Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Вайс: выпадак Аўтуховіча ператвараецца ў палітычны


У інтэрвію “Нямецкай хвалі” пасол Нямеччыны ў Беларусі Гергард Вайс выказаў свае думкі аб стане дэмакратычных правоў і свабод у Беларусі.

Паводле нямецкага пасла, на цяперашнім этапе, калі зыходзіць зь міжнародных стандартаў, у Беларусі няма палітычных зьняволеных. Пры гэтым Гергард Вайс прызнаў, што на сёньня “ёсьць праблемы зь людзьмі, якія займаліся бізнэсам і за выказваньне сваіх перакананьняў атрымалі суровыя пакараньні”. Адзначыўшы, што ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў затрыманы да пачатку судовых працэдур, нямецкі пасол сказаў у інтэрвію, што ёсьць падставы лічыць выпадак Аўтуховіча палітычным.

Гергард Вайс прызнаў, што ў рамках дыскусіі ўнутры Эўразьвязу існуе пэўнае расчараваньне ў сувязі зь недастатковымі дзеяньнямі беларускіх уладаў у галіне забесьпячэньня грамадзянскіх правоў і свабод.

Нямецкі пасол заўважыў, што афіцыйны Менск мае нямала магчымасьцяў прадэманстраваць гатовасьць да рэальных пераменаў. У якасьці прыкладу дыплямат прывёў сытуацыю зь нерэгістрацыяй партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, якая рыхтуецца правесьці 31 кастрычніка ўжо другі свой устаноўчы зьезд.
XS
SM
MD
LG