Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шыльда свабоды

Рэзыдэнцыя “Віскулі”, Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць
8 сьнежня 1991 году тут кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны — Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук — падпісалі пагадненьні аб ліквідацыі Савецкага Саюзу і аб утварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Беларусь стала рэальна самастойнай дзяржавай.

Найвялікшая, лёсавызначальная для гісторыі Беларусі падзея адбылася 8 сьнежня 1991 году ў Белавескай пушчы, недалёка ад былога хутару Віскулі.

Cюды, на самы край тагачаснага СССР, далей ад сталічнага тлуму і ціску, прыехалі кіраўнікі Беларусі, Украіны і Расеі Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Барыс Ельцын.

Краіна, якая займала адну шостую частку зямной паверхні, якая 69 гадоў будавала рай на зямлі, а збудавала турму народаў, зайшла ў тупік. Ні ў якія спробы касмэтычнага рамонту (кшталту пераўтварэньня яе ў саюз сувэрэнных сацыялістычных дзяржаваў) ні кіраўнікі рэспублікаў, ні людзі пасьля спробы камуністычнага путчу ўжо ня верылі.

Распад Саюзу непазьбежны — паразумеліся кіраўнікі трох рэспублік-заснавальніцаў СССР, трэба толькі гэта юрыдычна аформіць. Над дакумэнтамі пачалі працаваць увечары 7 сьнежня, а наступнай раніцай падпісалі дамовы, якія канстатавалі спыненьне існаваньня СССР і ўтварэньне Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Далей трэба было інфармаваць прэзыдэнта СССР, што такой краіны больш няма, і, натуральна, міжнародную супольнасьць. Ельцын меўся званіць Джорджу Бушу, Шушкевіч — Міхаілу Гарбачову. І так сталася, што хутчэй датэлефанаваліся да амэрыканскага прэзыдэнта, чым да савецкага — узгадвае Станіслаў Шушкевіч:

“Калі я яму сутнасьць заявы расказаў, ён кажа: “А вы можаце сабе ўявіць, як на гэта паглядзіць міжнародная супольнасьць?! Вы ж ведаеце, што яны Саюз успрымаюць толькі цалкам?!” І аргумэнт гэты быў вельмі моцны. Незадоўга перад гэтым Буш быў у Кіеве, і заяўляў, што яны ўспрымаюць СССР як цэльную структуру, якая валодае атамнай зброяй. Я кажу Гарбачову: “А вы ведаеце, нармальна ўспрымае, Барыс Мікалаевіч яму сказаў, і ён вітае, віншуе”. Была нямая сцэна, і мы разьвіталіся з Гарбачовым”.

Вынікам Белавескіх дамоваў стала, як кажа Станіслаў Шушкевіч,

“цывілізаваная ліквідацыя шлюбу, гвалтоўна заключанага. І я перакананы, што гэта задача выканана самым дасканалым чынам. Упершыню за дзьвесьце гадоў кіраўнік Расеі, законна, дэмакратычна абраны прэзыдэнт (яго жартам заўсёды называлі “Цар Барыс”) падпісаў пагадненьне, што Расея прызнае незалежнымі Беларусь і Ўкраіну. І гэта пагадненьне ён такім чынам падаў Вярхоўнаму Савету Расейскай Фэдэрацыі, што яно было ратыфікавана”.

Такім чынам, перад Беларусьсю адкрыўся шлях самастойнага разьвіцьця.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG