Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская партыя аб’яднаных левых “Справядлівы сьвет” – так надалей будзе называцца апазыцыйная Партыя камуністаў Беларуская. Рашэньне пра перайменаваньне прынялі ў Менску дэлегаты пазачарговага зьезду партыі.

Рашэньне аб зьмене назвы партыі прымалася цяжка. Некаторыя дэлегаты, асабліва сталага ўзросту, казалі, што ім вельмі балюча разьвітвацца са словам “камуністычная”. А некалькі дэлегатаў на знак пратэсту нават пакінулі зьезд.

Аднак бальшыня выступіла за тое, што партыя павінна стаць на шлях мадэрнізацыі. Падчас дэбатаў прыводзілі шмат прыкладаў таго, што менавіта трыманьне за камуністычнае мінулае адштурхоўвае патэнцыйных сябраў партыі.

Для зьмены назвы патрэбна было набраць як найменей 82 галасы дэлегатаў. І вось старшыня мандатнай камісіі Зьміцер Яненка аб’яўляе:

“Колькасьць галасоў, якія падалі за новую назву партыі – “Беларуская партыя аб’яднаных левых “Справядлівы сьвет” – 89.”

Што зьменіцца цяпер у дзейнасьці партыі? На гэтае пытаньне адказвае лідэр Сяргей Калякін:

“Партыя павінна працаваць. І сёньня пра гэта шмат казалася. Партыя павінна працаваць зь людзьмі, гаварыць зь імі пра тыя праблемы, якія турбуюць гэтых людзей. Не пра нейкія голыя абстракцыі, а пра крызіс, пра матэрыяльнае становішча людзей, пра наяўнасьць альбо адсутнасьць працы, пра магчымасьць вучыцца і г.д. Вось з гэтым і трэба ісьці да людзей. Трэба пераканаць іх у тым, што, калі яны самі ня будуць абараняць свае правы, то нічога ня будзе. Ніякая партыя, ні зь якой назвай, правы людзей не абароніць. Яна можа іх неяк артыкуляваць, яна можа даць магчымасьць арганізавацца людзям. Аднак наша істотная задача ў тым, каб мы паднялі людзей на абарону сваіх уласных правоў”.

Партыя камуністаў Беларуская (а гэта назва захаваецца за ёй афіцыйна, пакуль Міністэрства юстыцыі не прызнае зьмены ў статут партыі) фактычна захавае сваю сымболіку. Партыйным застанецца чырвоны сьцяг зь сярпом і молатам, а таксама зоркай. Толькі замест ПКБ зьявіцца назва “Справядлівы сьвет”.

Журналісты, якія асьвятлялі сёньняшні форум, найперш зьвярнулі ўвагу на тое, што ў новай назьве фігуруюць словы “аб’яднаныя левыя”. З гэтай нагоды я спытаў Аляксандра Бухвостава – старшыню аргкамітэту ў стварэньні Беларускай партыі працоўных, ці не зьбірацца ягоная партыя аб’яднацца з калякінцамі. У адказ прагучала:

“Мы ня кажам, што адбудзецца мэханічнае аб’яднаньне. Пытаньне стаць пра тое, каб мы працягвалі збліжэньне нашых партыяў і працягвалі ўзаемную падтрымку. То бок адзінства ў дзеяньнях. І, зразумела, ідэалягічная сумяшчальнасьць. Бо мы сябе пазыцыянуем як арганізацыя рабочага руху. А вось ці будзе сябе “Справядлівы сьвет” прадстаўляць як партыя рабочага руху? На гэта яшчэ трэба паглядзець”.












Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG