Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Шыльда свабоды

Менск, праспэкт Незалежнасьці, 4. Галоўны корпус Белдзяржунівэрсытэту

У гэтым будынку 20 жніўня 1991 году адбыўся арганізацыйны сход для ўтварэньня Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, якое мела на мэце спрыяць стварэньню ўласнага беларускага войска. У 1993 годзе Згуртаваньне было ліквідаванае ўладамі.

На мяжы 1980 — 90-х гадоў у Беларусі, якая была яшчэ у складзе СССР, пачалі гуртавацца беларускія афіцэры, якія марылі пра самастойнае беларускае войска ў самастойнай беларускай дзяржаве. На восень 1991 году склікалі ў Менску сход афіцэраў, і раптам грымнуў путч у Маскве.

Раніцай 20 жніўня група афіцэраў і прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў сабраліся ў адной з аўдыторыяў БДУ. Прынялі рашэньне аб аб’яднаньні ўсіх патрыятычных груповак вайскоўцаў у адно “Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў” (БЗВ) і напісалі зварот да вайскоўцаў Беларускай ваеннай акругі не выконваць загады ГКЧП. Праз некалькі гадзінаў старшыня новастворанай арганізацыі падпалкоўнік Мікола Статкевіч на плошчы Леніна на мітынгу пратэсту супраць ГКЧП абнародаваў гэты зварот. Пазьней стала вядома, што супраць Статкевіча адразу ж была адкрытая крымінальная справа паводле расстрэльнага артыкула аб здрадзе радзіме. На наступны дзень пала хунта — зьнікла і справа.

У той самы дзень улёткі са зваротам, якія размножылі свабодныя прафсаюзы, раздаваліся ля вайсковых частак. Быў наладжаны кантроль за дарогамі, па якіх маглі перамяшчацца войскі.

Неўзабаве БЗВ прадставіла ў Вярхоўны Савет законапраект аб утварэньні беларускага войска. Была створана дэпутацкая камісія, у якую ўвайшоў і Статкевіч, але закон прайшоў толькі з чацьвёртай спробы ў 1992 годзе. Калі войска было ўтворанае, узьніклі іншыя праблемы — рабіліся перашкоды для вяртаньня на радзіму афіцэрам-беларусам, а ў новым беларускім войску не прымалася прысяга на вернасьць новай краіне. 8 верасьня 1992 году ў дзень масавага сьвяткаваньня перамогі беларускага войска над расейскім пад Воршай 1514 году на плошчы Незалежнасьці БЗВ наладзіла прыняцьце прысягі вайскоўцамі на вернасьць Беларусі. Мікола Статкевіч успамінае:

“Гэта была сымбалічная прысяга. Прымалі яе ў параднай форме блізу дзесяці афіцэраў. Але на плошчы стаялі некалькі тысяч вайскоўцаў запасу, якія прымалі прысягу ўсьлед за намі”.

У канцы 1991 году актывісты БЗВ напісалі кароткі агляд ваеннай гісторыі Беларусі “Забытая слава” і надрукавалі яго ва ўсіх буйных газэтах. Прачыналася нацыянальная памяць.

БЗВ было першай арганізацыяй, якая пасьля атрыманьня незалежнасьці была забароненая, — кажа Мікола Статкевіч:

“Нас забаранілі пасьля таго, як мы ў 1993 годзе правялі марш за незалежнасьць, бо тады Кебіч пачаў весьці перамовы з Масквой аб увядзеньні адзінай валюты. Некалькі тысяч вайскоўцаў, пераважна запасу, з шаўронамі, пад барабанны бой 25 сакавіка прайшлі па галоўным праспэкце Менску. Для ўладаў гэта быў шок. Перамовы былі прыпыненыя, а БЗВ пачалі ліквідаваць. Таксама былі ўнесеныя папраўкі ў закон аб статусе вайскоўцаў, ім забаранялася займацца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. Потым мы выступілі супраць дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Мяне за гэта выключылі з войска за дыскрэдытацыю званьня афіцэра”.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG