Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь папросіць грошы і ў Сусьветнага банку


Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект пагадненьня з Сусьветным банкам аб пазыцы на мэты разьвіцьця і ўпаўнаважыў міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца на падпісаньне пагадненьня.

Паводле БелаПАН, гэта прадугледжана ўказам № 513 ад 20 кастрычніка, разьмешчаным на сайце Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі.

Прадстаўленьне Беларусі пазыкі на мэты разьвіцьця Рада дырэктараў Сусьветнага банку плянуе разгледзець у канцы лістапада. Як паведаміў 22 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску пастаянны прадстаўнік Сусьветнага банку ў Беларусі Іван Велеў, праца па падрыхтоўцы да выдзяленьня пазыкі завяршаецца, і прадстаўнікі Сусьветнага банку ведаюць, што ўраду Беларусі "вельмі важна", каб пазыка была выдзелена ў гэтым фінансавым годзе.

Пазыка на мэты разьвіцьця будзе накіравана на падтрымку беларускага ўраду ў паглыбленьні структурных рэформ эканомікі. Мэта пазыкі — узмацніць сыстэму сацыяльнай абароны, а таксама павысіць ролю прыватнага сэктару праз спрашчэньне заканадаўства і працэдур адкрыцьця і вядзеньня бізнэсу. Сродкі таксама пойдуць на падтрымку ўрада па ўдасканаленьні фінансавай дысцыпліны.

Дырэктар Сусьветнага банку па Беларусі, Малдове і Украіне Марцін Райзэр 16 верасьня ў Мінску заявіў журналістам, што Сусьветны банк увязвае выдзяленьні пазыкі Беларусі на мэты разьвіцьця з тым, як пасьпяхова краіна рэалізуе свае абавязацельствы перад МВФ. Райзэр таксама адзначыў, што Сусьветны банк чакае паскарэньня працэсу лібэралізацыі эканомікі Беларусі.

Учора, як вядома, Міжнародны Валютны фонд выдзеліў Беларусі чарговую траншу крэдыту памерам 700 мільёнаў даляраў, прызнаўшы беларускі вопыт змаганьня з крызісам пасьпяховым.
XS
SM
MD
LG