Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць міжнародных дамоваў і пагадненьняў у рамках стваранага Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі разглядзела сёньня камісія міжнародных спраў і сувязяў з СНД Палаты прадстаўнікоў. Гэтыя акты ўваходзяць у агульны пакет з 13 дакумэнтаў, якія цяпер дэпутаты рыхтуюць да ратыфікацыі. Калі пачне дзейнічаць Мытны саюз і якія нечаканасьці ён можа прынесьці беларускім грамадзянам?

Галоўныя дакумэнты Мытнага саюзу будуць падпісаныя 27 лістапада ў Менску прэзыдэнтамі трох краін. Першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Петрышэнка ўдакладняе:

“Згодна з дамоўленасьцямі Мытны саюз павінен запрацаваць з 1 студзеня 2010 году, з моманту ўвядзеньня ў дзейнасьць Адзінага мытнага тарыфу. З 1 ліпеня 2010 году бакі мусяць забясьпечыць уступленьне ў сілу Мытнага кодэксу, функцыянаваньне мэханізму разьмеркаваньня і залічэньня сумаў увазнога мыта”.

Аднак дагэтуль існуе надзвычай шмат няпэўнасьцяў. Так, дырэктар дэпартамэнту рэгуляваньня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі Аляксей Ліхачоў кажа, што мэханізм залічэньня і разьмеркаваньня мытных плацяжоў яшчэ ня ўзгоднены. “Гэтае пытаньне знаходзіцца ў самым вострым пэрыядзе”, — прыводзіць словы расейскага чыноўніка агенцыя ПРАЙМ-ТАСС.

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах і сувязях з СНД Ігар Карпенка пагаджаецца, што працы яшчэ шмат. І таму яе трэба паскараць:

Ігар Карпенка
“Далейшая праца працягваецца. Мы кансультуемся з нашымі калегамі і лічым, што трэба сынхранізаваць дзейнасьць парлямэнтаў Казахстану, Беларусі і Расеі. Трэба паскорыць падрыхтоўку да ратыфікацыі дакумэнтаў”.

Ужо бачна, што найбольшыя цяжкасьці ўзьнікаюць са сьпісам так званых “адчувальных” тавараў. Беларусь і Казахстан уключылі ў яго па 400 пазыцыяў. Расея сваю лічбу пакуль не называе. Справа ў тым, што кожная з трох краін мае права ўводзіць на найважнейшыя для сябе тавары стаўкі, якія будуць адрозьнівацца ад агульнага мытнага тарыфу.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук ставіцца да гэтага праекту скептычна і называе яго “надзвычай сырым”:

Яраслаў Раманчук
“Невядома, калі будзе адзіная зьнешняя мытная мяжа. Невядома, на які час будуць дзейнічаць асаблівыя памеры мытаў на “адчувальныя” тавары. Таму гэта будзе толькі дэклярацыя. Экспэрты ўпэўненыя, што з 1 студзеня, акрамя дэклярацыяў, мы нічога не атрымаем. Зразумела, што з 1 студзеня гэты саюз не пачне цалкам дзейнічаць”.

Жыхароў Беларусі найперш цікавіць, як саюз “тройкі” адаб’ецца на мыце на ўжываныя легкавыя імпартныя аўтамабілі. Цяпер яно ў Беларусі ў некалькі разоў меншае за расейскае. А што будзе пры пераходзе на агульнае мыта? Сёньня на паседжаньні можна было пачуць: “Гэтае пытаньне яшчэ вырашаецца”.

Ці рызыкне Аляксандар Лукашэнка за год да прэзыдэнцкіх выбараў пагадзіцца на значнае павелічэньне коштаў легкавых аўто? На гэтае пытаньне экспэрт Раманчук адказвае:

“Калі ён дамовіцца ў іншых пытаньнях, найперш пра нізкія кошты на нафту і газ, то ён можа пайсьці і на такі крок. А калі дамовы ня будзе, то навошта яму мяняць адно на другое?”
XS
SM
MD
LG