Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс у інтэрвію газэце "Lidove noviny" даў зразумець, што падпіша гэтак званы Лісабонскі трактат, які, прынамсі ў тэорыі, мае запэўніць больш эфэктыўнае кіраваньне Эўразьвязам і згуртаваць эўрапейскія дзяржавы шчыльней ваколь супольных мэтаў і каштоўнасьцяў.


Заява Клаўса зьявілася пасьля таго, як ірляндцы ў трэцім рэфэрэндуме зацьвердзілі гэтую "эўрапейскую канстытуцыю”, а акт ратыфікацыі Лісабонскага трактату парлямэнтам падпісаў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі.

Прэзыдэнт Кляўс сказаў, што Чэхія, перш чым падпісаць Лісабонскі трактат, будзе дамагацца свайго выключэньня з тае часткі „хартыі асноўных правоў” трактату, якая дазволіла б нашчадкам немцаў, выселеных з Чэхаславаччыны пасьля ІІ сусьветнай вайны ў выніку гэтак званых „Бэнэшавых дэкрэтаў”, дамагацца звароту нацыяналізванай маёмасьці перад Эўрапейскім судом справядлівасьці ў Люксэмбургу. Цяпер прэзыдэнцкая канцыялярыя разам з чэскім урадам працуюць над тэкстам такога выключэньня. Ці будзе зробленае такое выключэньне для Чэхіі — не вядома.

Ды ўсё ж выглядае на тое, што прэзыдэнт Клаўс, найбольш цьвёрды эўраскептык ў Сярэдняй Эўропе, здасца і падпіша паперу, якая дазволіць Эўразьвязу выбіраць аднаго "эўрастаршыню" для ўсіх эўрапейцаў і інакш прымаць рашэньні, чым раней.

Хто павядзе Эўропу?


Пасада "прэзыдэнта Эўрапейскай рады", якую ўводзіць Лісабонскі трактат, не настолькі істотная ў сэнсе юрыдычных паўнамоцтваў, каб асобу, якую на яе выберуць, называць эўрапейскім лідэрам. Але на сымбалічным узроўні гэта і будзе "прэзыдэнт Эўропы" — пэрсаніфікаваны сымбаль эўрапейскай еднасьці (кажуць, што найбольшыя шанцы быць выбранымі на гэтую пасаду маюць былы прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр і былы прэзыдэнт Ірляндыі Мэры Робінсан).

Ды для таго, хто павядзе Эўропу і ў які бок, нашмат большае значэньне маюць новыя правілы прыманьня рашэньняў у Эўразбьвязе, то бок, правілы галасаваньня, запісаныя ў Лісабонскім трактаце.

Ад лістапада 2014 году найважнейшыя пастановы Эўразьвязу будуць прымацца ў Радзе Эўразьвязу галасаваньнем з гэтак званай "падвойнай большасьцю" — трэба будзе, каб за пастанову выказаліся 55% плюс адна краіна Эўразьвязу (цяпер гэты лік роўны 16), і каб у гэтых краінах жыло ня менш чым 65% адсоткаў насельніцтва Эўразвязу. Гэты прынцып "падвойнай большасьці" дае выразную перавагу краінам зь вялікай колькасьцю насельніцтва, як, напрыклад, Вялікабрытанія, Францыя і Нямеччына (ацэньваецца, што ў Эўразьвязе цяпер каля 500 мільёнаў чалавек, а ў гэтых трох краінах — 210 мільёнаў, то бок, 42% ад агульнай колькасьці людзей у Эўразьвязе, і ім бракуе ўсяго 4%, каб сарваць любое галасаваньне).

Паколькі Вялікабрытанія занадта "астраўная" краіна, каб кіраваць "эўрапейскай сушай", дык найбольш верагоднымі лідэрамі Эўропы ў будучыні бачацца Францыя і Нямеччына ў тандэме. І шмат якія палітыкі з гэтых дзьвюх краінаў ужо пачалі рабіць намёкі на гэты конт — так бы мовіць, прывыкайце да думкі, што гэтыя дзьве краіны, якія пачалі эўрапейскую інтэграцыю пасьля ІІ сусьветнай вайны, і цяпер будуць вызначаць яе лёс і мэты.

Некаторыя кажуць, што паразуменьне Францыі і Нямеччыны наконт адзінства лёсу і мэтаў Эўропы вяглядае вельмі праблематычна. Маўляў, Нямеччына глядзіць у бок Расеі і Кітаю, а Францыя — у бок міжземнаморскага рэгіёну.

Новыя сябры Эўразьвязу зь Сярэдняй Эўропы — у іх ліку Чэхія і Польшча — якраз і баяцца, што гэтыя два эўрапейскія волаты ня бачаць і не зьбіраюцца пабачыць ні Прагі з Варшавай, ні, тым больш, Менску з Кіевам, наставіўшы свае біноклі на зусім іншую дальнасьць.

ЗША, у кожным разе, не павядуць Эўропу


Візыт прэзыдэнта Барака Абамы ў Маскву, а потым адмова ад пабудовы элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі далі і сьляпому ўбачыць, што і прыярытэты цяперашняй замежнай палітыкі ЗША знаходзяцца зусім не ў Эўропе.

А таму, пры вонкавых пазнаках далейшага ўшчыльненьня эўрапейскай інтэграцыі, шмат хто з навейшых сябраў Эўразьвязу пачынае пачуваць сябе ня надта каб утульна.

Супрацоўніцтва Газпрому зь Нямеччынай і Францыяй ды пляны пабудаваць расейскі газаправод па дне Балтыйскага мора — гэта адзін моцны пункт для неспакою ў Варшаве і Празе.

А другі пункт — гэта паслабленьне ролі НАТО як вязі "эўраатлянтычнай супольнасьці". Пра гэта якраз піша вядомая амэрыканская публіцыстка Эн Аплбаўм у сёньняшнім выданьні "Washington Post":

"НАТО, якое вядзе першую вайну ад свайго заснаваньня (у Аўганістане — Я.М.), нікога не натхняе. Сябры НАТО не адчуваюць ніякай ляяльнасьці да альянсу або адзін да аднаго. На сваім родным кантынэнце НАТО ня робіць амаль нічога дзеля вайсковага плянаваньня на выпадак непрадбачаных акалічнасьцяў, а толькі праводзіць саміты. А перш за ўсё, няма прызнанага лідэра альянсу, які хоча або можа прыняць удзел у нацыянальных дэбатах у розных краінах, каб пераканаць да місіі ў Аўганістане або да нейкай іншай".

Нават калі ўзяць пад увагу, што Эн Аплбаўм — жонка міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага, які сёлета прайграў выбары на пасаду генэральнага сакратара НАТО з былым дацкім прэм’ера-міністрам, — дык і так трэба прызнаць, што ейныя закіды ў бок НАТО падзяляюць ня толькі ў Варшаве, Братыславе і Празе, але і ў Вільні, Рызе і Таліне.

У верасьні 2001 году, калі два авіялайнэры пратаранілі і зруйнавалі Сусьветны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку, шмат хто прадказваў, што пачынаецца новая эпоха ў сусьветнай гісторыі. Але мала хто, відаць, быў у змозе прадбачыць, што ў гэтай новай эпосе так хутка наступіць заняпад значэньня Эўропы.
XS
SM
MD
LG