Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа выдзеліць Беларусі новыя грошы


Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль паведаміў, што для выдзяленьня Беларусі макраэканамічнай дапамогі ЭЗ засталося толькі ўхваліць яе ў Радзе міністраў Эўразьвязу.

У мінулым месяцы Жан-Эрык Гольцапфэль сказаў, што акрамя фінансавых магчымасьцяў Эўразьвязу, выдзяленьне макраэканамічнай дапамогі Беларусі будзе залежаць ад выкананьня Беларусьсю ўмоваў пагадненьня з МВФам аб атрыманьні крэдыту stand-by. "Зараз мы чакаем чарговай справаздачы МВФ," – сказаў тады Гольцапфэль.

Сёньня Жан-Эрык Гольцапфэль пацьвердзіў у камэнтары для Свабоды, што беларускія ўлады выканалі ўмовы МВФ, датычныя эканамічных рэформаў. Цяпер, па яго словах, для выдзяленьня Эўразьвязам макраэканамічнай дапамогі Беларусі застаецца тэхнічная працэдура, а таксама ўхвала рашэньня радай міністраў ЭЗ:

“Сапраўды, што тычыцца фінансавага і эканамічнага пункту гледжаньня, то пасыл ад МВФ вельмі ясны. Цяпер нашы калегі з Брусэлю мусяць устанавіць ліміт фінансаваньня, абраць фонды, зь якіх будзе праводзіцца фінансаваньне, і потым па гэтым пытаньні павінна быць прынятае рашэньне на вышэйшым узроўні.”

Спадар Гольцапфэль падкрэсьліў, што хоць палітычныя чыньнікі не зьяўляюцца першаснымі ў рашэньні аб выдзяленьні фінансаваньня, але ж агульнае разьвіцьцё дыялёгу можа паўплываць на рашэньне аб выдзяленьні дапамогі:

“Я б не называў гэта палітычнымі чыньнікамі, а наогул адносінамі паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, якія залежаць ад эвалюцыі дыялёгу і ўсіх яго элемеэнтаў. Гэта можа адыграць ролю.”

Мяркуецца, што памер макраэканамічнай дапамогі Беларусі ад Брусэлю складзе некалькі соцен мільёнаў даляраў. Брусэль падкрэсьліваў, што гэтая дапамога ня будзе большай за тую, што Беларусь атрымлівае ад МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG