Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альбо — стрэс, альбо — сэкс


Зьміцер Капусьцін
Зьміцер Капусьцін

35 год таму, у кастрычніку 1974 году, упершыню ў Беларусі пацыента прыняў сэксапатоляг. Сёньня Зьміцер Капусьцін распавёў, як зьмяніліся цягам гэтых гадоў праблемы, зь якімі зьвяртаюцца да сэксолягаў людзі, і ці ёсьць сувязь паміж фінансавым крызісам і сэксуальным здароўем.


На сёньняшні дзень у Беларусі 10 сэксолягаў і 5 псыхолягаў-сэксолягаў. І, як кажа Зьміцер Капусьцін, чэргаў да іх кабінэтаў не назіраецца. За год — тысяча-паўтары пацыентаў. Хаця цягам 35 год працы пералік праблемаў, зь якімі зьвяртаюцца пацыенты, не зьмяніўся. Агулам кажучы — незадаволенасьць сэксуальным жыцьцём. Зьвяртаюцца найперш мужчыны:

“Імітаваць эрэкцыю складаней, чым імітаваць аргазм. Таму больш зьвяртаюцца мужчыны. Хаця калі гаварыць аб праблеме задаволенасьці сэксуальным жыцьцём, то, думаю, колькасьць іх у жанчын і мужчын прыкладна аднолькавая. Але жанчыны прыходзяць рэдка. З розных прычын — у тым ліку і з-за таго, што жанчынам уласьцівая задаволенасьць сэксуальным жыцьцём без аргазму”.

І ў крызіс, і да крызісу, і пасьля крызісу дапамога сэксолягаў, на думку спадара Капусьціна, будзе запатрабаванай:

“Вельмі грубае параўнаньне, але прыкладна так і лёгка запомніць: колькасьць праблем сэксуальнага характару адпавядае ўзросту. У 20 год — 20 праблем, у 40 — сорак, у 80 — 80. Вось колькі людзей патрабуюць дапамогі — недзе кансультатыўнай, недзе лячэбнай. І гэтак было заўсёды”.

На сэксуальнае жыцьцё ўплывае стрэс. Пасьпяховыя на працы кіраўнікі, мэнэджэры працуюць ва ўмовах стрэсу няспынна. І гэта пазбаўляе іх сэксу. Так бы мовіць, ці стрэс, ці сэкс:

“Але што цікава: вось варта даць яму заспакаеньне, адпачынак — калі адлучаны тэлефон, — зьявілася лібіда, ён жыве паўнавартасным сэксуальным жыцьцём. Вярнуўся, 2—3 дні на працы — зноў вяртаюцца праблемы”.

Цікава, што жанчын гэтая “стрэсавая” праблема закранае ў меншай ступені. Таму што жанчыны значна хутчэй аднаўляюць страчаныя сілы ў любых сытуацыях.

Паводле Зьмітра Капусьціна, шлюб даволі часта гіне праз спажывецкае стаўленьне да самога статусу сям’і:

“Я калі гутару з жанчынамі, у якіх праблемны, канфліктны шлюб, задаю пытаньне — хто для цябе самы блізкі чалавек? Розныя адказы — мама, дзіцё… Дык вось, на мой погляд, муж павінен быць бліжэйшы за маму. Тады ты будзеш змагацца за гэтыя адносіны. Кахаць трэба ўзахлёб”.

У бліжэйшых творчых плянах сэксапатоляга Зьмітра Капусьціна — кніга “Сэкс пасьля сарака”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG