Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — водгукі на заяву кіраўніка краіны пра тое, што новыя выбары будуць чыстымі, роўнымі для ўсіх, празрыстымі.


Першая рэакцыя слухачоў на абяцаньне беларускага лідэра правесьці мясцовыя і прэзыдэнцкія выбары сумленна прагучала ў нашым эфіры ўчора. Сёньня — працяг той размовы. Вось тыповае разважаньне:

Спадар: “Грамадзяне Беларусі, я ня ведаю, як вы, а я ня веру гэтым фіктыўным ленінска-сталінскім дэкрэтам, указам, рэфэрэндумам Лукашэнкі. Таму што, пакуль існуе мільённая хеўра падхалімаў і срэбранікаў у раёнах, абкамах, саветах і батальёнаў адкормленых ды замбаваных берыеўцаў, праўды не дачакацца”.

Слухач Павал канкрэтызуе сваё нэгатыўнае стаўленьне да абяцаньняў Лукашэнкі.

Спадар Павал: “У Беларусі справядлівых выбараў не было і ня будзе. Бо ва ўладзе ад нізу да яго асяродку правяць не абраньнікі народу, а прызначэнцы. Таму паўсюль беззаконьне, хамства, карупцыя, бардак, галеча. Гэта лукашэнкаўская стабільнасьць бандытызму”.

Чарговы спадар у “захапленьні” ад тэзы кіраўніка краіны пра неабходнасьць даць магчымасьць падрыхтавацца да выбараў сваім супернікам.

Спадар: “Перапалохаўся ён вельмі... І пра што ў выніку размаўляе з намі Аляксандар Рыгоравіч? Трэба даць іншым кандыдатам у прэзыдэнты падрыхтавацца добра! Колькі крывадушнасьці! Я памятаю тыя прэзыдэнцкія выбары, калі кандыдаты ў прэзыдэнты каля пад’ездаў стаялі і двух-трох чалавек сабраць не маглі. Тады, калі ён грамыхаў, карыстаючыся адміністрацыйным рэсурсам. Напраўду, нешта тут падазрона!

У наступным званку — ужо пэўныя рэкамэндацыі апазыцыйным кандыдатам на вышэйшую пасаду.

Спадар: “Хай скажуць, ці не прададзім мы амэрыканцам незалежнасьць супраць Расеі. А пасьля будзем крычаць пра незалежнасьць супраць амэрыканцаў. Вось людзі і баяцца гэтага. Трэба, каб нехта выступіў: хай скажа, што застанецца так сама ўсё ў сельскай гаспадарцы, што ня будзем прамысловыя прадпрыемствы прадаваць налева і направа. Што? Як? Канкрэтна хай скажуць!

Яшчэ больш дакладна прапісвае альгарытм выбарчай працэдуры наступны слухач:

Спадар: “Патрэбна ўвесьці ў склад усіх камісій прадстаўнікоў усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта з правам праверкі бюлетэняў. Выбары праводзіць толькі адзін дзень. З 8 да 22 гадзіны, неабмежаваны доступ кандыдатаў на радыё, тэлебачаньне, да прэсы, з правам крытыкі кожнага прэтэндэнта. Абавязкова “круглыя сталы”, дыскусіі паміж прэтэндэнтамі. Жыхары дзяржавы на свае падаткі павінны ведаць усё”.

А зараз — камэнтар грамадзкага рэдактара тыдня, былога вайскоўца, пэнсіянэра Ільлі Копыла.

Ільля Копыл: “Больш-менш сумленныя дэмакратычныя выбары на Беларусі адбыліся двойчы: у дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня і ў 1995-м — выбары першага прэзыдэнта краіны. Пасьля гэтага ў дзяржавы сапраўдных выбараў ужо больш ніколі не было і не прадбачыцца. Што ўлада заяўляе пра лібэралізацыю выбарчага заканадаўства і працэсу, у такое можа паверыць толькі наіўная Эўропа. А насамрэч будзе ўсё так, як было. Проста пабачым нейкую імітацыю. Пусканьне пылу ў вочы...

І напрыканцы — крытычны сыгнал з Арэхаўску, што на Віцебшчыне.

Спадар: “Арэхаўская сярэдняя школа Аршанскага раёну. Усю чвэрць дзеці працуюць на цяплічным камбінаце, на полі. Працавалі па чарзе. Ад панядзелка працуюць усе клясы. Урокі не праведзеныя — запісаць, адзнакі выставіць — і ўсё будзе добра, шыта-крыта. Заўтра будзе ў пятніцу суботнік. Чаму вучым і як вучым?

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG