Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна палітычная галадоўка


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Адвакат Андрэя Бандарэнкі паведаміў, што ягоны падабаронны ад 19 кастрычніка трымае галадоўку. Даведаўся адвакат пра гэта падчас сустрэчы з Андрэем у менскім сьледчым ізалятары.

Нагадаем: 9 кастрычніка Андрэя Бандарэнку пакаралі зьняволеньнем на 7 гадоў. Год таму ён прэтэндаваў на мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі
паведаміў “Свабодзе”, што накіраваў зварот у Раду Эўропы з просьбай паспрыяць вызваленьню Андрэя Бандарэнкі. Андрэй Бандарэнка быў слухачом “Школы палітычных дасьледаваньняў”.

“Мы як “Школа палітычных дасьледаваньняў”, якая працуе ў рамках праекту Рады Эўропы, праінфармавалі Раду Эўропы пра тое, што выпускнік гэтай школы, які быў кандыдатам у дэпутаты, трапіў пад палітычны перасьлед.

Распавялі, што праблемы ў Андрэя пачаліся пасьля ўдзелу ў выбарах, чаго раней не было. Віна ў судзе абсалютна не была даказана. Відавочна, што Бандарэнка, які займаў пасаду бізнэс-кансультанта, пры тым, што ў фірме ёсьць дырэктар, камэрцыйны дырэктар — адзін быў на лаве падсудных. Іншых не было, як я мяркую, таму, што яны нікуды не балятаваліся”.



Нагадаем: паводле афіцыйнага абвінавачаньня, Андрэй атрымаў грошы ад нейкай асобы, якую так і ня вызначылі. Гэтая асоба нібыта перадала Бандарэнку грошы памерам каля дзьвюх з паловай тысяч базавых велічынь. Але ў справе не пазначана, за якія паслугі невядома хто заплаціў кансультанту грошы. Паводле абвінавачаньня, гэта адбылося пасьля таго, як фірма “Белвысотстрой Групп”, дзе Андрэй працаваў кансультантам, заключыла дамову зь бярэзінскай фірмай на будоўлю 75-кватэрнага дома ў Бярэзіне.

Андрэя Бандарэнку затрымалі супрацоўнікі міліцыі, як толькі ён прыехаў дадому. Да суду яго трымалі пад вартай. 9 кастрычніка суд Першамайскага раёну Менску пакараў яго зьняволеньнем на 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.



Валянціна Палевікова сачыла за судовым працэсам. Яна лічыць, што Андрэй Бандарэнка папоўніў шэрагі палітвязьняў.

“Тут ёсьць немалы палітычны аспэкт. Андрэй быў слухачом “Школы палітычных дасьледаваньняў”. Падчас сэсіі ў Варшаве Андрэю сказалі, што ёсьць чуткі аб тым, што рыхтуецца справа з палітычных матываў.

Андрэй добра балятаваўся падчас парлямэнцкай кампаніі. Ён заняў другое месца ў акрузе, і гэта стала нечаканым для ўлады. Потым Андрэй пачаў абскарджваць вынікі кампаніі. Вось у гэтым уся прычына”.

Адвакат Андрэя Зьміцер Лаеўскі паведаміў “Свабодзе”, што пра галадоўку даведаўся, калі меў спатканьне са сваім падабаронным. Той распавёў адвакату, што галадае ад панядзелка.

“Ён адчувае сябе так, як адчувае сябе чалавек, які некалькі дзён нічога ня еў. Пакуль ад яго ніякіх скаргаў на стан здароўя не было”.

Наступная сустрэча адваката з Андрэем Бандарэнкам заплянаваная на 26 кастрычніка. Справа ў тым, што пратакол судовага паседжаньня ў крымінальнай справе Андрэя яшчэ не падрыхтаваны. Ён неабходны дзеля таго, каб падаць касацыйную скаргу на прысуд у вышэйшыя інстанцыі.

Пакуль Андрэя Бандарэнку трымаюць у камэры менскага СІЗА, але ня выключана, што яго могуць днямі перавесьці ў папраўчую калёнію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG