Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапіс, беларуская мова на БТ і пачатак выбараў ва Ўкраіне


Перапісное тэлешоў Аляксандра Лукашэнкі: для каго і навошта? Тэлебачаньне пераходзіць на беларускую: вяртаньне “разгулу нацыяналізму”? Загадкі ўдзелу Беларусі ў корпусе хуткага рэагаваньня АДКБ. Гэтыя і іншыя тэмы ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода” абмяркоўваюць Алена Ціхановіч, Юры Дракахруст і Аляксей Знаткевіч. Госьць выпуску – аглядальнік украінскай службы нашага радыё Мар'яна Драч.






Ціхановіч: У Беларусі – перапіс насельніцтва, другі за час незалежнасьці. Ён заканчваецца менавіта ў той дзень, калі гэтая наша перадача выходзіць у эфір. Самыя гарачыя палітычныя жарсьці выклікалі напярэдадні перапісу пытаньні пра родную мову і мову хатняга ўжытку. Інтэлектуалы падпісвалі звароты, моладзевыя актывісты ладзілі пікеты, заклікаючы назваць беларускую мову роднай.
Шмат перасьцярогаў выклікала ўдакладненьне пытаньня пра родную мову, якога не было ў ранейшых перапісах: родная мова, засвоеная першай у дзяцінстве. Многія перасьцерагаліся, што ўлады такім чынам імкнуцца атрымаць як мага меней адказаў, што родная мова – беларуская.

Але літаральна напачатку перапісу беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт з адказамі менавіта на пытаньні перапісу пра мову і этнічную прыналежнасьць кіраўніка дзяржавы.

— Вашае грамадзянства?

— Беларус.

— Да якой нацыянальнасьці Вы сябе адносіце?

— Ну канечне ж, беларус, калі вы мяне абралі прэзыдэнтам.

— Ваша родная мова?

— Беларуская. (Пасьля паўзы). Беларуская, руская мова. Для мяне аднолькавыя дзьве мовы.

— На якой мове Вы звычайна размаўляеце дома?

— А па-рознаму — ад беларускай да расейскай. І на трасянцы таксама.

— Тады я ўкажу і тую, і тую...

— А да якой нацыянальнасьці сябе адносіць Мікалай?

— (Лукашэнка сыну) Ты — беларус? Беларус. Малайчынка!..


Чаму гэта было паказана ўсёй Беларусі фактычна на другі дзень перапісу? Гэта ўзор ці сыгнал? А калі сыгнал, то які?

Дракахруст: Наўпрост узор – наўрад ці. Хаця некаторыя перапісчыкі паведамілі нашаму радыё, што калі апытвалі людзей на наступны дзень пасьля паказу па БТ сюжэта пра перапіс Лукашэнкі, то некаторыя на пытаньні пра родную мову і мову хатняга ўжытку адказвалі :”Я – як прэзыдэнт”. Мяркую, што адказы кіраўніка дзяржавы былі надта экзатычнымі нават для Беларусі, каб быць узорам. Але сыгнал у ягоным выступе на мой погляд быў. Бо напярэдадні перапісу былі сыгналы адваротнага кшталту, напрыклад, тое ж удакладненае пытаньне пра родную мову, дасьледаваньне аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта, паводле якога роднай, блізкай мовай назвалі беларускую толькі 37%. Нагадаю на мінулым перапісе – 74%.
Магчыма, Лукашэнку ці некаму зь ягонага атачэньня нарэшце прыйшло ў галаву, што такім чынам улада ў пэўным сэнсе пілуе сук, на якім сядзіць. На карысьць гэтай вэрсіі – самы факт паказу па БТ, як Лукашэнка адказвае на пытаньне перапісу. 10 гадоў таму гэтага не рабілася. А зараз – узьнікла патрэба падаць сыгнал: родная мова беларуская. У прэзыдэнта, які на ёй не гаворыць. Значыць, і ў астатніх, якія нават не гавораць, яна можа быць такой. Лінія памянялася і магчыма раптам, для таго і спатрэбілася такое шоў.

Ціхановіч: У свой час у інтэрвію нашаму радыё Янка Брыль сказаў, што рэцэпт вяртаньня беларускай мовы – гэта ПП, прыклад і прымус. Аляксей, гэты выступ Лукашэнкі – гэта прыклад, прымус ці што іншае?

Знаткевіч: Ну, прымусу я тут ня бачу. Гэта безумоўна прыклад. Я б не пагадзіўся з Юрыем толькі ў тым, што адказы Лукашэнкі былі надта экзатычныя. Насамрэч такі варыянт – "дзьве родныя мовы, дома размаўляю на беларускай, расейскай і трасянцы" магчымы для большасьці беларусаў. У тых ж апытаньнях напярэдадні перапісу толькі 23% адказалі, што ніколі не карыстаюцца беларускай, і толькі 1% – што ніколі не карыстаюцца расейскай. Нават калі чалавек 99 % часу гаворыць па-расейску, ён можа з чыстым сэрцам адказаць, што "размаўляю і на той, і на той, і на трасянцы часам". Іншая рэч, ці тычыцца гэта самога Лукашэнкі, але зноўку ж, у прамовах ён любіць уставіць пару словаў па-беларуску, можа ён і дома Колю кажа, што "гэтыя сьвядомыя тут гвалту хочуць" ці нешта такое.

Ціхановіч: Ізноў жа ў разгар перапісу стала вядомым важнае рашэньне, якое тычыцца як раз моўнай палітыкі. Навіны Першага нацыянальнага тэлеканала і дзяржаўных абласных тэлекампаній сталі выходзіць часткова на беларускай мове. Гэта ўжо было ў нашай найноўшай гісторыі напачатку 90-х гадоў, у часы, які Лукашэнка называў “разгулам нацыяналізму”, калі “рускія сядзелі на чамаданах”. І вось той самы Лукашэнка, які той, так бы мовіць, “разгул нацыяналізму” раздушыў, зараз сам гэты самы “разгул” пачынае. Чаму?

Дракахруст: Ведаеце, нядаўна лябараторыя Новак і Беларускі цэнтар стратэгічных дасьледаваньняў правялі цікавае апытаньне наконт моўна-этнічных асаблівасьцяў грамадзянаў і высьветлілася цікавая рэч: беларуская мова губляе, страчвае сваю ролю як сродак практычнай камунікацыі, гавораць на ёй усё меней, але дзіўным чынам ўзмацняецца яе значэньне, як нацыянальнага сымбаля, нацыянальнага ідэнтыфікатара, як сродак так бы мовіць ідэальнай камунікацыі.
Некалькі гадоў таму ў апытаньні НІСЭПД на пытаньне чым беларусы адрозьніваюцца ад рускіх, больш за ўсё адказаў сабраў варыянт – мовай. Многія не гавораць і не зьбіраюцца нават гаварыць па-беларуску, але лічаць, што мова – гэта іх адметнасьць, што мова павінна быць, што добра было б, каб яе афіцыйны ўжытак быў пашыраны. Як ікона на сьцяне – ня кожны раз на яе памолісься, але павінна вісець. І гэтае сымбалічнае значэньне мовы павялічваецца з кожным годам існаваньня дзяржаўнай незалежнасьці. І гледзячы па ўсім Лукашэнка гэта адчуў. Частковае вяртаньне беларускай мовы на тэлебачаньне – крок насустрач не дзесяткам ці нават сотням тысячаў апантаных прыхільнікаў беларушчыны, а мільёнам беларусаў з іх маўклівым – а павінна быць, хай будзе, паложана.

Знаткевіч: Тут найперш важна памятаць пра кантэкст гэтага вяртаньня мовы на тэлебачаньне. І тое, што вы назвалі "разгулам нацыяналізму", і так званая лібэралізацыя адбываюцца па аднолькавай схеме – як у старым анэкдоце пра рабіна, які спачатку раіць набыць казу і пасяліць яе ў хаце, а потым прадаць, і адразу робіцца лёгка і прыемна жыць. Так, агульнапрызнаных палітвязьняў цяпер нашмат менш, чым два гады таму, але можна ўспомніць часы яшчэ пры Лукашэнку, калі іх не было зусім. Так, вярнулі ў распаўсюд Белсаюздруку і Белпошты некалькі газэтаў, але дзесяць гадоў таму практычна ўсе недзяржаўныя газэты там былі. Тое ж самае з мовай – да прыкладу, на тым жа магілёўскім тэлебачаньні беларускамоўныя выпускі навінаў скасавалі ў 2006 годзе, цяпер вось вяртаюць.

У часы БССР беларуская мова існавала ў гэткім гета ці рэзэрвацыі – былі абмежаваныя сфэры, дзе яна дазвалялася і нават віталася, за часам Лукашэнкі тэрыторыю гэтай рэзэрвацыі зьменшылі. Але ня думаю, што ва ўлады быў намер мову зьнішчаць цалкам – само існаваньне беларускай мовы ўладзе хутчэй патрэбнае – як сымбаль, што недзе ляжыць, і які можна пры патрэбе дастаць і скарыстаць, у тым ліку ў гандлі з Расеяй. Таму адказ на вашае пытаньне – магчыма прыдушылі ўжо дастаткова, каб дазволіць сабе крыху аслабіць хватку.

Ціхановіч: Мовазнаўца Зьміцер Саўка пракамэнтаваў нашаму радыё адказ кіраўніка дзяржавы на пытаньні перапісу наступным чынам “Лукашэнка фактычна скруціў дулю Маскве”. Іншыя казалі, хто пра поўху, хто пра выклік. Перавод дзяржаўнага телебачаньня часткова на беларускую мову – здаецца яшчэ больш істотная ... інфармацыя для роздуму для ўсходняга саюзьніка, скажам так.
На ваш погляд, гэта сапраўды выклік Маскве? А Маскве насамрэч так ужо карціць, каб у Беларусі ўсё было – па-расейску?

Дракахруст: Гэтае меркаваньне даволі распаўсюджанае, маўляў, Лукашэнка плаціць за танныя газ і нафту русыфікацыяй. Я думаю, што для Расеі, для Масквы гэта не такая вялікая прыемнасьць, каб за яе шмат ці хоць што-небудзь плаціць. Маскву клапоціць, па меншай меры, палітычна гэта падаецца так, лёс этнічных рускіх у суседніх краінах і іх моўныя правы. Да таго, каб дайсьці да гэтых правоў, у Беларусі яшчэ вельмі і вельмі далёка. У Беларусі моўная праблема – гэта не праблема рускай мяншыні, якая даволі малая, а праблема рускамоўнай беларускай большасьці. Пагаджуся, расейцам можа і прыемна, што ў Беларусі спрэс гучыць руская мова. Але не настолькі, каб за гэта плаціць, і не настолькі, каб біць у набат з-за невялікага пашырэньня ўжытку беларускай.

Я не выключаю, што мы наагул перабольшваем зацікаўленасьць расейцаў дэталямі жыцьця іх заходніх суседзяў. Я пару гадоў таму глядзеў па расейскім першым канале нейкі прапагандысцкі баявік. І там такая дэталь – самалёт з Масквы ўлятае ў паветраную прастору Беларусі, яго вядуць беларускія ваенныя дыспетчары, якія з экіпажам самалёту гавораць па-руску, а паміж сабой – па-беларуску. Ну у любога чалавека, абазнанага ў беларускай рэчаіснасьці, гэта выклікае горкую ўсьмешку. А чаму людзі ў Маскве павінны ведаць такія дэталі? Ну Беларусь, жывуць там беларусы, як яны там паміж сабой размаўляюць? Ну па-беларуску відаць, як жа яшчэ?

Так што мне падаецца, што гэтыя поўхі, дулі і іншыя высакародныя жэсты існуюць у дадзеным выпадку ў беларускай, а не ў расейскай сьвядомасьці.

Знаткевіч: Я б усё ж не пагадзіўся з Юрыем у пытаньні газу і нафты. Так, мова хутчэй за ўсё ня ёсьць такім прадметам гандлю, як напрыклад ваеннае супрацоўніцтва, якое наўпрост выкарыстоўваецца для абмену на эканамічныя прэфэрэнцыі. Так, наўрад ці на якіх беларуска-расейскіх перамовах нехта кажа: "Мы тут зачынім яшчэ сто школаў зь беларускай мовай навучаньня, а вы ўжо нам за гэта цану на газ не падвышайце". Так, моўная палітыка у значнай ступені залежала ад унутрыпалітычных разьлікаў. Але ў тым ліку і моўная палітыка доўгі час задавала кантэкст эканамічных дамоваў з Расеяй. Пра танны газ і нафту ў часы Ельцына Лукашэнка дамаўляўся сярод іншага і дзякуючы таму, што казаў – мы – расейцы, хай сабе "са знакам якасьці", і ягоныя крокі ў культурнай сфэры пра гэта сьведчылі. Працавала сыстэма апазнаваньня "свой-чужы", і ў гэтай сыстэме Беларусь была больш "свая", чым напрыклад Украіна, у тым ліку і праз мову. А свайму заўсёды можна зрабіць зьніжку.

Юры сказаў пра расейскі фільм, дзе дыспэтчары гавораць па-беларуску, а я памятаю супрацьлеглы прыклад, калі расейская газэта "Известия" пісала пра падзеі ў Львове, і журналіст у артыкуле фактычна абураўся, што калі ён патэлефанаваў у нейкую тамтэйшую ўстанову, чыноўнік размаўляў зь ім па-украінску. Гэта выклікала ў яго дыскамфорт.

Таму мова была і ёсьць часткай міждзяржаўнага гандлю. Іншая рэч, што цяперашняму кіраўніцтву Расеі, выглядае, даўно ўжо мала такіх доказаў "свойскасьці".

Ціхановіч: Ну і нарэшце, навіна нібыта з зусім іншай сфэры. На гэты тыдні Аляксандар Лукашэнка падпісаў пакет дакумэнтаў па стварэньні корпусу сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. Сакратарыят арганізацыі паведаміў, што атрымаў адпаведныя дакумэнты з аўтографам беларускага кіраўніка. Праўда, пагадненьне яшчэ падлягае ратыфікацыі беларускім парлямэнтам. Аднак зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін чыньнік: напрыканцы мінулага тыдня ў Казахстане адбыліся манэўры гэтых самых сілаў хуткага рэагаваньня АДКБ, на вучэньнях прысутнічалі прэзыдэнты краінаў, што ўваходзяць у дамову, акрамя ўзбэцкага лідэра Іслама Карымава і Лукашэнкі. Беларусь на вучэньнях прадстаўляў міністар абароны Леанід Мальцаў з невялічкай групай афіцэраў. Пазыцыя Карымава зразумелая: ён мае наконт удзелу Узбэкістану ў гэтым супольным корпусе прынцыповыя пярэчаньні, пагадненьне аб ім не падпісвае і адпаведна на вучэньні гэтага корпусу ня едзе. А вось пазыцыя Лукашэнкі больш складаная: як высьвятляецца, пагадненьне ён падпісаў у мінулы чацьвер, 15 кастрычніка, але на вучэньні не паехаў і ніякага вайсковага кантынгенту на іх не даслаў. На ваш погляд, што азначаюць гэтыя дзіўныя манэўры – я маю на ўвазе не вайсковыя, а палітычныя?

Дракахруст: Ну, магчыма была вылучаная фармальная прычына, маўляў, пагадненьне Беларусь падпісала, але яшчэ не ратыфікавала, войскі дасылаць на вучэньні неяк заўчасна, а бяз войскаў Лукашэнку ехаць нязручна, ўсе астатнія прэзыдэнты са сваім батал’онамі ці ротамі, а беларускі прэзыдэнт – з адным Мальцавым. Магчыма, так і тлумачылі, але мяркую, што па сутнасьці гэта дэманстрацыя – падпісаць-та мы падпісалі, а вось кідацца нават на вучэньні, ня кажучы ўжо пра нешта больш сурьёзнае – не дачакаецеся. Гэта як з Белтрансгазам было – падпісалі дамову, што прададзім пакет акцыяў, а як дайшло да справы, то мы ж пра цану дамовы не падпісвалі. Так і тут: пагадненьне падпісалі, юрыдычную перашкоду на шляху стварэньня корпусу прыбралі, нават 5 тысяч салдатаў у корпус выдзялілі, знай нашых, агромністая Расея дык толькі 8 тысяч наскрабла, а Казахстан, які ў паўтара разы болей за Беларусь – наагул 4 тысячы. А вось наконт пасылаць гэтых салдат кудысьці – калі ласка, вось у нас Леанід Мальцаў ёсьць, адзін дывізіі варты. Але ж падпісалі. Як абяцалі. Гандаль працягваецца.

Ціхановіч: І напрыканцы – пытаньні па тэме, зь якой мы пачалі: пытаньні перапісу пра родную мову і мову хатняга ўжытку. Ваш прагноз лічбаў.

Дракахруст: Я мяркую, што колькасьць тых, хто назаве беларускую роднай, магчыма, застанецца на ранейшым узроўні – 74%, магчыма павялічыцца адсоткаў да 10 доля тых, хто пазначыць дзьве родныя мовы – беларускую і рускую. А вось колькасьць тых, хто сказаў, што гаворыць дома пераважна па-беларуску, думаю паменшыцца, але мне цяжка сказаць, наколькі значна.

Знаткевіч: Я б пагадзіўся зь Юрыям з адным удакладненьнем. З таго, што мы чуем і назіраем, з таго, што людзі расказваюць, як адбываецца перапіс рэальна, перапісчыкі часам пішуць рускую і роднай і мовай хатняга ўжытку не пытаючыся, нават незалежна ад таго, на якой мове чалавек размаўляе з перапісчыкам. Тут важныя і ўмовы, ў якіх адбываецца перапіс, які вельмі падобны да рэфэрэндуму. Я згодны ў тым, што гэтым разам, калі дазволяць запісваць дзьве мовы як родныя, адсотак людзей і з беларускай, і з расейскай будзе большы, чым на мінулым перапісе.

Ціхановіч: Наколькі слушныя прагнозы ўдзельнікаў нашай перадачы – даведаемся пасьля падвядзеньня вынікаў перапісу.
А да тае пары – не выключайце Белсат.

Ціхановіч: Тыдзень з Радыё Свабода. Далей у нашай праграме

Чаму Лукашэнку з нецярплівасьцю чакаюць у Кіеве?

Ці адбудзецца альянс паміж Менскам і Кіевам?

Пачатак прэзыдэнцкай кампаніі ва Ўкраіне: козыры палітычнай калоды



Да нас з Юрыем Дракахрустам далучылася наша госьця, аглядальнік украінскай службы нашага радыё Мар'яна Драч.
На гэтым тыдні Менск наведаў новы міністар замежных справаў Украіны Пятро Парашэнка. Адной з тэмаў ягоных гутарак ў Менску была падрыхтоўка візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў, ён адбудзецца, як было паведамлена ў першай палове лістапада. “Мы чакаем яго з нецярплівасьцю” – сказаў украінскі госьць.

Пасьля перамогі “памаранчавай” рэвалюцыі і прыходу да ўлады Віктара Юшчанкі Лукашэнку ў Кіеве неяк не чакалі. А зараз чакаюць, ды яшчэ, як высьвятляецца, з нецярплівасьцю. Чаму?

Драч: Нецярплівасьць зьвязаная з набліжэньнем выбараў. Віктару Юшчанку хочацца завершыць сваё прэзыдэнцтва зьнешнепалітычным посьпехам, і як яму здаецца, такі шанец адкрыўся ў Менску. Акрамя таго, у Кіеве нават найбольшыя эўрарамантыкі ўсьведамляюць, што Украіна няхутка стане сябрам Эўразьвязу. Таму трэба разьвіваць рэгіянальнае супрацоўніцтва, асабліва з улікам наяўнасьці такога моцнага суседа, як Расея. У Кіева таксама лічаць, што спробы экспартаваць дэмакратыю ў Беларусь праваліліся зь вялікім трэскам. Зараз на берагах Дняпра ў модзе прагматызм. Варта таксама адзначыць, што пацяпленьне ў адносінах Менску з Кіевам адбываецца ўжо пасьля пацяпленьня адносінаў Менску з Эўразьвязам. Так што і тут Украіна ня ёсьць рэвалюцыянэркай, яна ў рэчышчы агульнаэўрапейскай палітыкі.

Дракахруст: Праблемай у двухбаковых адносінах застаецца дамова аб дзяржаўнай мяжы. Беларусь дагэтуль не ратыфікавала адпаведную дамову, матывацыя – неўрэгуляванасьць пытаньня з украінскім доўгам, які ўтварыўся ў першай палове 90-х, і які паводле падлікаў беларускага боку складае дзесяткі мільёнаў даляраў. Кіеў заяўляе, што гэта доўг не ўкраінскай дзяржавы, а прыватных кампаніяў, зь іх, маўляў, і спаганяйце. Пазыцыя Менску: няма грошай – няма ратыфікацыі. Гэты славянскі братэрскі пат цягнецца ўжо больш за 10 гадоў. Спадар Парашэнка ў Менску казаў пра нейкую гатоўнасьць бакоў да сустрэчных крокаў. А што кажуць на гэты конт у Кіеве, ці ёсьць сьвятло ў канцы гэтага тунэлю?

Драч: Сьвятло ў канцы тунэлю безумоўна бачаць. Але поўнай, стоадсоткавай упэўненасьці , што беларускі парлямэнт ратыфікуе дамову пра мяжу, няма. Я аналізавала заявы кіеўскіх і менскіх палітолягаў на гэтую тэму і магу падсумаваць, што ва ўкраінскай сталіцы больш асьцярожныя ў прагнозах. Усё ж такі гэтая праблема не вырашаецца 12 гадоў. Веры аптымістам надае і тое, што калі б шанцы на вырашэньне былі малыя, то навошта тады было запрашаць спадара Лукашенку ў Кіеў. Ды і, нарэшце, што такое тыя дзясяткі мільёнаў даляраў, пра якія кажуць у Менску, калі адкрываюцца значна больш шырокія магчымасьці эканамічнага супрацоўніцтва, якія “пераплюнуць” гэтую лічбу.

Ціхановіч: Сумесны дэмарш прэзыдэнтаў Лукашэнкі і Юшчанкі з крытыкай Расеі – далёка ня першы прыклад супрацоўніцтва двух лідэраў. Можна прыгадаць, як на саміце ў Празе, калі ўтваралася Ўсходняе партнэрства Віктар Юшчанка заявіў нашаму радыё, што ён шкадуе, што на саміце няма Лукашэнкі. Экспэрты ў Беларусі, Ўкраіне і ў Расеі, хто з надзеяй, хто з жахам, малююць схемы сумесных эканамічных праэктаў, а тое і магчымага стратэгічнага супрацоўніцтва, альянсу для супрацьстаяньня расейскаму ціску. Наколькі рэалістычнымі Вам уяўляюцца гэтыя праекты?

Вось Лукашэнка падчас сустрэчы зь міністрам Парашэнкам заявіў, што разьвіцьцё беларуска-ўкраінскіх стасункаў нікому ня шкодзіць, і дарэмна гэта “некага пачынае хваляваць”. А можа і сапраўды дарэмна?

Драч: Існуюць і цалкам рэалістычныя праекты. Скажам, супольнае разьвіцьцё нафтаправоду “Адесса-Броды”, які будавалі для таго, каб транспартаваць касьпійскую нафту ў Эўропу, ёсьць і інфраструктурныя праекты. Украіна абяцае павялічыць закупкі беларускай тэхнікі. Чаму не? Украіна і Беларусь разам кантралююць транзыт расейскага газу і нафты ў Эўропу, таму ў іх інтарэсах дамаўляцца, ў прыватнасьці, пра цэны. Але сапраўднае выпрабаваньне новай дружбы і даверу наперадзе. І ў Кіеве, і ў Менску добра памятаюць, як паводзілі сябе суседзі падчас папярэдніх канфліктаў. Калі Масква перакрывала газавы вэнтыль Украіне, то Беларусь прапанавала павялічыць транзыт энэрганосьбітаў празь яе тэрыторыю. Але і Ўкраіна рабіла тое самае, калі Масква перакрывала газ Беларусі. Таму, наколькі дарэмныя хваляваньні Масквы , мы ўбачым падчас наступнага канфлікту, ці будзе салідарнасьць паміж Кіевам і Менскам на справе, а ня толькі на словах.

Дракахруст: За апошнія гады Ўкраіна зьведала шмат палітычных выпрабаваньняў. Але на гэтым тыдні там пачалася хіба не галоўная палітычная кампанія пяцігодзьдзя – прэзыдэнцкія выбары. Паводле Канстытуцыі прэзыдэнт Украіны – фігура менш паўнаўладная, чым яго беларускі ці расейскі калега, тым ня менш гэтая пасада застаецца цэнтрам палітычнай сыстэмы і галоўным прызам для палітыкаў. Хто выйшаў на старт, хто рэальныя кандыдаты, вакол якіх тэмаў будуць ламацца перадвыбарчыя дзіды?

Драч: Паводле дадзеных сацыёлягаў, найбольшыя шанцы сесьці ў прэзыдэнцкае крэсла мае цяперашні апазыцыянэр, лідэр Партыі Рэгіёнаў Віктар Януковіч, ад яго адстае цяперашні прэмьер Юлія Цімашэнка. На трэцім месцы малады, 35-гадовы палітык Арсені Яцэнюк. Няглядзячы на ўзрост, ён ужо быў і сьпікерам парлямэнту, і міністрам замежных справаў і эканомікі. У цяперашняга прэзыдэнта Віктара Юшчанкі шансаў атрымаць прэзыдэнцкую булаву практычна няма.

Хаця афіцыйна кампанія стартавала на гэтым тыдні, Украіну ўжо колькі месяцаў запаланіла палітычная рэкляма. Паплечнікі Януковіча ў парлямэнце пралябіявалі падвышэньне сацыяльных стандартаў. Урад называе гэта “ядзернай бомбай”, якая падкладзена пад украінскую эканоміку. Але спадар Януковіч з плякатаў абяцае паклапаціцца пра кожнага.

Юлія Цімашэнка пераконвае ўсіх з бігбораў і тэлеэкранаў, што яна працуе. Яна працуе, а яны перашкаджаюць, яна працуе, а яны перашкаджаюць. На гэта ўжо зьявілася антырэкляма – яна працуе, а Ўкраіна галадае. Былы сьпікер Арсені Яцэнюк абраў колерам рэклямнай кампаніі вайсковае хакі і зараз робіць жорсткія заявы. Калі ў яго кінулі яйкамі на адным мітынгу, ён паабяцаў узяць за яйцы нападнікаў. Гавораць, што рыторыку крутога хлопца яму падказалі расейскія паліттэхнолягі, якіх ён замоваў, але гэта дае адваротны вынік, бо ўкраінскі мэнталітэт адрозьніваецца ад расейскага.

Але пачатак выбарчай кампаніі адзначыўся сэксуальнымі скандаламі. Ва Ўкраіне не ламаюцца дзіды вакол таго, як выцягнуць эканоміку з крызысу ці як жыць у новых гэапалітычных абставінах. Але вельмі падрабязна абмяркоўваецца, ці датычная група дэпутатаў Вярхоўнай Рады да пэдафіліі, да разбэшчваньня дзяцей у Артэку. І гэта відаць не апошні бруд у гэтай кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG