Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За чацьвертаваньне беларуса ў Празе – 13,5 гадоў турмы


Ш.Максудаў пасьля прысуду, фота: iDnes.tv

Ш.Максудаў пасьля прысуду, фота: iDnes.tv

Гарадзкі суд у Празе асудзіў грамадзяніна Ўзбэкістану Шахзода Максудава на 13,5 гадоў турмы за жорсткае забойства беларуса Кастуся Раманюка.

Максудаў прыехаў у Чэхію ў 2007 годзе вучыцца ва ўнівэрсытэце. Раманюка ён забіў летась у жніўні ў інтэрнаце на праскай ускраіне. Паводле сьледзтва, ён ударыў ахвяру тупым прадметам і пасьля разрэзаў цела на часткі.

Мяркуецца, што матывам злачынства было абрабаваньне. Паліцыя знайшла ў падазраванага мабільны тэлефон і іншыя электронныя прылады пацярпелага.

Паводле псыхолягаў, у Максудава не заўважана ніякіх псыхічных парушэньняў, аднак сьледзтва выявіла ў яго павышаную агрэсіўнасьць.

Забіты беларус знаходзіўся ў Чэхіі легальна, займаўся продажам электронікі і хадайнічаў аб атрыманьні статусу палітычнага ўцекача. Летась у жніўні ён зьнік. Празь некалькі дзён пасьля зьнікненьня работнікі аднаго з пунктаў сартаваньня сьмецьця знайшлі ампутаваную правую руку, а пасьля паліцэйскі патруль знайшоў правую нагу.

Галава, загорнутая ў плястыкавы пакет, была знойдзеная толькі сёньня ў красавіку. Паводле экспэртаў, цела было разрэзанае праз чатыры або пяць дзён пасьля сьмерці.

Максудаў не прызнае сваю віну і цьвердзіць, што ў часе забойства знаходзіўся ў будынку паліцыі для замежнікаў, а ключы ад свайго пакінуў знаёмаму. Паводле Максудава, Раманюка забіў менавіта той знаёмы.

Прысуд яшчэ не ўступіў у дзеяньне.
XS
SM
MD
LG