Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандру Мілінкевічу трэ дадаць палітычнай злосьці”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — меркаваньне пра шляхі беларусізацыі краіны, параўнаньні палітычных партрэтаў спадароў Лукашэнкі й Пуціна, згадкі пра выбары ўкраінскага прэзыдэнта.

Слухачы працягваюць дыскусію пра ўмовы, пры якіх беларуская мова ўвайшла б у шырокі ўжытак. Вось меркаваньне спадарыні Белановіч

Cпадарыня Белановіч: “Каб першая асоба рэспублікі гаварыла на мове свайго народу, — гэта значыць па-беларуску, усьлед за ёй, без аніякай панукі, па-беларуску загаварылі б і міністры, і наша чынавенства. На жаль, сытуацыя на сёньня адваротная”.

Упершыню да нас дазваніўся спадар Уладзіслаў — украінец, закінуты лёсам у паволжскія Чэбаксары. Ён рэгулярна слухае беларускую “Свабоду” і вось на што раіць зьвярнуць увагу...

Cпадар: “Галоўная пагроза незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь зыходзіць ад сучаснага расейскага гэбэшна-фашыстоўскага рэжыму. У прыватнасьці, называючы Лукашэнку апошнім дыктатарам Эўропы, не забывайце згадваць, што фактычна найбольш брыдкая дыктатура ў Эўропе ці нават у Эўразіі існуе менавіта ў Расейскай Фэдэрацыі, паколькі менавіта Пуцін зьяўляецца сапраўдным дыктатарам, прыкрываючыся пры гэтым шматпартыйнай сыстэмай. Злачынства Пуціна і яго хунты супраць мірнага насельніцтва ў Чачні будзе некалі разглядацца судом міжнароднага трыбуналу”.

Я ўжо казаў, што аўтар гэтага званка — украінец. Як ён цікавіцца беларускімі справамі, так і шмат хто зь беларусаў — украінскімі.

Cпадарыня: “Вельмі падтрымліваю спадарыню Галіну з Магілёва, вашу слухачку, пра ўкраінскага прэзыдэнта Юшчанку. Дай Бог яму ўдачы і вытрымкі”.

А далей шаноўная спадарыня пераходзіць да патэнцыйных выбараў прэзыдэнта Беларусі.

“Аляксандар Мілінкевіч стаў больш радыкальны і катэгарычны ў сваіх выказваньнях. Адчуваецца вялікі палітычны патэнцыял яго і вялікі палітычны розум. І больш бы Аляксандру Мілінкевічу палітычнай злосьці і вельмі моцнага жаданьня стаць прэзыдэнтам Беларусі. Мілінкевіч сказаў, што эўрапейскія плыні заўсёды праходзілі празь Беларусь і часам даходзілі і да Расеі. Клас!”

Гэтае выказваньне камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — былы вайсковец, пэнсіянэр Ільля Копыл:

Ільля Копыл
“Юшчанка мне таксама падабаецца. Пры любым раскладзе там, на Ўкраіне, выбары больш дэмакратычныя, бо ў краіне больш свабоды. І прачытаў толькі што выказваньне Лукашэнкі: я прыхільнік правядзеньня чэсных, справядлівых і — самае галоўнае — адкрытых выбараў, ад чаго, маўляў, нам адхіляцца нельга… А калі адхіляцца нельга, то выбары будуць такімі самымі, як і ў 2006 годзе, калі за жаданьне правесьці прэсавую канфэрэнцыю і папрысутнічаць на Ўсебеларускім зьезьдзе адзін з супернікаў Лукашэнкі Аляксандар Казулін апынуўся ў турме... Каб выбары ў Беларусі былі сапраўды дэмакратычнымі, трэба скасаваць вынікі адпаведнага рэфэрэндуму, які дазволіў дзейнаму прэзыдэнту балятавацца чарговым разам. Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, нікому сваю ўладу ён не аддасьць”.

І напрыканцы — тэлефанаваньне пра цяперацніх беларускіх чыноўнікаў.

Cпадарыня: “Глядзела ўчора па БТ перадачу пра стымуляваньне чыноўнікаў і супрацоўнікаў. Што стымуляваць? Затратную эканоміку, гадзіньнікі “Луч” і туфлі, у якіх зручна толькі ляжаць? Ці малочныя прадукты, якія па цане ніжэйшай за сабекошт будуць пасьпяхова распрадавацца ў суседніх краінах? Хто стымуляваў праграміста-пачаткоўца Біла Гейтса, які са сваёй адукацыяй у нас да 50 год толькі б сьмецьце зьбіраў? У камандна-адміністрацыйнай сыстэме ўпраўленцы ўсіх масьцяў стымулююць перш за ўсё сябе, забыўшыся пра законы і сумленьне. А калі раптам у нас Біл Гейтс і завядзецца, то, паверце, яго імя мы ніколі не пачуем, затое даведаемся, як завуць яго начальніка і як яго ўзнагародзілі. Вось і ўся стымуляцыя”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG