Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 кастрычніка ў расейскім Санкт-Пецярбургу на 99-м годзе жыцьця памерла Марыя Чапялёва (з Шабуняў). Яе маці Эмілія была роднай сястрой слынных дзеячаў беларускага адраджэньня Івана і Антона Луцкевічаў.


Яна нарадзілася 16 студзеня 1911 году ў горадзе Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) у сям’і інжынэра-чыгуначніка Алеся Шабуні і выпускніцы беластоцкага інстытуту шляхетных дзяўчат Эміліі Луцкевіч. У 1916-м сям’я пераехала ў Менск. Тут Марыя скончыла мэдыцынскі інстытут, пасьля чаго разам з групай сяброў была арыштаваная і абвінавачаная ў антысавецкай прапагандзе. Асуджаная ў 1936-м на тры гады лягераў, яна ніколі ўжо не змагла вярнуцца ў Беларусь і нават цягам дваццаці гадоў ня ведала пра лёс маці і сястры Яніны (бабулі славутага сьпевака Данчыка), якія падчас вайны выехалі за мяжу.

Усё пасьлялягернае жыцьцё спадарыня Марыя працавала лекарам у Манчагорску Мурманскай вобласьці. Распавядае дачка Маргарыта Пярова:

“Мама была вельмі адданая сваёй працы. У хаце ў нас размаўлялі толькі пра лекі і хворых. Мама працавала і ўдзень, і ўвечары, і ноччу яе выклікалі”.

Пасьля выхаду на пэнсію ў 1973 годзе яна пераехала да дачкі ў Санкт-Пецярбург і актыўна ўключылася ў жыцьцё беларускай грамады, а пазьней і таварыства ахвяраў сталінізму “Мэмарыял”. Спадарыня Пярова працягвае:

“Нягледзячы на сталыя гады, на перажытае ў лягерах, яна была вельмі мабільная. Чатыры гады таму мы сьвяткавалі беларускай грамадой яе 95-годзьдзе. Сабралася шмат людзей, прыяжджаў Данчык. Так было прыгожа, так было цудоўна. Яна так добра выглядала, такая маладая. Побач зь ёй людзі проста лепшымі станавіліся. Нейкае сьвятло ад яе было. Што цёця Яня, што мама — гэта такая шляхетнасьць, якой ужо няма”.

Шматгадовае сяброўства з нашчадкамі Луцкевічаў зьвязвае Ірыну Ніжанкоўскую, унучатую пляменьніцу першага рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Ўласава і падчарку мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча. Разьвітаньне з Марыяй Чапялёвай для яе — разьвітаньне з цэлай эпохай першых беларускіх адраджэнцаў:

“Яна была апошняй з таго старэйшага пакаленьня, каго я ведаю, зьвязаных зь беларусамі. Наша сям’я больш веку сябравала зь сям’ёй Луцкевічаў. І гэта сяброўства наша працягваецца. Першы раз я пазнаёмілася з Марыяй Аляксандраўнай у Радашкавічах, куды яна прыехала са сваім стрыечным братам Лявонам Луцкевічам да маёй мамы. На жаль, пазьней нашы спатканьні былі больш сумныя. Некалькі разоў я зь ёй спатыкалася ў Вільні. Разам былі на пахаваньні Зоські Верас, Юркі Луцкевіча. Пару гадоў таму я адведала гасьцінны дом Марыі Аляксандраўны ў Пецярбурзе, і яна мяне ўразіла, што ў такім ужо веку сталым, каторая прайшла такое цяжкое жыцьцё, яна была вельмі аптымістычная, любіла пасьмяяцца, пажартаваць, была такая вясёлая”.

У Марыі Чапялёвай засталіся дачка Маргарыта і двое ўнукаў — Натальля і Павал.

***

Пра сястру сваёй бабулі ўспамінае Данчык:

“Год таму назад у Пецярбург езьдзіла мая сяброўка-ангелька, і я ёй параіў завітаць да маіх сваякоў, у чыёй сям'і галоўнай была *Манечка*, як мы заўсёды называлі малодшую ўлюбеную сястру маёй бабці.

Пабываўшы ў гасьцях, мая глыбока ўражаная новым знаёмствам сяброўка адразу напісала мне электронны ліст: "Я проста захопленая тваёй цёткай. Глядзела на яе і ўвесь час думала - гэта само Дабро. Ейныя вочы проста зьзялі дабром!!"

І сапраўды так было.

Упершыню я пазнаёміўся з Манечкай, калі адбыўся ейны доўгачаканы прыезд у Нью Ёрк на пачатку 70-ых. Ніколі не забуду сьлёзы радасьці маёй старэнькай прабабкі Эміліі, калі яна пасьля столькіх дзесяцігодзьдзяў ізноў убачыла сваю дачку. Так і стаіць перад вачыма гэты драматычны момант іхніх першых абдымкаў у зацемненым калідоры нью-ёркскай кватэры маёй бабці.

Мне было гадоў 12-13, і я тады захапіўся і палюбіў Манечку назаўсёды. Вельмі ганарыўся тым, што яна лекар – і да таго яшчэ такая прыгожая.Тады ёй было крыху больш, як мне сёньня. Высокая, даўгія зграбныя ногі, на абцасах-шпілечках, у чырвонай сукенцы, з цыгарэткай у адной руцэ, кілішкам у другой... Танчыла, сьмяялася... Блакітныя вочы, усьмешка і дабрыня.

...Сёньня абарвалася тоненькая нітачка, якая яшчэ неяк зьвязвала з успамінамі, з далёкім мінулым... ня толькі маім асабістым, але й нашым нацыянальна-супольным...”


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG