Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адкажа Глен Хэнлан?


Глен Хэнлан
Глен Хэнлан

Сёньня мае канчаткова вырашыцца лёс працы ў Менску для канадзкага хакейнага спэцыяліста Глена Хэнлана, які да нядаўняга часу адначасова трэніраваў каманду менскага “Дынама” і нацыянальную зборную Беларусі.


Увечары 20 кастрычніка, пасьля хатняй паразы “Дынама” у Кантынэнтальнай хакейнай лізе ад аўтсайдэра – хабараўскага “Амура”, на рашэньне старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Ўладзімера Навумава Глен Хэнлан разам са сваімі асыстэнтамі быў адпраўлены ў адстаўку. 22 кастрычніка заканчваецца тэрмін, дадзены канадцу на роздум адносна далейшага супрацоўніцтва зь беларускай зборнай.

Яшчэ ў мінулыя выходныя Ўладзімер Навумаў на пару з Гленам Хэнланам у атачэньні фотажурналістаў скаралі так любыя былому міністру ўнутраных спраў звышдоўгія пешыя дыстанцыі, а сёньня іхныя дарожкі, здаецца, разышліся канчаткова. Фармальнай падставай да разводу нядаўніх сяброў стаў правал “дынамаўцаў” у гульні зь ня самым моцным “Амурам”. Пасьля працяглай затрымкі на пасьляматчавую прэсавую канфэрэнцыю, насуперак чаканьням, прыйшоў не галоўны трэнэр ці ягоныя заакіянскія памочнікі Шон Сімпсан і Дэйв Льюіс, а кіраўнік хакейнай фэдэрацыі, які заявіў: рэшэньне адмовіцца ад паслугаў Хэнлана прынятае не на эмоцыях, як камусьці падалося, а з-за таго, што ў каманды папросту няма характара і спакойна назіраць далейшае скатваньне ў бездань больш няма рады: “Цяперашні трэнэрскі штаб ня здольны выхаваць паўнавартасных байцоў”,– канстатаваў Навумаў:


“Пасьля гульні мной было аб’яўлена, што ўсё трэнэрскае кіраўніцтва каманды “Дынама” (Менск) сыходзіць у адстаўку. Пры такім падборы гульцоў каманда надалей гуляць ня можа”.

Уладзімер Навумаў таксама сказаў, што гэта асабіста ягонае рашэньне, а не ўзгодненасьць з “хакеістам №1” – Аляксандрам Лукашэнкам. Як, зноў жа, шмат якія аналітыкі падумалі.

Пры гэтым кіраўнік фэдэрацыі ўдакладніў: Хэнлану прапанавана застацца на пасадзе настаўніка зборнай Беларусі. У прыватнасьці, канадца просяць засяродзіцца на падрыхтоўцы ня толькі да зімовай Алімпіяды-2010 у Ванкувэры, але і да чэмпіянату сьвету 2014 году ў Менску. Канчатковы тэрмін для адказу заканчваецца сёньня і бальшыня экспэртаў сыходзяцца ў меркаваньні, што пасьля такой аплявухі з “Дынама” выпрабоўваць характар Навумава далей няма сэнсу. Дый сам генэрал ускосна даў зразумець, што не асабліва чакае, каб Хэнлан адказаў згодай. Дарэчы, калі вызваленае месца галоўнага трэнэра “Дынама” ужо заняў экс-трэнэр “Гомелю” Аляксандар Андрыеўскі, то ў прывязцы да зборнай няма нават варыянтаў. Так што спробы Навумава адмежавацца ад эмоцый, праўдападобна, не да канца шчырыя. Што тычыцца самога Глена Хэнлана, то ад размоваў з журналістамі ён пакуль ухіляецца – відавочна, што такое рашэньне стала для яго шокам.

Тым часам спартовыя журналісты хорам называюць крок зусім не лягічным. Перад гэтым тры матчы запар “Дынама” атрымлівала перамогі, дэманструючы досыць высокі кляс гульні. Хоць і крыўдная, але не сьмяротнае спатыкненьне на “Амуры” – не нагода да радыкальных высноваў. Да таго ж, Хэнлана ў Беларусі добра ведаюць ад 2005 году, калі ўпершыню трэніраваць каманду ў гульнявых дысцыплінах быў запрошаны замежнік. Менавіта Хэнлан – “каваль” найвялікшых дасьгненьняў беларускай зборнай. 6-е месца на чэмпіянаце сьвету 2006 году – пакуль найбольшы посьпех беларусаў. Іншая справа, што Хэнлана суправаджае рэпутацыя не зусім клюбнага трэнэра, паколькі таксама непрацяглым аказаўся ягоны досьвед кіраўніцтва камандай НХЛ “Вашынгтон Кэпітэлз”: і за акіянам у Хэнлана не асабліва атрымалася выхаваць байцоў у межах асобна ўзятага клюба.

У сваю чаргу ўдзел менскага “Дынама” у Кантэнэнтальнай хакейнай лізе мае пад сабой немалыя выдаткі для Фэдэрацыі хакею Беларусі. Таму натуральна, што ад каманды чакаюць самаахвярнай гульні. Але, відаць, суадносіны кошту паслугаў і якасьці трэнэрскай працы ўрэшце пачалі выклікаць пытаньні. Зрэшты, уласна трэнэрскія прыбыткі ў такіх выпадках застаюцца таямніцай. Аднак вядома, што іншаму паўночнаамэрыканскаму спэцыялісту – Курту Фрэйзэру, які на год замянаў Хэнлана ля руля зборнай Беларусі, за сэзон той жа Навумаў паклаў 100 тысяч даляраў. Праўда, тады ад Фрэйзэра не патрабавался пастаяннай прысутнасьці ў Беларусі. У выпадку з Хэнланам узровень занятасьці на парадак большы, а значыць, і вышэйшыя запыты. Але, як паказвае досьвед, у любы час ад такіх паслугаў тыя, хто плацяць, могуць адмовіцца. І ў адзін момант можна апынуцца на вуліцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG