Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не да падвышэньня пэнсій, як трэба замежных хакеістаў купляць!”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — пра тое, ці гарачыя батарэі лепшыя за халодныя, як ставіцца да мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам, што тармозіць падвышэньне пэнсій, як праходзіць перапіс насельніцтва.

Яшчэ тыдзень таму мы чакалі цяпла ў халодных батарэях. Яно прыйшло, і ўсё паўтарылася…

Спадарыня: “Уключылі батарэі, на вуліцы плюсавая тэмпэратура, а ў кватэры гарачыня, як быццам саракаградусны мароз на двары. Ня раз я зьвярталася ў ЖЭС, а яны адказваюць: у іх няма вэнтыля такога, прыкрыць крышку. І вось ідуць людзі з галаўным болем на працу, таблеткі глытаюць. Хіба тое норма? Дзе парадак? Хай пачуе хоць прэзыдэнт, як ягоныя чыноўнікі працуюць, — нічога, аніякай няма карысьці…”

Што да эканоміі і эканомікі, то вось яшчэ адно меркаваньне:

Спадарыня: “Казахстан і Расея — адзіная мытня зь Беларусьсю… Для нас гэта вельмі-вельмі цяжка. Нашто ж нам гэтая Расея, нашто нам той Казахстан?”

Праз рост мыта дзяржава нібыта мусіць клапаціцца пра народ, аднак людзі таго не адчуваюць.

Ларыса, Менск: “Атрымліваюць шмат якія людзі пэнсію і ледзь зводзяць канцы з канцамі. Яны каля прылаўкаў збольшага нюхаюць і прыглядаюцца, дзе б што таньнейшае, а тое, што таньнейшае, вельмі няякаснае. Тыя, хто хоча прэтэндаваць на ролю кіраўніка краіны, хай паназіраюць за тымі, хто з кійком у руках заглядае ў урну: ці няма там кінутай бутэлькі? Гэта дадатковы прыбытак да пэнсіі — сорам дый годзе!”

Насуперак гэтаму меркаваньню яшчэ адна сталая слухачка цьвердзіць абсалютна іншае.

Спадарыня: “Пэнсія ў мужыка — 270 тысяч, ён, бачыце, скардзіцца… Чаму ж ты не працаваў як сьлед? У мяне, у бабы, пэнсія 470, я ж рабіла! А ты, мужык! І жанчына званіла, у яе 250, цяперака бядуе… Дык чаго ж вы гулялі? І так колькі разоў дадавалі малазабясьпечаным пэнсіянэрам, што нас, добра забясьпечаных, злуе. Выбачайце, трэба было працаваць, мае птушачкі!”

Сытуацыю камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — былы вайсковец, пэнсіянэр Ільля Копыл:

Ільля Копыл
“Быў у гасьцях, дзе падыскутаваў з кабетай 72 гадоў. Дык яна сказала: “Як вам ня сорамна ганіць уладу?! Хай і маленькую, але своечасова выдаюць пэнсію!” Насамрэч і 250 тысяч, і паўмільёна — пэнсіі жабрацкія… Я сам аднойчы ўбачыў бабулю, якая са сьметніцы выкалупала толькі што выкінутую шкляначку з-пад ёгурту. І стала пальцамі даставаць парэшткі ды аблізваць… Запытаўся пра пэнсію, ці зьвярталася да ўлады па дапамогу? Дык яна мяне аблаяла: “Не чапайце ні ўладу, ні маю пэнсію!” Зараз у выніку з крызісам, з інфляцыяй пакупная здольнасьць пэнсій рэзка зьнізілася, але каманды на яе перагляд не паступае. Грошы дзяржаве патрэбныя на будаўніцтва АЭС, лядовых палацаў, на куплю замежных хакейных зорак… Ды на іншыя бязглузьдзіцы — не да пэнсій! Кропка…”

І напрыканцы — меркаваньні з нагоды перапісу насельніцтва.

Марыя Андруховіч: “Зайшла маладая жанчына, вымавіла, як пароль: “Перапіс”.

— Гэта ваша прозьвішча?

— Не, работа.

— Дык назавіцеся, калі ласка.

— Трыч Натальля Фёдараўна.

— Калі ласка, прашу беларускі блянк.

— А ў мяне тут няма, дома, здаецца, ёсьць.

— Ну, сустрэнемся пазьней.

— Не, жыву далёка, другі раз не паеду.

Так і ёсьць. Амаль тыдзень прайшоў, няма Натальлі Трыч, адмыслова падрыхтаванага работніка, так пазначана на ўлётцы. Якія высновы зрабіць?”


Васіль, Івацэвічы: “На патрабаваньне беларускамоўнага блянка перапісчыца сказала, што гэта адмова і што болей ня прыйдзе. У суседзяў пыталіся толькі прозьвішча і хатні адрас. Ну ні на грош праўды! Калі мы ўжо прачнемся ад гэтага фальшу? Калі не прачнемся, то будзем яшчэ доўга з Лукашэнкам. Ня хочам мы лепшай долі, ня хочам мы жыць у свабоднай краіне. Адумайцеся, людзі!”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG