Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Делегатаў на Эўрафорум вылучалі на сходах у прыватных дамах


На сходзе жыхароў Чыгуначнага раёну абрана 11 дэлегатаў на Эўрафорум

На сходзе жыхароў Чыгуначнага раёну абрана 11 дэлегатаў на Эўрафорум

Каля 100 дэлегатаў вылучана ў Гомельскай вобласьці на Беларускі Эўрапейскі форум, які ладзяць 14 лістапада ў Менску рух “За cвабоду” разам зь іншымі праэўрапэйскімі дэмакратычнымі сіламі.


Каардынатар руху “За свабоду” ў рэгіёне Ўладзімер Кацора паведаміў, што сходы актывістаў адбыліся ўжо ў 15 раёнах. Улады, аднак, нідзе не далі для сходаў прыстасаваных памяшканьняў:

“На жаль, я не магу прывесьці ніводнага прыкладу ў Гомельскай вобласьці, калі б улады далі памяшканьне для нашых сходаў, на якіх вылучаліся дэлегаты. Але ж мы знайшлі выйсьце. Сходы ладзіліся ў кватэрах, прыватных дамах, офісах арганізацыяў. Людзі, вядома, цікавяцца пытаньнямі, якія будуць разглядацца на форуме, чакаюць арыенціраў, асабліва ў кірунках, замоўленых форумам. Гэта найперш наш удзел у эўраінтэграцыі, у дыялёгу паміж Захадам і Беларусьсю”.

Дэлегат Эўрафоруму з Рэчыцы Андрэй Стрыжак апавёў:

“Эўрапейскі форум для мяне вельмі істотны. Я некалькі гадоў жыў у Эўропе. Разумею працэсы эўрапейскага грамадзтва, бо бачыў іх асабіста. Лічу, што Беларусь павінна ісьці тым шляхам, якім ідзе Эўропа. І на Эўрапейскі форум еду не адзін, а са сваімі сваякамі”.

Сёньня ўвечары ў абласным цэнтры адбудзецца сход Цэнтральнага раёну па вылучэньні дэлегатаў. Завершыцца кампанія ў рэгіёне заўтра абраньнем прадстаўнікоў на форум ад Навабеліцкага раёну Гомеля.

XS
SM
MD
LG