Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыжаразбуральнікі. Хто іх “крышуе” і каму – спыняць іх?


Днямі невядомыя вандалы чарговым разам пашкодзілі некалькі крыжоў у Курапатах. Дагэтуль былі аналягічныя выпадкі ў іншых рэгіёнах краіны, калі зьнішчаліся хрысьціянскія сымбалі на месцах гібелі ахвяраў сталінізму, камуністычнага рэжыму.

Грамадзкі рэдактар тыдня – былы вайсковец, пэнсіянэр Ільля Копыл некалі паставіў у Курапацкім лесе крыж у гонар свайго закатаванага сталіністамі дзядзькі. Таму і папрасіў нас падрыхтаваць адмысловую перадачу, разабрацца, чаму такія злачынствы не спыняюцца, а наадварот набіраюць моц.

“Гэты вандалізм – ад уладаў”


Нагадаю: 17 кастрычніка, 10 і 24 верасьня, 26 і 27 траўня ў Курапатах, пад Вялейкай, Крупкамі і Віцебскам, а яшчэ раней у Старадароскім і Барысаўскім раёнах прадстаўнікамі ўладаў і невядомымі былі зьнішчаныя шэраг асьвечаных крыжоў на месцах масавых расстрэлаў “ворагаў народу”, асобных змагароў з савецкай уладаў.

І гэта, хутчэй, далёка ня поўны пералік фактаў вандалізму.

Шукаем тлумачэньні. Найперш – каго вінаваціць у тым, што адбылося?

Алесь Марачкін
Знакаміты мастак Аляксей Марачкін – аўтар праекту вялікага Крыжа пакутаў у Курапатах, ставіў там таксама Крыжу-капліцу, ён жа – стваральнік абразу Маці Божай Курапацкай.

“Гэта працяг таго, што ў нас беспакарана зьніклі вядомыя палітыкі. З падачы вярхоў забойцаў не знайшлі… Гэта ідзе ад самага галоўнага начальніка – беспакаранасьць і ўседазволенасьць…”

Вячаслаў Сіўчык
Старшыня руху Салідарнасьць “Разам” Вячаслаў Сіўчык быў на месцах надзвычайных здарэньняў і ў Курапатах, і ў вялейскім Красным Беражку.

“На жаль, мы й сёньня маем уладу, якая дазваляе ставіцца да нацыянальных звычаяў так, як яна ставіцца сама…Мы – адзіная ўсходнеэўрапейская краіна, дзе магчымыя такія вось факты вандалізму”.


“Крыжы і ставяцца, і зьнішчаюцца адзінкамі. Грамадзтва – назіральнік”


Мікола Шарах спрычыніўся да пабудовы ў Полацку адзінай пакуль на Беларусі грэка-каталіцкай царквы ў пасьлясавецкі час.

“Вынішчэньне крыжоў ня ёсьць нейкім выняткам – гэта сьведчаньне сытуацыі бязьвер’я, якая існуе ў грамадзтве. А яшчэ – страху: людзі менавіта ў страху, заблытаныя і зьнявераныя!”

Страх уеўся ня толькі ў сьведкаў бясконцых беларускіх Курапатаў – ён душыць і куды больш маладых людзей, дружна кажуць усе нашыя суразмоўцы, калі размова заходзіць пра адносіны грамадзтва да фактаў вандалізму.

Барысаўскі актывіст Сяржук Салаш:

Сяржук Салаш
“Крыжы, якія ставяцца ў памяць аб рэпрэсаваных, робяцца не грамадой, а збольшага – нават адзінкамі. І зьнішчаюцца таксама адзінкамі. А грамадзтва часьцей ў ролі назіральніка…”

Падсумоўвае мастак Аляксей Марачкін:

“Тое, што ламаюць крыжы, зьдзекуюцца з чалавечай памяці ахвяраў сталінізму, найперш гаворыць пра наш агульны культурны, маральны й духоўны стан.

“Мы зьмірыліся са спыненьнем працэсу рэабілітацыі ахвяраў, гэта памылка”

Лідэр руху Салідарнасьць “Разам” Вячаслаў Сіўчык прапануе глянуць на праблему шырэй:

“У Беларусі спыненая рэабілітацыя тых людзей, якія зьнішчаліся бальшавікамі ці патрапілі пад рэпрэсіі, і, як вынік, абсалютна не шануецца памяць ахвяраў”.

Карэспандэнт: “Давайце нагадаем слухачам, ці даўно застопараны працэс рэабілітацыі?”

“Ад 1995 году – вельмі даўно… Па вялікім рахунку дзікунствам зьяўляюцца як факты вандалізму, так і наагул тая палітыка, якую цяперашнія ўлады дазваляюць па гэтым страшным пытаньні”.

Тацяна Севярынец
А вось назіраньне Тацяны Севярынец – яна разьбіралася ў сытуацыі са зьнішчэньнем крыжоў пад Віцебскам.

“Мы ня ведаем прозьвішчаў пахаваных там, хоць я была ў архіве і спрабавала знайсьці адпаведную інфармацыю. Аднак ўсе неабходныя матэрыялы дагэтуль засакрэчаныя”.

“Акт пакаяньня патрэбен ня толькі катам, але – ўсім нам”


У размове пра вандалізм на месцы гібелі бязьвінных людзей і патрыётаў Беларушчыны нельга не закрануць і тэму духоўнасьці, ролі царквы ў яе выхаваньні. Гутарым зь Міколам Шарахам – ён, нагадаем, адзін з адраджэнцаў грэка-каталіцкай парафіі ў Полацку:

Карэспандэнт: “Чаму людзей, якія зьнішчаюць крыжы, не спыняе страх – яны ж адкідваюць Боскае ў сабе?”

“Ну а колькі таго Божага ёсьць у нашым грамадзтве і канкрэтна ў тых пэўных людзях? Тое мусіць быць недзе закладзена: або ў сям’і, або ў грамадзтве, або – царквой. І таму мне здаецца, за гэта найбольшую адказнасьць нясе праваслаўная царква. Бо яна ўзяла на сябе місію быць царквой дзяржаўнай. Міт пра тое, што наша грамадзтва хрысьціянскае, праваслаўнае, гэта – падман. І ён ідзе як з боку дзяржавы, так і з боку царквы. І ўсё гэта будзе працягвацца да той пары, пакуль падман падтрымліваецца дзяржавай”.

Размаўляем з Аляксеем Марачкіным, пяру якога належаць некалькі сакральных абразоў, праекты курапацкіх крыжоў:

Карэспандэнт: “Ці верыце вы ў тое, што некалі гэтыя “разбуральнікі” будуць пакараныя незямной уладай?”

“Вы правільна ставіце пытаньне: калі чалавек бярэ на сябе такі грэх, гэта так проста яму ня пройдзе. Недзе гэта адгукнецца: ці на ім, ці на яго дзецях… Але – адгукнецца! Не зямным судом, дык Божым”.

Тэму працягвае Тацяна Севярынец зь Віцебску:

“Зьнішчэньне крыжоў – д’ябальскае выяўленьне. Гэта жаданьне зьнішчыць гістарычную памяць чалавека. Невядома, хто ўчыніў гвалт у нас пад Віцебскам, але для яго крыжы – напамін аб тым страшэнным злачынстве… Ці яго самога, бо каты жывыя і дагэтуль, ці нашчадкаў… І шмат хто зь іх да сёньня не пакаяўся. І не зразумеў: выратаваньне сваёй душы ён можа знайсьці менавіта ў пакаяньні. Прыйсьці да гэтых крыжоў, укленчыць, маліцца і плакаць… Яно ёсьць, гэтае месца, і яго нікому ўжо ня зьнішчыць”.

Аднак выпадак з гісторыяй зьнішчэньня крыжоў ля вёскі Паляі – па-свойму аптымістычны, лічыць спадарыня Севярынец.

“Аптымізму ў нашай гісторыі дадае тое, што мясцовыя ўлады разумеюць усю глыбіню трагедыі, якая адбылася тут некалі і паўтарылася ў гэтым вандалізме сёньня. Вось глядзіце: да крыжоў вёў роўчык ад дарогі, вельмі нязручны, дык зь ініцыятывы сельсавету яго засыпалі і нават заасфальтавалі, каб лепей было ісьці туды… Ці такі факт: калі я ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі падавала скаргу ў міліцыю, там ужо ўсё ведалі – самі выяжджалі на месца здарэньня і сабралі нават доказы таго, што адбылося, паказалі нам парэшткі зьнішчаных крыжоў”.

Прашу падсумаваць размову Вячаслава Сіўчыка – аднаго з аўтараў ідэі штогадовага правядзеньня 29 кастрычніка Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій таталітарных рэжымаў.
для Беларусі абсалютна актуальная зараз праблема дэсталінізацыі ...

“Беларусь – адна найболей з пацярпелых краінаў і ад сталінізму, і наагул ад камуністычных рэпрэсій. На жаль, генэзіс сёньняшняй улады не дазваляе ёй ня толькі ўшаноўваць памяць ахвяраў беларускай нацыі, але ж нават не дазваляе рабіць гэта грамадзкасьці. Невыпадкова сёньня прарасейскія, пракамуністычныя сілы зьбіраюць нейкія дурныя подпісы за ўсталяваньне помніка Сталіну, невыпадкова ёсьць Лінія Сталіна – то бок для Беларусі абсалютна актуальная зараз праблема дэсталінізацыі. Гэта ў той час, калі ўсе ўсходнеэўрапейскія краіны, апроч Расеі, выдатна ўсьвядомілі, кім быў Іосіф Сталін, як і Адольф Гітлер”.

Дарэчы, Сяржук Салаш лічыць, што са зьменай улады зьменіцца і стаўленьне да крыжоў на месцы гібелі ахвяраў сталінізму й камунізму. Аднак і сёньня барысаўскія актывісты не здаюцца: на месцы сьпілаваных крыжоў у Батарэях яны ўпарта ўзводзяць новыя. Пытаюся ў Тацяны Севярынец, а ці верыць яна ў тое, што і пад Віцебскам можа зьявіцца ў бліжэйшай будучыні велічная Алея Крыжоў?

“Хоць выпадкаў вандалізму па ўсёй краіне шмат, усё ж пэўныя зрухі да лепшага заўважаюцца. І таму я веру ў ажыцьцяўленьне той ідэі. Дазвол на стварэньне Алеі мы ні ў каго ня будзем пытацца. Гэта наш грамадзянскі абавязак. Акт прызнаньня трагічнага лёсу людзей, якія там бязьвінна загінулі. Акт пакаяньня”.
XS
SM
MD
LG