Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палацы пабудавалі, а канькі і клюшкі купіць ня могуць


Мапа лядовых палацаў краіны

Мапа лядовых палацаў краіны

У Беларусі працягваецца маштабнае будаўніцтва спартыўных аб’ектаў. Між тым, у многіх рэгіёнах застаюцца не запатрабаванымі гіганцкія спарткомплексы і лядовыя палацы, пабудаваныя за апошнія 15 год. Ва ўмовах крызісу яны прыносяць страты мясцовым бюджэтам.

ВІЦЕБШЧЫНА


Наведваньню спартовых збудаваньняў замінаюць высокія кошты


У Воршы на Віцебшчыне, дзе летась праводзілі “Дажынкі” і адмыслова адбудавалі фізкультурны комплекс, басэйн цяпер наведваюць усяго 40 чалавек пры магчымай напаўняльнасьці — 400. І гэта не адзіны факт незапатрабаванасьці спартовых збудаваньняў у рэгіёне.

Нават дзяржаўныя чыноўнікі мусяць прызнаваць неэфэктыўнасьць выкарыстаньня спартовых аб’ектаў, пабудаваных за немалыя бюджэтныя сродкі. Напярэдадні на паседжаньні Віцебскага аблвыканкаму начальнік абласной управы спорту і турызму Міхаіл Партной канстатаваў: узьведзеныя за апошні год спартовыя комплексы сталі стратныя. Да прыкладу, стадыён і фізкультурны комплекс з басэйнам у Воршы і спартовы комплекс у пасёлку Лужасна.

Лужасьнянскі комплекс будаваўся пад справаздачу Аляксандру Лукашэнку, які сёлета ўлетку разам з малодшым сынам урачыста яго адчыняў. Коля Лукашэнка забіў першы гол на новым стадыёне, які належыць Лужасьнянскай школе-гімназіі. Аднак пасьля ад’езду сталічных гасьцей спартовы комплекс амаль не працуе: платныя заняткі для насельніцтва ў спартовай і трэнажэрнай залі не арганізаваныя, а басэйн працуе толькі тры гадзіны на тыдзень.

Ня лепшая сытуацыя і ў Воршы, дзе да леташніх Дажынак рэканструявалі гарадзкі стадыён і басэйн, які калісь належаў заводу “Легмаш”, шмат гадоў стаяў зачынены, а цяпер функцыянуе як фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Басэйн наведваюць усяго 40 чалавек, хаця разьлічаны ён на тое, каб у групах займаліся 300 наведнікаў. Аналягічная сытуацыя з трэнажэрнай заляй: замест 50 чалавек у ёй трэніруюцца менш за дзясятак аматараў.

У бацькоў — мізэрныя заробкі. Удаецца хіба толькі дзяцей накарміць й апрануць, а на басэйн сродкаў нестае.
Аршанскі актывіст Віктар Андрэеў жыве зусім побач з гэтым комплексам, на той жа вуліцы Якубоўскага. Але басэйн не наведвае таксама. Чаму спартовыя аб’екты не карыстаюцца попытам у аршанцаў, ён тлумачыць так:

“У Воршы з заробкамі ня самая лепшая сытуацыя — яны невялікія. Удаецца хіба толькі дзяцей апрануць ды накарміць, а ўжо басэйн ня кожны сабе дазволіць можа. Каб дзяржава насамрэч клапацілася пра здароўе нацыі, то спартовыя заняткі хаця б для дзяцей былі б бясплатныя — як у Эўропе ці ў Амэрыцы. Але ў нас ніхто не пытаецца, што і для каго будаваць. Вось цяпер пачалося будаўніцтва яшчэ й лядовага палаца. Але я ўпэўнены, што няшмат людзей зможа там займацца рэгулярна, а ня раз на год, у якасьці падарунка да дня народзінаў. Таму што кошты там будуць не для простых аршанцаў”.

Кошт аднаго наведваньня басэйна ў Воршы — 5 тысяч рублёў. А ў Віцебску аднаразовыя наведваньні не практыкуюцца ўвогуле: альбо абанэмэнт за 33-35 тысяч адразу, альбо — ніяк.

Паколькі аздараўленчыя заняткі дарагія, жыхары абласнога цэнтру выкарыстоўваюць любую мажлівасьць, каб падтрымаць здароўе бясплатна. Гэта выразна прадэманстравала выстава “Віцебшчына за здаровы лад жыцьця”, якая праходзіць цяпер у будынку канцэртнай залі “Віцебск”. На выставе прапануюць бясплатна зрабіць масаж, памераць ціск, пракансультавацца зь лекарамі-адмыслоўцамі і паспытаць вітамінныя комплексы.

На бясплатны масаж — заўсёды чарга.

Паўшклянкі бясплатных вітамінаў падчас дэгустацыі.

Пэнсіянэры і людзі сярэдняга веку карысталіся бясплатнымі паслугамі дужа ахвотна, бо менавіта на адсутнасьць грошай зазвычай спасылаюцца тыя, хто ня можа сабе дазволіць дарагія спартовыя заняткі ці мэдычныя працэдуры.

Між тым начальнік абласной управы спорту і турызму аблвыканкаму Міхаіл Партной пэўны, што адсутнасьць аншлягу на спартовых аб’ектах тлумачыцца ўсяго толькі адсутнасьцю добрай рэклямы. І, верагодна, цяпер бюджэтныя грошы пойдуць яшчэ й на бігборды ды вулічныя расьцяжкі.

ГОРАДНЯ


За кожны ўрок на каньках трэба заплаціць 6500 рублёў


Спартовыя збудаваньні ў Горадні даступныя пераважна для людзей забясьпечаных.

Лядовы палац у Горадні быў пабудаваны яшчэ ў 1999 годзе. Акрамя таго, што ў ім ладзяцца прафэсійныя спаборніцтвы й культурныя мерапрыемствы, тут ёсьць магчымасьць узяць канькі напракат, арандаваць спартовую залю, наведваць трэнажэрныя залі і фітнэс-клюбы.

Колькі каштуе, да прыкладу, адзін раз пакатацца на каньках? Спадарыня, якая дзяжурыла на месцы адміністратара, адказала:

“Пракат канькоў у нас каштуе 3500, а білет дарослы — 7000. Разам атрымліваецца 10 тысяч 500. А дзіцячы — 3 тысячы, але пракат канькоў усё роўна 3500”.

Я таксама пацікавіўся, ці акупляецца дзяржаве ўтрыманьне гарадзенскага лядовага палаца?

Спадарыня: “Канечне, не акупляецца, мы на датацыі жывём”.

У фітнэс-цэнтры адміністратарка распавяла, што кошты на іх паслугі — самыя танныя ў Горадні.

Спадарыня: “У трэнажэрную залю абанэмэнт на месяц каштуе 35 100, а арэнда спартовай залі на адну гадзіну — 35 500”.

Актывіст АГП Юры Істомін сам наведвае спартовыя залі і кажа, што, на жаль, людзі там не стаяць у чэргах, бо кошты на спартовыя паслугі ў Горадні бываюць і вышэйшыя. Акрамя названых коштаў, ён падае прыклад, калі білет у басэйн каштуе за 45 хвілінаў — 8 тысяч рублёў.

На думку Істоміна, дзяржава дэкляруе, што праводзіць сацыяльную палітыку, а насамрэч, зь яго слоў, атрымліваецца, што сацыяльная палітыка скіраваная на забясьпечаную меншасьць, а не на бедную большасьць грамадзтва.

Істомін: “Я лічу, што людзі, якія маюць заробак у паўтара мільёна, могуць сабе дазволіць наведваць спартовыя палацы разам зь сям’ёй, але калі заробак складае 300-400 тысяч, то ты думаеш, што лепей: звадзіць дзіця на каток ці накарміць яго”.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Лядовы палац у Кобрыне не працуе ад “Дажынак”


У мінулым верасьні ў Кобрыне на фэсьце “Дажынкі” Аляксандар Лукашэнка наведаў новазбудаваныя тут лядовы палац, аквапарк, стадыён, а таксама канал для водных відаў спорту. Госьць нагадаў, што на падрыхтоўку да сьвята дзяржава накіравала 400 мільярдаў рублёў.

Сёньня ўзьнікае пытаньне: а ці будзе аддача?

Да прыкладу, ужо больш як месяц пустуе арэна ў лядовым палацы. І вось што тлумачыць тутэйшая адміністратарка Ірына:

“Ну, на хакей ужо быццам бы набраныя групы. Ёсьць ужо і адзін трэнэр па фігурным катаньні на каньках. Таксама будуць групы набірацца. А ўвогуле, пакуль адкрыцьця не адбылося. Можа, празь які тыдзень пачне працаваць наш палац…”


У Пружанах няма сродкаў нават на канькі і клюшкі


У Пружанах, што таксама на Берасьцейшчыне, лёдавы палац быў збудаваны тры гады таму. Час не вырашае праблемы, а толькі іх нагрувашчвае. Вось што кажа спартовы настаўнік моладзі спадар Ільля:

“Нават канькі і клюшкі мы купіць ня можам. Я вось і сёньня быў у начальніка райфінаддзелу. Вельмі складаная праблема ў нас — закуп спартыўнага інвэнтару. У Беларусі яго ніхто не вырабляе. А набыць яго за дзяржаўныя грошы на сёньня проста немагчыма”.

У Пружаны на штучны лёд возяць школьнікаў з ваколіцаў і суседніх раёнаў. Масавае катаньне на каньках без найпрасьцейшай нават экіпіроўкі не абыходзіцца бязь сьлёз:

“Менавіта на масавым катаньні ў нас было вельмі шмат пераломаў, траўмаў, сінякоў… Пераважна — на масавым катаньні. Разумееце?”

Ужо тры гады Пружанскі лядовы палац дрэнна асьвятляецца і слаба абаграецца. Праца трэнэраў і тэхнічнай абслугі ўрэзаная да мінімуму:

“Заробкі вельмі маленькія. Гардэробшчыца атрымлівае толькі 240 тысяч рублёў, столькі ж — касір і працаўнікі на пракаце. Вельмі-вельмі складана ўсім. Падняць заробкі хаця б на трошкі ня маем права, бо мы ў структуры аддзелу адукацыі, а там спэцыяльныя нормы і суцэльная эканомія…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG