Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Чыгуначнага раёну Гомеля працягваюць завочна штрафаваць грамадзкіх актывістаў, якія 16 верасьня меліся зладзіць ланцуг памяці пра зьнікненьне палітыка Віктара Ганчара й бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Судзьдзя Яраслаў Парэмскі завочна аштрафаваў на 1 мільён 50 тысяч рублёў сябра АГП Аляксандра Каротчанку:

“Апошні тыдзень мяне не было ў Беларусі. І вось прыехаў і ўбачыў у паштовай скрыні судовую пастанову за подпісам судзьдзі Парэмскага. Суд адбыўся безь мяне, я не даваў ніякіх тлумачэньняў. Аштрафавалі завочна”.

У судовай пастанове пра пакараньне судзьдзя Парэмскі піша, што Каротчанку нібыта “належным чынам паведамілі пра час і месца судовага паседжаньня, але ў суд ён не зьявіўся і пра магчымую паважную прычыну сваёй няяўкі ў суд не паведаміў”.

Завочна пакараны штрафам і малады грамадзкі актывіст Арцём Хмяльніцкі:

“Судзьдзя Віталь Козыраў завочна прысудзіў мне 1 мільён 50 тысяч рублёў штрафу. Мяне на судзе не было. Я ня мог увогуле выказаць на судзе, што было насамрэч. Улады душаць усялякае праяўленьне пратэстнага настрою”.

Самы буйны завочны штраф — 1 мільён 750 тысяч рублёў — атрымаў рэгіянальны каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора. Агульная сума штрафаў, прысуджаных вочна й завочна 13 актывістам за так званае несанкцыянаванае шэсьце, якога насамрэч не было, склала 14 мільёнаў 175 тысяч рублёў.

Васіль Палякоў
Сябра рэгіянальнай каардынацыйнай рады АДС, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў паведаміў з гэтай нагоды:

“Усе судзьдзі, якія праводзілі судовыя працэсы над актывістамі, што меліся ўдзельнічаць у акцыі памяці, усе гэтыя судзьдзі ўнесеныя ў “чорны сьпіс”. Гэта “чорны сьпіс” вядзецца актывістамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, і яго можна паглядзець на сайце odsgomel.org”.
XS
SM
MD
LG