Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Беларускі Народны Фронт


Маратон “Атлянтыдаў”, якія прагучалі на хвалях Свабоды ў сэрыі “Жыцьцё і сьмерць мітаў”. Штодня ад аўторка да суботы адмысловыя знаўцы разгадваюць тайны найноўшай беларускай міталёгіі. Тэма сёньняшняга выпуску — БНФ. Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч.


Эфір 13 жніўня 2009 году.

Беларускі народны фронт “Адраджэньне” узьнік на хвалі антыкамуністычнага супраціву і нацыянальнага ўздыму. Устаноўчы зьезд БНФ адбыўся ў чэрвені 1989 году ў Вільні. На пасаду старшыні БНФ быў абраны Зянон Пазьняк. БНФ быў першай і самай масавай дэмакратычнай арганізацыяй у Беларусі. У 1993 годзе была заснаваная партыя БНФ. У 1996 годзе старшыня БНФ Зянон Пазьняк быў вымушаны зьехаць за мяжу. У 1999 годзе адбываецца раскол БНФ на дзьве партыі. Сёньня партыю БНФ узначальвае Лявон Баршчэўскі, а Канасэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ — Зянон Пазьняк. У 1990-х гадах Народны фронт выводзіў на вулічныя акцыі працэсту дзесяткі тысяч чалавек, сёньня — толькі сотні.

І тым ня меней у сьвядомасьці многіх людзей краіны Беларускі народны фронт быў і застаецца сьвятам свабоды і вызваленьня нацыянальнага духу.

Валянцін Акудовіч
Вячаслаў Ракіцкі


Вячаслаў Ракіцкі: Чаму вы назвалі БНФ сьвятам, а не масавым супрацівам камуністычнай сыстэме і нацыянальным Адраджэньнем? Чаму робіце акцэнт на эмоцыі, мэтафары, а не на рэаліі?

Валянцін Акудовіч: Мяркую, што не для мяне аднаго, а для дзесяткаў, сотняў тысячаў беларусаў зьяўленьне БНФ найперш было Сьвятам! Неверагодным паводле сваіх маштабаў ды глыбіні. Бо гэта было сьвята не аднаго нейкага помнага дня, а сьвята цэлай эпохі падсьвядомага чаканьня волі і нацыянальнай прасьветленасьці. Эмацыйнай вастрыні яму надавала яго нечаканасьць і, калі заўгодна, нязнанасьць. Для шараговых беларусаў праз БНФ раптам пачала адкрывацца іншая, раней зусім невядомая ім Беларусь.
У сваім вымеры зьяўленьне БНФ было падзеяй, роўнавялікай адкрыцьцю Амэрыкі.
У сваім вымеры зьяўленьне БНФ было падзеяй, роўнавялікай адкрыцьцю Амэрыкі. Зьнянацку наперадзе ўбачылася “Новая Зямля”, і ўся Беларусь загула, як раскатурханая бортня.

Ракіцкі: Але ж ня ўсе ўзрадаваліся навіне…

Акудовіч: Натуральна. Тут быў увесь магчымы спэктар эмоцыяў: ад панічнага страху да шалёнага аптымізму. Не было толькі аднаго — такой звыклай беларусам панылай абыякавасьці. Беларусы тады ў адначасьсе зрабіліся жывымі, надзвычай жывымі людзьмі. І калі мы забудземся на тую неверагодную ўсхваляванасьць, на тую глыбіню перажываньня кожным свайго жыцьця як падзеі, дык ніколі не зразумеем, з чаго гэта палітычны рух, хай сабе і масавы, літаральна за некалькі гадоў стаўся мітам.

Ракіцкі: З вашых словаў вынікае, што ўжо на пачатку 1990-х гадоў БНФ цалкам сфармаваўся як міт?

Акудовіч: Менавіта так. Якраз тады полымя з вогнішча, раскладзенага БНФ, шуганула да зораў… Разумееце, міт для свайго нараджэньня зусім не патрабуе шмат часу. Колькі там хвілінаў стаяў пад шыбеніцай Кастусь Каліноўскі?! Аднак менавіта гэтыя кароткія хвіліны, а ня чынны ўдзел у паўстаньні, сталіся падставай для міту. У доказ тэзы пра амаль вокамгненнае паўставаньне міту БНФ я мог бы прывесьці мноства прыкладаў, але згадаю толькі адзін і фармальна нават ніякаваты. Недзе пад сярэдзіну дзевяностых мы колам сяброў плылі на байдарках у самых што ні на ёсьць нетрах Беларусі. Як звычайна, на носе нашага чоўна быў прымацаваны бел-чырвона-белы сьцяжок. Неяк, каля адной з глухіх вёсачак, да нас падбеглі два мурзатых хлопчыкі. І адзін запытаўся ў другога: “Што гэта за сьцяжок?” А той без ваганьняў адказаў: “Бэнээфаўскі”… Дык вось, міт — гэта калі ў глухой лясной вёсачцы мурзаты хлопчык ведае пра тое, аб чым яму не казала настаўніца і пра што ён ня мог прачытаць у сваіх кніжках.

Цалкам чытаць перадачу ТУТ.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG