Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковае ведамства Польшчы абвясьціла пра заканчэньне расьсьледаваньня прычын катастрофы беларускага самалёта “СУ-27” пад польскім горадам Радамам. Беларускае Міністэрства абароны заяўляе, што грамадзкасьць азнаёміцца з гэтымі вынікамі пазьней.

У прэсавай службе Мінабароны Беларусі распаўсюдзілі заяву наконт паведамленьня польскага боку пра тое, што расьсьледаваньне катастрофы беларускага самалёта “СУ-27” у Радаме завершанае і вынікі накіраваныя ў Менск. Кажа палкоўнік Вячаслаў Раменчык:

“20 кастрычніка ў Міністэрстве абароны Беларусі атрымалі вынікі расьсьледаваньня авіякатастрофы, якая адбылася 30 жніўня ў горадзе Радаме ў Польшчы. Гэтым часам матэрыялы вывучаюцца і аналізуюцца. Пасьля гэтага адпаведныя высновы будуць паведамленыя грамадзкасьці”.

Нагадаю, 30 жніўня на авіяшоў пад польскім горадам Радам загінулі беларускія лётчыкі-снайпэры Аляксандар Марфіцкі і Аляксандар Жураўлевіч, якія служылі ў Баранавічах. Якія былі вэрсіі здарэньня?

Сярод магчымых прычын катастрофы адразу была названая тая, што ў рухавік самалёта нібыта патрапіла птушка. Менавіта гэтую прычыну найчасьцей называлі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі. Між тым рэальных падстаў для яе гэтак і не зьявілася: на відэаздымках палёту беларускага СУ-27 птушак побач з самалётам не відаць.

Марфіцкі і Жураўлевіч загінулі на самалёце расейскай вытворчасьці “СУ-27”, які прайшоў мадыфікацыю ў Беларусі. Недзяржаўныя мэдыі ня выключылі тэхнічную прычыну аварыі. Прадстаўнік расейскага канструктарскага бюро, дзе спраектавалі самалёт “СУ-27”, паведаміў незалежным журналістам, што ўнесеныя беларускім бокам тэхнічныя зьмены маглі ў горшы бок паўплываць на лётныя характарыстыкі самалёта, што прывяло да аварыі.

Яшчэ адна вэрсія ўзьнікла пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце тэксту размовы лётчыкаў з дыспэтчарам. Гэтыя размовы былі прааналізаваныя адмыслоўцамі, якія ўлічылі дадзеныя пра хуткасьць ветру, вышыню ды іншыя фактары. Адзін з такіх адмыслоўцаў выступіў на старонках “Комсомольской правды” в Белоруссии”. Зь яго словаў вынікала, што памылку дапусьцілі беларускія лётчыкі, распавядае карэспандэнтка Ірына Козьлік:

“Насамрэч адмыслоўцы вельмі шмат зразумелі па гэтым запісе і зрабілі свае высновы. Яны мяркуюць, што і камісіі ўжо вядомыя сапраўдныя прычыны аварыі, але не выключаюць, што іх не агалосяць. Бо вайскоўцы ня любяць выносіць сьмецьце з хаты...”

Нядаўна сярод вайсковых лётчыкаў зьявілася яшчэ адна вэрсія — што самалёт “СУ-27” яшчэ ў Беларусі заправілі палівам звыш меры, бо вайсковае начальства вырашыла зэканоміць і не набываць у Польшчы газу на адваротны шлях. Маўляў, пры моцным ветры лётчыкі гэтага не ўлічылі. У Мінабароны гэтай вэрсіі не камэнтуюць.

Палкоўнік Вячаслаў Раменчык паведаміў “Свабодзе”, што сем’і загіблых лётчыкаў яшчэ не атрымалі страхоўку, і спаслаўся на закон:

“Ёсьць закон аб статусе ваеннаслужачага, якім прадугледжаны парадак выплаты страхоўкі ваеннаслужачаму. Калі будзе завершанае расьсьледаваньне, будзе выплачаная і страхоўка”.

Страхоўка ў выпадку сьмерці ваеннаслужачага — гэта 250 базавых велічынь, альбо амаль 9 мільёнаў рублёў ці 3 тысячы даляраў. Лётчыкі ў Баранавічах кажуць, што ў краінах Эўропы іх калегі маюць страхоўкі ў дзясяткі разоў большыя.

Як будзе ўшанаваная памяць Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча? “У войску заўсёды ўшаноўваюць памяць загіблых. Гэта традыцыя. Якім чынам — гэта ўжо другое пытаньне”, — адказалі ў Міністэрстве абароны.

Назіральнікі адзначылі, што на цырымонію пахаваньня лётчыкаў, якая праходзіла 3 верасьня ў Баранавічах, не прыехаў ніхто з высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG