Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Ганчарэнка: У дзяцінстве бліжэйшая была беларуская


Віктар Ганчарэнка

Віктар Ганчарэнка

Лічаныя дні застаюцца да заканчэньня кампаніі перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Як ідэнтыфікуюць сябе вядомыя асобы паводле нацыянальнай прыкметы і моўных прыярытэтаў? І якую мову лічаць роднай? Ігар Карней выслухаў меркаваньні людзей, якія маюць непасрэднае дачыненьне да спартовай сфэры.


Напярэдадні заўтрашняга футбольнага матчу групавой стадыі Лігі Эўропы паміж БАТЭ з Барысава і клюбам АЕК са сталіцы Грэцыі галоўны трэнэр барысаўцаў Віктар Ганчарэнка гаварыў ня толькі пра гатовасьць да вызначальнай сустрэчы. На пытаньне Радыё Свабода — ці выканаў ён свой грамадзянскі абавязак у рамках перапісу — Віктар Міхайлавіч прызнаўся, што ва ўмовах татальнай занятасьці рукі да гэтай справы пакуль не дайшлі. Але спадзяецца, што сустрэча з перапісчыкамі ўсё ж адбудзецца. Як у такім выпадку ён зьбіраецца адказаць на пытаньне пра мову, якую лічыць роднай? Нагадаю, што самы пасьпяховы беларускі трэнэр паходзіць з Хойнікаў.

“Я яшчэ не перапісаўся, таму насамрэч цяжка пра штосьці казаць. А там увогуле адна толькі ячэйка? То бок, толькі адну мову можна ўказаць у якасьці роднай?”

Карэспандэнт: “Якую мову лічыць роднай, і тлумачэньне — мова, засвоеная зь дзяцінства…”

“Засвоеная зь дзяцінства? Ведаеце, паставілі вы мяне ў тупік гэтым пытаньнем. Нават ня ведаю, што сказаць. Так аб’ектыўна склалася, што ў спартовых колах амаль усе гавораць па-расейску. І гэта не сакрэт. Хоць у дзяцінстве, напэўна, бліжэйшая была беларуская мова. Гэта сапраўды так”.

Форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў таксама пакуль што не перапісаўся, але моўныя прыярытэты ў ягонай сям’і практычна вызначаныя:

Віталь Радзівонаў
“Мне таксама занятасьць на працы пакуль не дазволіла гэта зрабіць. Але я думаю, што ўсё ж расейская мова ў мяне працоўная. І што да зносінаў у сям’і — тое ж самае. Таму што ў мяне бацька расеец і я досыць працяглы час жыў у Расеі. То бок — ён расеец, і, адпаведна, у сям’і расейская мова заўсёды была галоўнай”.

А вось у самага, бадай, вядомага ў Беларусі і за яе межамі футбольнага арбітра Вадзіма Жука, які ўжо адзначыўся ў ліку перапісаных грамадзянаў краіны, гледзішча на родную мову значна больш грунтоўнае:

Вадзім Жук
“Наконт роднай мовы я ў анкеце ўказаў дзьве — і беларускую, і расейскую. Бо на самой справе размаўляеш больш па-расейску, але здараецца, што трэба і па-беларуску. Як на маю думку, дык паступова ўсё павінна схіляцца, канечне, у бок роднай беларускай мовы. У сувязі з тым, што ў нас быў пэрыяд Савецкага Саюзу, прамежак часу, калі ўсё было пераважна на расейскай мове, гэта і прывяло да такіх вынікаў. Хоць нават тады пытаньне ўздымалася: нібыта рэспубліка і ў складзе СССР, але ж родная мова грамадзянаў беларуская. Але так жыцьцё склалася, што большая частка была пераведзеная на расейскую мову. Аднак паступова, я думаю, цалкам будзе натуральна, калі наша беларуская, нацыянальная мова стане прывілеяванай. То бок павінна беларуская мова быць асноўнай у краіне. Проста для гэтага патрэбен яшчэ некаторы час, бо не пераробіш усё вось так адразу”.

Для колішняга спартовага камэнтатара Алеся Камароўскага моўнае пытаньне вырашанае раз і назаўсёды: родная мова — беларуская, засвоеная зь дзяцінства — таксама беларуская, паўсядзённая ўжытковая — яна ж. Спадар Камароўскі ўвогуле знакавая асоба для ўсяго беларускага спорту: ён першы ўвёў на Беларускім тэлебачаньні практыку камэнтаваньня футбольных матчаў па-беларуску, нават распрацоўваў адмысловую спартовую лексыку, адаптаваную да мясцовых умоваў і зразумелую заўзятарам. Апроч таго, ён аўтар дзьвюх аповесьцяў пра футбол — “Заварожаны мяч” і “Пэнальці”:
Ад камэнтатараў нічога не залежыць, залежыць ад начальства ...

“Ніхто ўжо не вядзе рэпартажы на беларускай мове — ні Ўладзімер Навіцкі, ні Сяргей Новікаў. Я некалі іх вучыў, трэніраваў, а яны цяпер цалкам перайшлі на расейскую мову. Шчыра кажучы, я вельмі засмучаны, бо ўсё гэта вельмі хораша пачыналася. У 1982 годзе, якраз калі “Дынама” стала ўпершыню чэмпіёнам СССР, былі першыя гады, калі я на беларускай мове вёў рэпартажы на тэлебачаньні, на радыё. А цяпер маем вось такі моўны адкат назад. Канечне, мяне гэта засмучае. Ад камэнтатараў нічога не залежыць, залежыць ад начальства. Мы сваю справу робім, а бачыце, як усё атрымліваецца. Шкада, канечне, але такі, відаць, час, такія ўмовы”.



Тым часам кіраўніцтва Першага каналу БТ паведаміла пра частковае вяртаньне ў інфармацыйныя праграмы беларускай мовы. Нагадаем, што амаль поўная русіфікацыя адбылася на дзяржаўным тэлебачаньні ў 2003 годзе з ініцыятывы тагачаснага кіраўніка БТ Ягора Рыбакова. Беларускамоўным на сёньняшні дзень ужо стаў прагноз надвор’я, неўзабаве на беларускую мову будзе пераведзены блёк навінаў а 19-й гадзіне. Такім чынам, паводле намесьніка старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі, вывучаецца запатрабаванасьць беларускай мовы глядацкай аўдыторыяй. Па яго словах, пакуль водгукі толькі станоўчыя. Апроч таго, з 12 кастрычніка перавод выпускаў рэгіянальных навінаў на беларускую мову пачаўся ўва ўсіх абласных тэлерадыёаб’яднаньнях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG