Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Маршрут свабоды

Вёскі Семежава, Грозава (Капыльскі раён) — вёска Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) — горад Слуцак
На гэтым мэмарыяльным маршруце нацыянальна-дэмакратычная грамадзкасьць з 1992 году штогод у лістападзе ўшаноўвае памяць герояў Слуцкага збройнага чыну — народнага паўстаньня супраць бальшавіцкай улады і за незалежнасьць Беларусі.

Восеньню 1920 году Случчына апынулася ў нэўтральнай зоне, паміж Польшчай і Расеяй. Зьезд Случчыны ў доме Вайніловіча (цяпер — Слуцкі краязнаўчы музэй) абвясьціў уладу БНР, і сялянскія вайсковыя часткі 26—27 лістапада ўступілі ў баі з Чырвонай арміяй, баронячы сваю волю і незалежнасьць.

Упершыню ўгодкі Слуцкага збройнага чыну ў Беларусі сьвяткавалі ў 1991 годзе ў Доме літаратара. У канцы вечарыны ўсіх вядомых змагароў назвалі пайменна.

З таго часу дэмакратычная грамадзкасьць пачала адзначаць Дзень герояў 27 лістапада ў Слуцку і іншых вёсках, дзе фармавалася войска і адбываліся баі з бальшавікамі. Прафэсар гісторыі Анатоль Грыцкевіч лічыць гэта вельмі важным для разуменьня свабоды ў сучаснай Беларусі:

“Гэта быў апошні акорд вайны за незалежнасьць у 1920 годзе. Ён паказаў усяму сьвету, што тагачасныя беларусы не згаджаліся з падпарадкаваньнем ні Расеі, ні Польшчы, а стаялі за незалежнасьць. Незалежнасьць была асноўнай ідэяй Слуцкага збройнага чыну. І таму мы павінны яго ўспамінаць, і найперш — вучыць яму моладзь. У школах гэтую тэму замоўчваюць, пачалі пазьбягаць яе апошнім часам і ва ўнівэрсытэтах. Хаця частка моладзі ведае пра гэты чын, і моладзевыя нацыянальныя арганізацыі сьвяткуюць гэту дату”.

З пачатку 1990-х гадоў Беларускі Народны Фронт пасьпеў паставіць на месцах змаганьняў тры крыжы, — кажа кіраўнік сэкцыі “Мэмарыял” Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык. І ён спадзяецца,

“што колькасьць мэмарыяльных знакаў, зьвязаных з Слуцкім збройным чынам, будзе павялічана, а іх ужо цяпер можна было б паставіць дзясяткі. Але ж для гэтага патрабуецца спрыяньне ўлады, якога абсалютна няма”.


Штогод у лістападзе дэмакратычныя актывісты ладзяць вандроўкі па мясьцінах змаганьня герояў Слуцкага збройнага чыну, дзе ля крыжоў памяці ўскладаюць кветкі і разгортваюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Узьнікла і новае пачынаньне “Моладзі БНФ”: там новыя сябры арганізацыі прысягаюць на вернасьць Беларусі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG