Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі з глыбінкі ня цэняць здароўе – не да яго…”


Ірына Цішкоўская

Ірына Цішкоўская

Грамадзкі рэдактар новага тыдня – лекар Ірына Цішкоўская з Жыткавічаў. Яна загадвае дзіцячым аддзяленьнем у мясцовай паліклініцы. Сябра КХП-БНФ.

Цішкоўская: Канечне, працы ў нас хапае: можна і на паўтары стаўкі, і зь нейкімі яшчэ падпрацоўкамі, зь дзяжурствамі ўдзень і ўноч…

Карэспандэнт:
І колькі за ўсё гэта вашыя калегі атрымліваюць, калі не сакрэт?

Цішкоўская: У маладых спэцыялістаў аклад 400 тысяч. У мяне – з амаль 25-гадовым стажам, з участковасьцю, загадваньнем, з паўтара стаўкамі набягае да паўтара мільёна.

Карэспандэнт: Малавата за хіба ці ня добрыя паўсутак працы штодня, аднак жа ніхто асабліва й ня скардзіцца?

Цішкоўская: Як амаль абурана казаў на сустрэчы з калектывам колішні старшыня райвыканкаму, “вы ж у параўнаньні зь іншымі нармальна атрымліваеце, грэх скардзіцца, і так усё цудоўна!”
У нас і маці, і дзеці харчуюцца няправільна, бедна

Карэспандэнт: А “іншыя” – працаўнікі раёну – пад тысяч 500-700 маюць за месяц?

Цішкоўская: Якое там! 200-300 тысяч добрым заробкам лічыцца…

Карэспандэнт: Чытаў на нацыянальным мэдычным сайце вашыя парады маладым маці, дзе адным зь першых пунктаў – правільнае харчаваньне. Але з такімі грашыма наладзіць яго нерэальна?

Цішкоўская:
Канечне, немагчыма… У нас у выніку і маці, і дзеці харчуюцца няправільна, бедна.

Карэспандэнт: Адсюль і такая высокая захворваемасьць?

Цішкоўская: І хварэюць шмат, і паміраюць многа… Дарэчы, дзіцячая сьмяротнасьць у Гомельшчыне самая высокая па краіне. Ну, а наш раён у вобласьці сярод найгоршых у гэтым пляне…
Дзіцячая сьмяротнасьць у Гомельшчыне самая высокая па краіне. Ну, а наш раён у вобласьці сярод найгоршых у гэтым пляне

Карэспандэнт: Адбіваецца суседзтва Чарнобылю?

Цішкоўская: Такі стан рэчаў быў і да аварыі. Разумееце, Палесьсе: цяжкадаступныя вёскі, мала мэдычна-кансультацыйных цэнтраў, да іх складана дабірацца… Плюс тыя самыя заробкі… Хоць і наступствы выбуху скідваць з рахункаў нельга: забываюцца пра небясьпеку радыяцыі, ня кажуць пра яе напоўніцу.

Карэспандэнт: Адчуваеце як мэдык небясьпечнасьць таго маўчаньня?

Цішкоўская: Ня маю дастаткова фактаў, каб сказаць, што на сёньня гэта актуальнейшая праблема ў нас, чым усе астатнія, якія ўплываюць на стан здароўя.

Карэспандэнт: …А сярод іх, напэўна, тое самае традыцыйнае п’янства?

Цішкоўская: Так, гэта вельмі страшная бяда. П’юць хоць бы таму, што няма працы, а безь яе – грошай, як жа не стае іх, чалавек у роспачы, губляецца. Адна з маіх пацыентак прызналася нядаўна: перастала піць, дык схапілася за галаву – Божухна, як жыць, карміць дзяцей, дзе хоць нешта ўзяць, знайсьці, каб выжыць… А так выпіў – і праблемаў няма! Бутэлька для тутэйшых – своеасаблівы антыдэпрэсант, антыстрэсавы фактар, во як! Небясьпечны, бо алькаголь вельмі хутка зацягвае, і тады тое самае здароўе абсалютна абясцэньваецца, яно ўжо абсалютна нічога не каштуе. Гэта бяда для ўсёй нацыі.

Карэспандэнт: Чытаў вашыя прафіляктычныя матэрыялы – яны на чысьцюткай беларускай мове. Вы пастаянна на ёй размаўляеце?

Цішкоўская: Дакумэнты мусім пісаць па-расейску, а размаўляем па-тураўску…

Карэспандэнт: Прыбядняецеся, спадарыня Ірына: чуў пра вашую спробу літаральна беларусізаваць паліклініку?

Цішкоўская: Ну так – пераклала на мову ўсе нашыя шыльды, абвесткі, даведачную інфармацыю…
Бутэлька для тутэйшых – своеасаблівы антыдэпрэсант, антыстрэсавы фактар

Карэспандэнт: Не касавурыліся за гэта на вас?

Цішкоўская: Часам чуеш: “Што яна дазваляе сабе?!” Аднак стаю на сваім. Што да наведвальнікаў, то яны да мовы проста цудоўна ставяцца: як загаворыш – у большасьці адказваюць толькі на матчынай.

Карэспандэнт: Лягічны пераход да наступнай тэмы: вы сябра КХП-БНФ, так?

Цішкоўская: Нас тут некалькі чалавек з партыі Зянона Пазьняка. Зь пяці пара засталася больш-менш актыўных. Іншых вінаваціць ня маю права: расчароўваюцца людзі ў неэфэктыўнасьці нашай працы, што ўсё роўна нічога не дабіліся…

Карэспандэнт:
Жыткавічы… Тут, дзе для большасьці галоўнае “чарка ды шкварка”, актывістам куды цяжэй, чымсьці ў Менску або Гомелі?

Цішкоўская: Ну, гэта перабольшаньне. Бо якая ўжо ў нас праца? Зь людзьмі імкнемся адмыслова гаварыць на простыя тэмы, жыцьцёвыя, расказваць звычайную праўду. Яе чэрпаем з вашага Радыё, Нашай Нівы. Ну, літаратуру раздаем, выступаем у ролі назіральнікаў пад час важных акцый… Звычайная праца. Галоўнае – не баяцца. Хоць большасьць менавіта баіцца. За свае месцы. За дзяцей. За заробкі.

Карэспандэнт: Ну, а ў вас адкуль сьмеласьць?

Цішкоўская: Якая там мужнасьць! Проста… Ой, як тое выказаць… Разумееце, несправядлівасьць жыцьця такая відавочная, што яе папросту немагчыма трываць. Па-другое, я – маці і хачу, каб мае дзеці жылі па-іншаму.

Карэспандэнт: Ладна, пераходзім да лірычнага: якая кніжка ў вас зараз на паліцы?
Несправядлівасьць жыцьця такая відавочная, што яе папросту немагчыма трываць.

Цішкоўская: Не паверыце: “Жыцьцё старца Опцінскай пустэчы”. Паралельна чытаю апошнія нумары “Дзеяслова”, вельмі люблю яго.

Карэспандэнт: І музыку слухаеце такую самую – сур’ёзную?

Цішкоўская: Люблю джаз, блюз, “Бон Джові” ў мяне зараз стаіць… Як прыбіраю ў хаце – адпачываю цудоўна пад Луі Армстронга.

А ведаеце, што яшчэ мяне радуе і падтрымлівае? Праца зь дзеткамі. Яны такія непасрэдныя, чысьценькія, сьветлыя... Ладна, хай ня ўсе, але ў асноўным менавіта так. І ад гэтага маеш фантастычны зарад бадзёрасьці!

Карэспандэнт: Напэўна, яшчэ больш настрой падымаюць вашыя ўласныя дзеці?

Цішкоўская:
Так, яны ў мяне пяцікурсьнікі. Сын у Гомелі ў пэдагагічным, а дачка ў Менску ў эканамічным унівэрсытэце. Толькі прозьвішча ў іх іншае: Атакулавы. Мо чулі пра Люду Атакулаву з “Маладога Фронту” – мая дачка…

Карэспандэнт:
Сын таксама блізкі да палітыкі?

Цішкоўская:
Не, гэты да спорту. І мяне заўзятаркай зрабіў.

Карэспандэнт:
Лаўлю на слове: Эўралігу з БАТЭ глядзелі?

Цішкоўская:
А як жа! Так перажывала!.. Хоць гульня й не зусім спадабалася, сказаць па праўдзе, чакала большага, як і іншыя, але ж – маем вынік!

Карэспандэнт:
Дык атрымліваецца, што ў нас ва ўсіх і ва ўсіх сэнсах шанец на перамогу – ёсьць?

Цішкоўская: Будзем спадзявацца… Ды што там – канечне ёсьць! Павінна так быць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG