Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў выходныя! 24-25 кастрычніка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў на выходныя ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.






ПАШУКАЕМ СЬВЯТЛА Ў САБЕ:

  • Чакаецца каля +6. У суботу хмарна, а ў нядзелю дождж.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:

  • 24 кастрычніка ў сьвеце афіцыйна адзначаецца Міжнародны дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
  • 25 кастрычніка споўнілася б 75 гадоў літаратару і перакладчыку Карласу Шэрману. У 1989 годзе Карлас Шэрман стаў адным з заснавальнікаў і віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру. Перакладаў на беларускую творы гішпанамоўных пісьменьнікаў, а ягоныя творы па-беларуску перастваралі Рыгор Барадулін і Васіль Сёмуха. Карлас Шэрман памёр у 2005 годзе.

ЗОРКІ Ў МЕНСКУ:

  • З 24 па 28 кастрычніка ў Менску можна будзе пабачыць каля 200 футбольных адмыслоўцаў сусьветнага ўзроўню. На ХХХ Міжнародны сымпозіюм футбольных трэнэраў прыедуць у тым ліку і трэнэр зборнай Англіі Фабіё Капэла, расейскай зборнай – Гус Хідзінк, “Барсэлёны” – Жозэп Гвардыёла. Футбольных фанатаў і паляўнічых на аўтографы чакаюць гарачыя дзянькі.

АДНОЙ ЛЕВАЙ:

  • 25 кастрычніка ў Менску пройдзе другое паседжаньне зьезду Партыі камуністаў беларускай, дзе павінна будзе вырашыцца пытаньне аб перайменаваньні партыі. Камуністы будуць абіраць паміж трыма назвамі: Беларуская партыя левых, партыя дэмакратыі і справядлівасьці і партыя "Радзіма".

ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:

  • 24 кастрычніка 1654 году адбылася бітва пад Шапялевічамі – вызначальная ў часе нашэсьця маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча на Беларусь. Як адзначае гісторык Генадзь Сагановіч, пасьля паразы пад Шапялевічамі армія Вялікага Княства Літоўскага спыніла сваё існаваньне. Маскоўскае нашэсьце на тагачасную Беларусь будзе доўжыцца 13 гадоў і забярэ жыцьцё кожнага другога жыхара краю.

НА НОЧ ГЛЕДЗЯЧЫ:

  • Перад сном перавядзіце гадзіньнікі назад і сьпіце на гадзіну болей.

ЦЫТАТА НАПАМЯЦЬ:

  • "Час -- лепшы настаўнік, але, на жаль, ён забівае сваіх вучняў". Бэрліёз
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG