Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Акрэдытацыя “Ўзгорка” немэтазгодная


Эдуард Брокараў

Эдуард Брокараў

Рэдактару горацкай недзяржаўнай газэты “Ўзгорак” Эдуарду Брокараву адмоўлена ў акрэдытацыі пры райвыканкаме.

У адказе за подпісам старшыні раённай вэртыкалі Міхаіла Анікеева гаворыцца, што акрэдытаванымі пры райвыканкаме сродкамі масавай інфармацыі зьяўляюцца газэта “Ленінскі шлях” і радыёпраграма “Голас Горацкага краю”, таму акрэдытаваньне іншых СМІ немэтазгоднае.

Зварот на акрэдытацыю Эдуард Брокараў накіраваў месяц таму. Адказ чыноўнікаў для яго незразумелы:

Газэта «Узгорак»
“У любога нармальнага чалавека пасьля такой адмовы ўзьнікае толькі адно: што чыноўнікі нешта робяць такое, што трэба хаваць і не паказваць шырокай грамадзкасьці, каб людзі пра тое ведалі. Вядома ж, што “Ленінскі шлях” надрукуе толькі тое, што ім дазволяць надрукаваць. Урэшце, на мерапрыемствы райвыканкаму, якія праходзяць не за зачыненымі дзьвярыма, я прайду й буду на іх прысутнічаць. Хаця нядаўна мне пагражалі чыноўнікі міліцыяй, калі я прысутнічаў на сэсіі райсавету. Пагрозы тыя, праўда, засталіся толькі пагрозамі”, — камэнтуе адмову Эдуард Брокараў.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адмову ў акрэдытацыі Брокарава лічыць беспадстаўнай:

Андрэй Бастунец
“Я лічу, што гэта парушэньне журналісцкіх правоў. Гэта супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе роўнасьць формаў уласнасьці. У райвыканкамах павінны быць распрацаваныя палажэньні аб акрэдытацыі, якія ўтрымлівалі б сфармуляваныя прычыны адмовы ў акрэдытацыі. Я дужа сумняваюся, што такія палажэньні ёсьць. На жаль, у нашых умовах вельмі цяжка абскардзіць адмову ў акрэдытацыі. Суды проста адмаўляюцца разглядаць такія пазовы”.

Газэту “Ўзгорак” зарэгістравалі сёлета 24 красавіка. Выдае яе аднайменнае прыватнае прадпрыемства. Наклад — 1000 асобнікаў. Распаўсюджваецца ў трох раёнах — Горацкім, Мсьціслаўскім ды Дрыбінскім.

XS
SM
MD
LG