Шангры Ла” адчыніла казіно ў прэстыжным раёне Менску. Паводле папярэдніх зьвестак, менавіта туды і накіроўваліся пасажыры авіяляйнэра.


Самалёт мадэлі «Фалькон» ляцеў з маскоўскага аэрапотру "Ўнукава" ў нацыянальны аэрапорт «Мінск‑2».

Зь нявысьветленай прычыны самалёт ня змог зайсьці на пасадку зь першага разу, зрабіў круг над аэрапортам, паспрабаваў прызямліцца зноў і зьнік з экранаў радараў.

Пяцёра пасажыраў і членаў экіпажу самалёту загінулі.

Іх парэшткі знайшлі за чатыры кілямэтры ад аэрапорту, ля вёскі Драчкава.

Адзін з заяўленых пасажыраў на рэйс не прыйшоў.

Сярод загінулых, верагодна, генэральны дырэктар авіякампаніі "С‑Эйр" Марат Рамашкін, паведамляе Інтэрфакс.


Самалёт ВАЕ-125-800 Hawker вылецеў з маскоўскага аэрапорта “Ўнукава”, выконваючы чартэрны рэйс у Нацыянальны аэрапорт Менск у 20.06. У 21.14 на адлегласьці ў 20 км ад аэрапорту і вышыні ў 600 м пілёт самалёта выйшаў на сувязь з дыспэтчарам. Самалёт заходзіў на пасадку значна правей патрэбнага курса, і дыспэтчар накіраваў яго на другі круг, перадае БелТА.

Пры паўторным заходзе на адлегласьці 2 км самалёт заходзіў на пасадку значна лявей узьлётна-пасадачнай паласы. Дыспэтчар зноў хацеў накіраваць самалёт на паўторны круг, аднак сувязь зь ім была згублена.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG