Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя працоўных зьвернецца ў Вярхоўны суд


Адмова Мін'юсту зарэгістраваць партыю працоўных будзе абскарджаная ў Вярхоўным судзе. Пра гэта БелаПАН заявіў лідэр аргкамітэту па стварэньні партыі Аляксандар Бухвостаў. Раней Мін'юст адмовіў у рэгістрацыі Партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыі і Партыі свабоды і прагрэсу.

Паводле Мін'юсту, фактычная колькасьць заснавальнікаў Беларускай партыі працоўных меншая за мінімальна неабходную ( 1000 чалавек) для стварэньня палітычнай партыі. Паводле спадара Бухвостава, у Мін'юст быў пададзены сьпіс заснавальнікаў партыі на 1008 чалавек.

Аляксандар Бухвостаў — кіраўнік ствараемай партыі заявіў “Свабодзе”, што пакуль афіцыйнага ліста зь Міністэрства юстыцыі ён яшчэ ня бачыў. Паводле дзейнага заканадаўства, адмову ў рэгістрацыі можна абскардзіць цягам аднаго месяца ў Вярхоўным судзе.

Тым часам учора стала вядома, што новы ўстаноўчы зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі можа адбыцца на Кастрычніцкай плошчы Менску 31 кастрычніка. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец. Усе адзінаццаць установаў, куды зьвярталіся арганізатары зьезду па арэнду залі, далі адмоўны адказ.

Іншы сустаршыня арганізацыйнага камітэту Віталь Рымашэўскі заявіў “Свабодзе”:

“Адмовілі ў апошнім памяшканьні, куды мы зьвярталіся. Гэта – Палац Рэспублікі. Спачатку там казалі, што ў іх заля вольная. А пасьля сказалі, што ў іх у гэты час праводзяцца нейкія ўнутраныя мерапрыемствы”.

Палітоляг Юры Чавусаў мяркуе: апошнія навіны прымушаюць падумаць над тым, што беларускія ўлады прэзэнтуюць эўрапейцам у кулюарных перамовах у якасьці дэманстрацыі добрай волі:

“Ці то нічога не дэманструецца, ці то ёсьць кулюарныя перамовы, датычныя пытаньняў не ўнутранай паліткі, а зьнешняй. Гэта можа быць, напрыклад, энэргетычная бясьпека альбо вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй, альбо прызнаньне сувэрэнітэту Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Але відавочна, што нешта павінна быць прапанавана. Ці то існуе іншы варыянт, што тыя заявы пра адмену артыкулу 193-1 беларускі бок прэзэнтуе свой намер як выканаць эўрапейскія пажаданьні”.

Застаецца дадаць, што артыкул 193-1 КК карае за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў: партыяў, грамадзкіх і рэлігійных аб'яднаньняў. Беларускія ўлады абяцалі Эўразьвяpу скасаваць гэты артыкул.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG