Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбары прэзыдэнта Беларусі пройдуць на пачатку 2011 года, а ў мясцовыя Саветы дэпутатаў - у другой палове вясны 2010 года, меркавана ў красавіку.

Такія тэрміны вызначаны сёньня падчас сустрэчы кіраўніка Беларусі А.Лукашэнкі са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.

На пачатку 2011 года канчаецца тэрмін паўнамоцтваў дзейнага прэзыдэнта, таму не пазьней за 7 лютага 2011 года павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. І не пазьней за 13 сьнежня 2010 года - у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Таксама А.Лукашэнка прыняў сёньня рашэньне пра тое, што выбарчае заканадаўства Беларусі будзе лібэралізавана. ЦВК унясе шэраг прапановаў, накіраваных на ўвасабленьне некаторых прапаноў АБСЭ і беларускіх палітычных партый. Яны тычацца спрашчэньня парадку вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, мераў па дадатковай ахове скрыняў для галасаваньня, забесьпячэньню надзейнасьці датэрміновага галасаваньня і іншых тэхнічных момантаў.

Усім кандыдатам на выбарах прэзыдэнта і дэпутатаў мясцовых Саветаў будуць створаны роўныя ўмовы, заявіў сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка

“Я прыхільнік правядзеньня чэсных, справядлівых і, самае галоўнае, адкрытых палітычных кампаній — як у Саветы дэпутатаў, так і прэзыдэнцкай. Я маю на ўвазе, што трэба даць усім роўныя магчымасьці для падрыхтоўкі і ўдзелу ў гэтых кампаніях. Асабліва ў прэзыдэнцкай кампаніі.

Хачу адразу сказаць: мы заўсёды, як бы нас ні абвінавачвалі, вялі сябе сумленна і прыстойна. Хацелася б, каб і гэтыя кампаніі, а гэта будуць незвычайныя кампаніі, яны нічым ня будуць падобныя да папярэдніх, хоць і папярэднія для нас не былі лёгкімі, але ў сілу многіх абставінаў гэта будуць асаблівыя кампаніі, асабліва прэзыдэнцкая. Таму, я думаю, нам адыходзіць ад гэтага крытэру чэснасьці і прыстойнасьці ў правядзеньні падобных мерапрыемстваў нельга”, — заявіў А.Лукашэнка.

Нагадаем, што 24 верасьня прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў перадалі ў генпракуратуру Беларусі зварот 50-ці па факце фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

Аўтары звароту патрабуюць пачаць крымінальную справу па факце заявы Аляксандра Лукашэнкі пра фальшаваньне вынікаў выбараў.

Нагадаем, 26 жніўня ў інтэрвію газэце “Известия” кіраўнік Беларусі заявіў, што за яго прагаласавала на апошніх выбарах 93%. Але потым, калі на яго пачалі ціснуць, выбары былі сфальшаваныя: А.Лукашэнка аддаў каманду, каб не было 93%, а недзе каля 80-ці. Маўляў, больш за 90 псыхалягічна не ўспрымаецца. Пад зваротам у пракуратуру падпісаліся 50 вядомых асобаў — палітыкаў, грамадзкіх і культурных дзеячаў. Сярод іх Аляксандар Казулін, Анатоль Лябедзька, Мечыслаў Грыб, Віктар Дашук, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Аляксандар Бухвостаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG