Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода друку ў Беларусі: лепшая за Расею, горшая за Ірак


Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” апублікавала штогадовы рэйтынг свабоды прэсы. Беларусь заняла ў ім 151­-е месца з 175.

Упершыню, пачынаючы з 2002 году, колькасьць краінаў Эўропы, якія займаюць першыя радкі ў рэйтынгу свабоды друку, скарацілася ў параўнаньні з папярэднімі гадамі. Пятнаццаць краінаў зь першай дваццаткі - краіны “старога кантынэнту”. У 2008 годзе такіх краінаў было 18.

Сярод іх пераважная большасьць - 11 краінаў - удзельніцы Эўразьвязу. Першыя месцы дзеляць Данія, Фінляндыя, Ірляндыя. Яшчэ адна краіна Эўразьвязу - Баўгарыя, якая ўступіла туды ў 2007 годзе, працягвае спад і займае цяпер 68-е месца (летась - 59-е). Істотна - да 44-га месца - упала і Славаччына. Гэта зьвязана зь некаторымі законамі, якія істотна абмяжоўваюць свабоду прэсы, і ў прыватнасьці з законам, які дазваляе дзяржаве ўмешваццца ў дзейнасьць мас-мэдыяў.

Сьпіс 175 краінаў замыкае Эрытрэя.

Самымі рэпрэсіўнымі краінамі постсавецкага рэгіёну застаюцца Ўзбэкістан (160) і Туркмэністан (173). Гэта краіны, у якіх так і не адбыліся сур'ёзныя зьмены, там надалей пануе цэнзура і гвалт супраць журналістаў.

Расея займае 153­яе месца. У параўнаньні зь мінулым годам сытуацыя ў гэтай краіне пагоршылася і яна апусьцілася на 12 пунктаў, упершыню апынуўшыся ў сьпісе ніжэй за Беларусь. Праз тры гады пасьля забойства Ганны Паліткоўскай, забойствы журналістаў і праваабаронцаў, гвалт у дачыненьні да журналістаў у рэгіёнах працягваюцца. Вяртаньне забароненых тэмаў, цэнзуры, беспакаранасьць, якая пануе ў дачыненьні да забойцаў журналістаў ” гэтым таксама тлумачыцца тое, што Расея займае такое нізкае месца.

Беларусь, нягледзячы на маленькае “паляпшэньне” (з 154-га месца на 151-ае) надалей застаецца ў зоне краінаў зь несвабодным друкам. Адноснае паляпшэньне сытуацыі зьвязанае з заявамі Менску аб адноснай і асьцярожнай лібэралізацыі сваіх дачыненьняў з прэсай у рамках адноўленага дыялёгу з Эўразьвязам.

Аднак, нягледзячы на "сімвалічныя і разрозненыя дзеянні" з боку ўладаў, Беларусь па-ранейшаму не выконвае міжнародныя стандарты ў галіне СМІ. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы міжнароднай місіі праваабаронцаў, якія наведалі Беларусь 20—24 верасня. Справаздача падрыхтаваная для структур Эўразьвязу напярэдадні разгляду пытаньня пра часткова прыпыненыя санкцыі да беларускіх чыноўнікаў.

Беларусь і яе суседзі ў рэйтынгу свабоды друку арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” (у дужках – месца ў рэйтынгу 2008 году)

10. Літва (16)
13. Латвія (7)
37. Польшча (47)
89. Украіна (87)
151. Беларусь (154)
153. Расея (141)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG