Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 кастрычніка ў cталічным Палацы мастацтва адкрылася выстава твораў жывапісу, графікі, скульптуры і фотамастацтва, прысьвечаная 1000-годзьдзю найменьня Літва.

Гэта першая з імпрэзаў у праграме фэсту:

  • 27 кастрычніка адбудзецца прэзэнтацыя альманаху “Літва”,
  • 6 лістапада — Дзень паэзіі,
  • 11 лістапада — літаратурна-мастацкая вечарына “Радзівіліяда”,
  • 14 лістапада — спэктакль “Спатканьне зь Літвой”.
  • Завершыцца фэст 15 лістапада канцэртам клясычнай і дударскай музыкі.

“Літва, бацькоўскі край,
Тугою па табе тут вобраз твой ствараю,
О, ты — заступніца прачыстая над намі…”

Гэтымі пранікнёнымі паэтычнымі радкамі Адама Міцкевіча з паэмы “Пан Тадэвуш” народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка адкрыла выставу, прысьвечаную 1000-годзьдзю ўзгадак у пісьмовых крыніцах Літвы.

Зінаіда Бандарэнка

Навукоўцы называюць нават дакладную дату першай згадкі Літвы ў пісьмовых крыніцах — 9 сакавіка 1009 году. У літоўскім пасольстве ў Менску прайшла навуковая канфэрэнцыя, была наладжаная выстава “Літва: культура і гісторыя”. Праўда, іншага месца ў Менску для яе не знайшлося -ўлады не дазволілі зладзіць выставу ў больш даступным для беларускіх грамадзянаў памяшканьні. Грандыёзныя сьвяткаваньні адбыліся 6 ліпеня, у дзень каранацыі караля Міндоўга ў Вільні.

Намесьнік старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца:

Мы прайшлі агульную славутую гісторыю. І гэтая гісторыя ня скончылася, яна працягваецца, і будзе працягвацца наступныя тысячу гадоў.
“Я шчыра радаваўся, калі нашыя браты па гісторыі, нашыя суседзі-літоўцы ўлетку сьвяткавалі гэтаю дату. Мы ня мусім забывацца, што гэта наша агульнае сьвята, бо з гэтым народам, як і зь іншымі суседзямі, мы прайшлі агульную славутую гісторыю. І гэтая гісторыя ня скончылася, яна працягваецца, і будзе працягвацца наступныя тысячу гадоў”.

Існуе шмат канцэпцый утварэньня ВКЛ, няма згодны паміж гісторыкамі наконт лякалізацыі Літвы, ёсьць розныя погляды і меркаваньні, кажа доктар гістарычных навук Юры Бохан:

“Пару дзён таму мне давялося быць на канфэрэнцыі ў Нясьвіжы. І там прадстаўнік вялікага роду Радзівілаў сказаў: “Я адчуваю сябе грамадзянінам Вялікага княства Літоўскага”. Крыху раней гэта сказаў Чэслаў Мілаш: “Я — грамадзянін краіны, якой не існуе — грамадзянін ВКЛ”. Я думаю, шмат хто можа так сказаць. Але Вялікае княства Літоўскае ўсё ж існуе — тая выстава, якая зараз адкрываецца, паспрыяла таму, каб ВКЛ разумелася ня як далёкае мінулае, а як рэальнасьць, якая дапамагае жыць нам і сёньня. Жыве Беларусь!”

Экспазыцыя выставы да 1000-годзьдзя Літвы прадстаўленая ня толькі жывапісам, графікай і скульптурай. Тут і народныя строі, і інсталяцыі, дзіцячыя малюнкі. На сьценах палаца — рэпрадукцыі мапаў межаў ВКЛ у розныя часы і гербы гарадоў, што мелі Магдэбурскае права.

Па-над гледачамі — гербы гарадоў, што мелі Магдэбурскае права.

Адзін з ініцыятараў фэсту, кіраўнік мастацкай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін:

“Гэта выстава зробленая выключна на энтузіязьме мастакоў. Абсалютна дзяржава не парупілася, каб хоць крышачку дапамагчы ў арганізацыі. Я, канечне, хацеў тут бачыць міністра культуры ці ягоных намесьнікаў, але, відаць, у іх больш важныя справы ёсьць. На жаль. Але мы аптымісты, мы можам шмат чаго яшчэ зьдзейсьніць, бо сёньня спадзеў толькі на культуру”.

Аляксей Марачкін (зьлева) і Мікола Купава, узнагароджаныя памятнымі мэдалямі.

На выставе былі заўважаныя амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, амбасадар Чэхіі Іржы Карас.

Стэфан Эрыксан (зьлева) гутарыць з Аляксеем Марачкіным і Ўладзімірам Сіўчыкавым (справа).

Шмат дзеячаў беларускага мастацтва, літаратуры, музыкі за ўнёсак у разьвіцьцё агульнай культуры былі ўзнагароджаныя адмысловымі мэдалямі да 1000-годзьдзя ўзгадак Літвы.

Генадзь Бураўкін — сярод ушанаваных мэдалём 1000-годзьдзя Літвы.

Сваімі ўражаньнямі аб выставе дзеліцца народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч:

“На маю думку, выстава атрымалася харошая. Яна зноў пацьвярджае высокі стан беларускага мастацтва, менавіта прафэсійнага мастацтва”.

Музыкант Яраш Малішэўскі:

“Цудоўныя ўражаньні, файныя. Канечне, яшчэ не пасьпелі ўсё агледзець, але, я думаю, яны будуць толькі паляпшацца з нашымі прасоўваньнем наперад. Аднаўляецца ў галовах паступова ў людзей, тое, што мусіць быць. Пакуль што ў абмежаваным коле, але, я думаю, гэта будзе толькі пашырацца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG