Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня варта, каб Лукашэнка гаварыў па-беларуску. Гэта — прафанацыя”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — дыскусія пра тое, ці справядліва налічваюцца пэнсіі; палеміка — ці загаворыць народ па-беларуску, калі тое зробіць першая асоба ў краіне; размова пра стаўленьне электарату да маючых адбыцца выбараў.

Хвалю званкоў выклікала эмацыйная рэпліка ў мінулай нашай перадачы пра тое, чаму шмат у каго з пэнсіянэраў малыя пэнсіі.

“Выбачайце, трэба было працаваць, мае птушачкі!”

Вось нізка адказаў:

Cпадарыня: “Па голасе чую, што баявая цётка! Ведаем, як зараблялі пэнсіі гэтыя “баявыя”… Зранку ўстануць, аблятуць гэтыя тры работы, па кабінэце начальству памыюць і ў 12 ужо ідуць на базар. А цяпер ганарацца!”

Cпадарыня: “Я рабіла зь дзяцінства, працавалі на зямлі, а потым выгналі ў горад — і там працавала! І мая мама на мяне пісала ўсе працадні свае… У мяне шмат было працадзён: і свае, і маміны. І што — за такую пэнсію я на небе жыву? Прыйшоў Лукаш, далі толькі сваім пэнсію добрую, а нам малую. Вось, хто працаваў, той не атрымлівае. Вось так, гаспадыня, паслухай: ты не працавала, а атрымліваеш”.

Cпадар: “470 тысяч рублёў, бо яна рабіла! За тое, што яна рабіла, ёй плацілі, яна дарма на працу не хадзіла, даражэнькая. Няхай ня брэша на другіх!”

Усё больш актыўна абмяркоўваецца ў тэлефанаваньнях тэма выбараў.

Cпадар: “Гарант Канстытуцыі выступіў з прывычным маналёгам: “Я прыхільнік справядлівых выбараў”. Нават лібэралізацыю абяцае і дадае: “У межах дзейнага закону”. Але ў якія межы зьмяшчаецца такое дзеяньне, як фальсыфікацыя выбараў? У гаранта Канстытуцыі ў гэтым дачыненьні вельмі вольныя ўяўленьні. Таму ягоныя словы даверу не заслугоўваюць”.

Cпадарыня: “Так дапёк сваёй несправядлівасьцю Лукашэнка… Зімой і летам рыюць і рыюць катэджы яго начальнікі, абіраюць нас, і вось зноў будуць цадзіць шампанскае выбарчай перамогі праз губкі. Ну і надакучылі! Хопіць ужо цярпець іх!”

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: “Некалі Лукашэнка казаў, што галасаваньне — гэта ёсьць сьвята. Сьвяты бываюць толькі адзін дзень. Таму папярэдняе галасаваньне — сьвята для фальшаваньня выбараў”.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Ірына Цішкоўская расказвае пра тое, як ставяцца да прэзыдэнцкіх выбараў у яе родных Жыткавічах:

Ірына Цішкоўская
“У асноўным людзі ведаюць пра новую кампанію. І ў асноўным усе кажуць: наверсе застанецца той самы чалавек, які і зараз там камандуе. Пэнсіянэры, тыя іншага ня бачаць і ведаць ня хочуць, таму прагаласуюць так, як ужо галасавалі тры разы. Іншых запужаюць і прымусяць прагаласаваць так, “як трэба”… Але частка ведае: вынікі могуць быць сфальсыфікаванымі. І пра тое людзі таксама гавораць міжсобку. Спрабуеш давесьці — “нешта трэба рабіць!” — адмахваюцца: “А-а-а, усё роўна нічога ня зьменім…” Вось такі на сёньня расклад галасоў. Каб пераламаць тую тэндэнцыю, трэба правесьці вельмі вялікую працу. Аднак, баюся, на тое ня хопіць нават фізычных высілкаў”.

І на заканчэньне — водгук на званок спадарыні Белановіч.

Cпадар: “Грамадзтва загаворыць па-беларуску, калі на мове будзе гаварыць першая асоба”, — кажа яна. Адно невялікае, але істотнае ўдакладненьне: гэтай асобай павінен быць не Лукашэнка, таму што асоба Лукашэнкі выклікае падсьвядомы супраціў ягоным ініцыятывам і нейкую пагарду да тых, хто яму служыць. Як бы ні пнуўся Лукашэнка насіць дарагія строі і гадзіньнікі, ён усё адно застанецца калгасьнікам. Усё, што для яго робіцца, — паказное, у тым ліку і беларусізацыя будзе такой самай паказухай. Мова — гэта мур, і калі будаваць яго разам з Лукашэнкам, шкоды будзе болей, чым ад ягонай русыфікацыі”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG