Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты хочуць пакіраваць журналістамі?


16 кастрычніка людзі ў цывільным заміналі працаваць журналістам. Цяпер яны будуць у каляровых камізэлькаах?
16 кастрычніка людзі ў цывільным заміналі працаваць журналістам. Цяпер яны будуць у каляровых камізэлькаах?
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Яўген Палудзень паведаміў, што фармат стасункаў паміж міліцыянтамі і журналістамі будзе зьменены падчас асьвятленьня вулічных мерапрыемстваў. Сп. Палудзень спаслаўся на заканадаўства Нямеччыны, якое не дазваляе журналістам здымаць паліцэйскіх і ўдзельнікаў акцый буйным плянам, а толькі здалёк.

Намесьнік міністра МУС Яўген Палудзень паведаміў, што бліжэйшым часам на акцыях будуць прысутнічаць прэс-афіцэры, супрацоўнікі МУС у сініх камізэльках, да якіх мусяць зьвяртацца прадстаўнікі СМІ па розных пытаньнях.

У чырвоныя камізэлькі будуць апранутыя міліцыянты, якія будуць весьці перамовы з удзельнікамі несанкцыянаваных акцый.

Пры гэтым намесьнік міністра запэўніў, што з боку кіраўніцтва МУС прынятыя захады, каб супрацоўнікі міліцыі не перашкаджалі працы журналістаў.

16 верасьня падчас разгону ланцугу памяці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія зьніклі ў гэты дзень 10 гадоў таму, спэцназаўцы білі камэры і заміналі журналістам фатаграфаваць і рабіць аўдыёзапіс. Камэры зафіксавалі людзей у цывільным, якія не давалі працаваць журналістам. Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала заяву ў МУС і пракуратуру з патрабаваньнем высьветліць, хто гэтыя людзі і хто даў ім загад замінаць працы журналістаў.

Старшыня БАЖ Жана Літвіна пракамэнтавала выказваньні сп. Палудзеня, у тым ліку пра тое, што цяпер журналістам дазволяць здымаць на акцыях толькі агульны плян.

Жана Літвіна
“Мы гэта ўспрымаем як ускосны адказ на той запыт, які быў пісьмова зроблены яшчэ пасьля падзеяў верасьня. Паводле нашага заканадаўства, у нас ёсьць права рабіць здымкі ў агульнадаступных месцах. Ёсьць краіны, у якіх існуюць абмежаваньні. Адна з такіх краінаў Швэцыя. Там можна рабіць здымак любога грамадзяніна буйным плянам толькі зь ягонай згоды. А гэтае новаўвядзеньне, лічу, ноў-хаў нашых сілавых структур.

У нас ёсьць 34-ты артыкул у законе аб сродках масавай інфармацыі, які дае права журналістам прысутнічаць на акцыях, у месцах, дзе адбываюцца сацыяльна значныя мерапрыемствы.

Я гэта расцэньваю як грубае парушэньне заканадаўства. Мяняць законы — гэта справа ня МУС, а, відаць, парлямэнтарыяў”.

Былы камандзір спэцназу менскай міліцыі Юры Падабед:

Юры Падабед
“Пажадана мець папярэдні кантакт з журналістам, каб абгаварыць наконт ягонага месца знаходжаньня. Мяне асабіста журналісты ніколі не раздражнялі і, па-мойму, я заўсёды трымаў зь імі нармальны кантакт. Калі яны перашкаджалі, то зь першага слова ўсё разумелі. Паразуменьне заўсёды знаходзілі”.

Падчас разгону акцыі 16 кастрычніка спэцназаўцы ў форме і ў цывільным закрывалі сваімі целамі аб’ектывы камэраў журналістаў. Быў зьбіты лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён выказаў сваё меркаваньне:

Анатоль Лябедзька
“Загады і зьвярыныя інстынкты стрымліваюць, на мой погляд, дзьве рэчы: сумленьне і фота- відэакамэры журналістаў. Усе ж, відаць, прымерылі да сябе тую сытуацыю, калі спэцназавец ударыў па твары Сьвятлану Завадзкую і гэта ўбачылі мільёны людзей.

Думаю, што гэта яны прапусьцілі празь сябе, калі прыйшлі дадому, а там жонка ці бацька: “Ну, сыночак, ты ж глядзі, ты ж не падонак, не апускайся да такога стану”. Мне падаецца, што спэцназаўцы абмяркоўвалі тое і з роднымі, і з суседзямі… Моц журналістыкі велізарны нават у такім рэжыме, як у Беларусі”.

Кіраўнік арганізацыйнага камітэту ў справе стварэньня Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч:

Мікола Статкевіч
“Няма іншай абароны ад свавольля сілавых структураў акрамя галоснасьці. Фіксаваньне і распаўсюджваньне фактаў незаконнага ўжываньня сілы здольнае абараніць людзей. Менавіта таму беларускія сілавыя структуры імкнуцца пазьбегнуць галоснасьці, бо вельмі часта ім даводзіцца выконваць незаконныя загады і ісьці на тое, што ў той жа Нямеччыне трактавалася б як злачынства. А досьвед дэмакратычных краінаў гучыць тут як зьдзек”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

Зьміцер Дашкевіч
“Усе гвалтоўныя дзеяньні спэцназаўцаў зьяўляюцца толькі тады, калі няма публічнасьці і ніхто ня можа пра іх даведацца. Калі ж яны бачаць накіраваныя на іх камэры журналістаў, то паводзяць сябе больш стрымана”.

У прэс-цэнтры МУС паведамілі, што сінія і чырвоныя камізэлькі будуць гатовыя найбліжэйшым часам. Засталося крыху больш за тыдзень да вулічнага шэсьця на Дзяды. Ня выключана, што тады можна будзе больш дэталёва азнаёміцца з прыдумкай сілавікоў.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Яўген Палудзень спаслаўся на заканадаўства Нямеччыны, якое нібыта дазваляе журналістам здымаць паліцэйскіх і удзельнікаў акцый толькі здалёк. Мы зьвязаліся з прадстаўнікамі нямецкай асацыяцыі журналістаў, і тыя патлумачылі, што сваё заканадаўства, якое тычыцца такіх здымкаў, мае кожная з 16 фэдэральных земляў Нямеччыны. Пры гэтым забарона можа быць толькі на партрэтныя здымкі адной асобы. Калі ў кадры некалькі чалавек, і падзеі адбываюцца ў грамадзкім месцы, журналіст ня будзе мець праблемаў з законам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG