Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубскаму нельга чытаць у калёніі Якуба Коласа


Адвакат Павал Сапелка сустрэўся з Мікалаем Аўтуховічам. Што паведамляе Уладзімер Асіпенка пра сьледчыя дзеяньні адносна сваёй справы? Арцёму Дубскаму дазволілі патэлефанаваць дадому. Чаго дамагаецца галадоўкай Бізнесовец Андрэй Бандарэнка?

Мікалай Аўтуховіч
23 кастрычніка адвакат Павал Сапелка наведаў у менскім сьледчым ізалятары прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, якога з 8 лютага трымаюць за кратамі паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. “Пачуваецца ён па-ранейшаму, горш ня стала, але і асаблівага прагрэсу няма. Дагэтуль выходзіць з галадоўкі”, -- кажа Павал Сапелка пра Мікалая Аўтуховіча.

Справу свайго падабароннага адвакат не камэнтуе, спасылаючыся на забарону сьледзтва. Пры гэтым Павал Сапелка адзначае, што сьледзтва цягнецца ужо восьмы месяц, а выніку ўсё няма.

“Нельга бясконца падаўжаць тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня. Лепш сумленна прызнаць, што доказаў віны Аўтуховіча як не было, гэтак і няма”, -- сказаў Павал Сапелка. Адвакат не выключыў, што сьледзтва “чакае з’яўленьня нейкага новага сьведкі, які дасьць паказаньні супроць Мікалая Аўтуховіча і Уладзімера Асіпенкі”.

Уладзімер Асіпенка
Дачка Асіпенкі Людміла паведаміла, што з удзелам яе бацькі гэтак і не было праведзена ніводнага сьледчага дзеяньня пасьля таго, як 8 кастрычніка сьледзтва зноў падоўжылі. Дачка вязьня спасылаецца на ягоныя лісты з ізалятару.

“Як 8-га чысла прынесьлі прадленьне, дык ніхто ніводнага разу не прыходзіў: ані сьледчыя, ані адвакат, ані апэратыўнікі.”

Паводле Людмілы Асіпенкі, яе тата не скардзіўся на здароўе, а таксама на умовы ў ізалятары. “Напісаў, што у камэры 24 градусы цяпла, што ледзь не шклопакеты стаяць”, -- кажа Людміла Асіпенка.

Арцём Дубскі
Алене Дубскай
ужо другі раз на тыдні праз тэлефон пазваніў з калёніі сын, маладафронтавец Арцём Дубскі.

“Як па голасе, дык быццам усё нармальна ў яго. У калёніі затапілі, стала цёпла, цяпер сын не мёрзьне, кажа, што можна даслаць яму яшчэ некаторую вопратку”, -- паведаміла Алена Дубская.

Пры гэтым жанчына распавяла, што ёй вярнулі кнігі, якія яна спрабавала адправіць Арцёму па пошце. Сярод кніг – 5 мастацкіх, у тым ліку “На ростанях” Якуба Коласа. Чаму ў магілёўскай калёніі нельга чытаць беларускага клясыка Якуба Коласа, Алене Дубскай міліцыянты не патлумачылі.

Андрэй Бандарэнка
У Менскім сьледчым ізалятары 19-га кастрычніка абвясьціў галадоўку прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка, асуджаны на 7 гадоў калёніі нібыта за крадзеж маёмасьці фірмы, якую ён сам раней стварыў. Летась Андрэй Бандарэнка, актывіст АГП, браў удзел у выбарах у парлямэнт, але няўдала. З таго часу ў яго пачаліся праблемы з законам, якія прывялі да суду. Кажа адвакат прадпрымальніка Зьміцер Лаеўскі.

“Андрэй Бандарэнка дамагаецца справядлівага перагляду сваёй справы. Ён нязгодны з прысудам”.



Нагадаем, 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімер Асіпенка. Усіх трох абвінавацілі у падпалах дамоў і маёмасьці мясцовага міліцыянта і супрацоўніка падатковай інспэкцыі. Праз паўгода Юрыя Лявонава вызвалілі і зьнялі з яго абвінавачаньні. Праваабаронцы і шмат хто ў Беларусі мяркуюць, што Аўтуховіча і Асіпенку перасьледуюць за іх барацьбу з карупцыяй.

Актывіст “Маладога фонту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня – за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году.

9 кастрычніка Першамайскі суд Менска прызнаў прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку вінаватым у крадзяжы маёмасьці фірмы. Актывісты з АГП мяркуюць, што іх аднадумцу перасьледуюць паводле палітычных прычын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG