Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Хведарук у салдацкім адпачынку


Зьміцер Хведарук

Зьміцер Хведарук

Камандаваньне жодзінскай вайсковай часткі адпусьціла Зьмітра Хведарука ў дзесяцідзённы адпачынак. Салдат-апазыцыянэр адслужыў палову тэрміну і цяпер мае свой уласны досьвед вайсковай службы.

Зьмітра Хведарука гвалтам прывезьлі на тэрыторыю жодзінскай вайсковай часткі напрыканцы студзеня. Яго затрымалі дома міліцыянты, якімі камандавалі людзі ў цывільным. Хлопца адвезьлі спачатку ў турму на вуліцы Акрэсьціна, а адтуль у войска.

Зьміцер напачатку службы трапіў у шпіталь, дзе яму зрабілі апэрацыю. Потым яго некалькі разоў лячылі ў санчастках, бо хлопец не пасьпеў нават прайсьці мэдкамісію. Суд пастанавіў, што гвалтоўны прызыў Хведарука на службу быў законным.

Зьміцер распавёў “Свабодзе”:

“Апошнім часам ніякіх асаблівых праблем няма. Мы з хлапцамі дружна жывем, займаемся нейкімі працамі, размаўляем пра ўсё на сьвеце. У нашай роце больш стала чытачоў бібліятэкі. Паўдзельнічалі ў футбольным турніры транспартнага дэпартамэнту і занялі трэцяе месца”.

Зьміцер, нягледзячы на тое, што яму даволі часта не давалі звальненьня, не адчуваў сябе ў ізаляцыі. Хлопец расказаў, што атрымлівае лісты і сустракаецца зь сябрамі, якія да яго прыяжджаюць.

“Газэты атрымліваю ці слухаю прымач, які гучыць увечары на ўсю казарму. Пасьля стужкі навінаў у нас нават ідзе абмеркаваньне. З большага станоўча рэагуюць. А ёсьць тыя, якія перакананыя, што гэта навіны з Захаду, што гэта апазыцыя, БНФ, якія расхістваюць стабільнасьць у нашай краіне.

Адчуваньне таго, што войска рыхтуе цябе для абароны свабоды Радзімы, ці яе незалежнасьці зусім адсутнічае.
Але хлопцы самі параўноўваюць, што кажа праграма “Арсэнал” па нядзелях з тым, што ёсьць у войску насамрэч. З гэтага робяць выснову, што, напэўна, у гэтых навінах больш праўды, бо там кажуць тое, чаго ня кажуць у афіцыйных сродках масавай інфармацыі”.

Зьміцер Хведарук за час службы ў войску адкрыў для сябе некаторыя рэчы.

“Адчуваньне таго, што войска рыхтуе цябе для абароны свабоды Радзімы, ці яе незалежнасьці зусім адсутнічае, бо ў большасьці людзей тэрміновай службы і большасьці афіцэраў стаўленьне такое: абы нічога не рабіць і каб ніхто гэтага не заўважыў. Каб цябе менш краналі, будзь спакойны. Нічога не кажы, нікуды ня лезь, і ўсё”.

Зьміцер Хведарук падзяліўся сваім самым галоўным уражаньнем ад войска.

“Войска нагадвае выспу пасьля аварыі. Тут людзі, якія абсалютна не пасуюць адзін да аднаго. У іншым жыцьці яны б нават ніколі не пазнаёміліся адзін з адным, нават, можа, не пачалі б размаўляць. Але, калі патрапілі ў такія ўмовы, то, што ім застаецца? Яны вымушаны гэта рабіць”.

Адпачынак Зьмітра Хведарука скончыцца ў апошні дзень кастрычніка. Ён мусіць зьявіцца ў частцы да вечаровай паверкі.

XS
SM
MD
LG