Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня споўнілася б 50 аднаму са стваральнікаў першага нефармальнага літаратурнага аб’яднаньня “Тутэйшыя” Анатолю Сысу. Ужо больш за чатыры гады яго няма сярод жывых. За гэты час адны ягоныя прыхільнікі пасьпелі далучыць паэта да нацыянальнага Пантэону, іншыя працягваюць шукаць прычыны ягонага трагічнага лёсу. Трэція ж зьбіраюць параскіданыя паэтавы творы і выдаюць ягоныя кнігі.

ФОТАГАЛЕРЭЯ

Паэтка Вольга Куртаніч вучылася з Анатолем Сысом у Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце. Яна згадвае, як моцна вылучаўся малады паэт сярод астатніх студэнтаў, што пачыналі сябе сьцьвярджаць у літаратуры.

“Нам, студэнтам 80-х Гомельскага ўнівэрсытэту пашчасьціла. Пашчасьціла, што сярод нашых паэтаў і празаікаў вылучаўся Анатоль Сыс, чалавек, за якім хацелася цягнуцца і з кім хацелася параўноўваць сваю творчасьць. Памятаю, калі мы ўсе ўжо выйшлі з унівэрсытэту дыплямаванымі і Анатоль прыехаў на працу ў Менск, тут адбывалася тое ж самае. Народ творчы адразу абраў яго за куміра. У яго была вялікая харызма, моцны характар, магутны творчы хрыбет і выдатны творчы трамплін. Хацелася б верыць, што памяць пра Анатоля захаваюць ня толькі тыя, хто яго ведаў, але і тыя, хто толькі-толькі знаёміцца з творчасьцю Сыса”.

Кніга выбраных вершаў Анатоля Сыса “Алаіза”, якая выходзіць да юбілейнай даты, якраз адрасаваная тым, хто ў свой час разьмінуўся зь яго прыжыцьцёвымі зборнікамі “Агмень”, “Пан Лес” і “Сыс”. “Алаіза” выходзіць, дзякуючы рупнасьці літаратуразнаўцы, праваабаронцы і сябра паэта з 1979 году Алеся Бяляцкага.
У яго была вялікая харызма, моцны характар, магутны творчы хрыбет і выдатны творчы трамплін

“Да нас у групу першакурсьнікаў зайшоў хлопец са старэйшага курсу зь бялявымі валасамі, з трохі вырачанымі вачыма, які абвясьціў, што запрашае ўсіх паэтаў на літаратурную суполку “Крыніца”, якая была пры Гомельскім унівэрсытэце. На гэтых пасяджэньнях “Крыніцы” мы пазнаёміліся з Анатолем значна бліжэй. Ён быў увесь пагружаны ў беларускую паэзію. Культавымі паэтамі для яго тады былі Алесь Разанаў і Уладзімер Някляеў. Ён вучыўся ад іх, ён спрабаваў экспэрымэнтаваць сам. Што мяне асабліва моцна ў ім уражвала і аказала вялікі ўплыў – гэта ягоная надзвычайная працавітасьць. Калі ён загараўся нейкай ідэяй, нейкай тэмай і пачынаў пісаць, то для яго тады ўжо проста нічога не існавала. Ён хадзіў з нататнікам і асадкаю па інтэрнаце і бясконца прагаворваў розныя варыянты радкоў. Мы ўсе падпітваліся той творчай станоўчай энэргіяй, якая сыходзіла ад Анатоля”.

Сёньня ў Менску ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры, у Гомелі ў прыватным доме на вуліцы Палескай, 52 і ў цэнтральнай раённай бібліятэцы Рэчыцы пройдуць вечары, прысьвечаныя 50-годзьдзю Анатоля Сыса. А 31 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў на Гомельшчыне пройдзе вялікі літаратурны фэст, у часе якога на сьцяне роднай хаты паэта будзе адчыненая мэмарыяльная
шыльда.

Што рыхтуюць часопісы і газэты да юбілею Анатоля Сыса?

  • “Дзеяслоў”, №42.Анатоль Сыс. “Уздых паэзіі і стогн малітвы...” Да 50-годдзя з дня нараджэньня. Ён быў вялікім паэтам. Прадмова Алеся Бяляцкага
  • Анатоль Сыс. “Самыя дарагія лісты для мяне вельмі рэдкапрыходзяць ад вас...” Выбраныя лісты з перапіскі з сябрамі. Вершы з лістоў Анатоля Сыса.
  • “Роднае слова”, №9, 2009.Несумненную цікавасць чытачоў выкліча матэрыял Я. Гарадніцкага пра жыццё і творчасьць Анатоля Сыса да 50 гадовага юбілею паэта.
  • “Народная Воля”, 23 кастрычнікаАртыкул пра паэта. Вершы-прысвячэнні паэту.
  • “Літаратура і мастацтва”, 31 кастрычніка.Артыкул Янкі Лайкова, іншыя матэрыялы, прысвечаныя Анатолю Сысу
  • “Літаратурная Беларусь”, №39Успаміны сяброў, вершы, анатацыі да новых кніг, прысвечаных А. Сысу.
  • Радыё Свабода. Дом літаратара.Сяржук Сыс пра Анатоля Сыса

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG