Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 20-годзьдзе біскупства


Тадэвуш Кандрусевіч на асьвячэньне крыніцы ў Вішневе.

Тадэвуш Кандрусевіч на асьвячэньне крыніцы ў Вішневе.

Сёньня мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае 20-годзьдзе біскупскага пасьвячэньня. З гэтай нагоды ў менскім архікатэдральным касьцёле адбудзецца ўрачыстая літургія з удзелам вышэйшага духавенства, прадстаўнікоў улады і вернікаў. 25 кастрычніка Тадэвушу Кандрусевічу будзе ўручаны ордэн Вялікага Крыжа.

Біскупскае пасьвячэньне Тадэвуша Кандрусевіча адбылося ў базыліцы сьвятога Пятра ў Рыме 20 кастрычніка 1989 году. Правёў абрад папа Ян Павал ІІ. Тадэвуш Кандрусевіч абраў тады дэвіз “Quis ut Deus” — “Хто ж як Бог”. Ён стаў першым біскупам у Беларусі пасьля амаль 70 год атэізму, кажа прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёлу ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

“Гэта вельмі значная падзея, бо менавіта гэтая дата, менавіта гэты момант зьяўляецца пачаткам адраджэньня касьцёльных структур у Беларусі, увогуле беларускага касьцёла. І арцыбіскуп Кандрусевіч зрабіў значны ўнёсак у гэтую справу”.

За няпоўныя паўтара года намаганьнямі Тадэвуша Кандрусевіча былі адчыненыя 97 касьцёлаў, заснаваная духоўная сэмінарыя ў Горадні, быў запачаткаваны беларускі каталіцкі друк і пакладзены пачатак вядзеньню службаў па-беларуску. Затым біскупа Кандрусевіча перавялі ў Маскву, і вярнуўся ён у Беларусь толькі ў 2007 годзе ў якасьці мітрапаліта Менска-Магілёўскага. Вось як ён кажа пра сваё вяртаньне:

“Пасьля 16 гадоў, 5 месяцаў і 3 дзён — я дакладна вылічыў, колькі гэта было — я зь вялікай радасьцю вяртаюся на сваю радзіму”.

За два гады, што Тадэвуш Кандрусевіч кіруе каталіцкім касьцёлам у Беларусі, адбыліся такія значныя падзеі, як моладзевы тэлемост з Ватыканам, выданьне дакумэнтаў Другога Ватыканскага сабору па-беларуску, візыт кардынала Тарчызіё Бэртонэ. Чакаецца падпісаньне канкардату паміж Беларусьсю і Ватыканам.

Вось як пра сёньняшнюю дзейнасьць мітрапаліта кажа адна зь верніцаў, рэдактарка газэты “Голас душы” Натальля Сундукова:

“Перамены адбыліся ў добрым кірунку, вельмі актыўна разьвіваецца беларускі касьцёл. Асабліва заўважна, як наладжваюцца адносіны і са сьвецкімі ўладамі, дзякуючы працы мітрапаліта, і з праваслаўнай царквой, добра працуе каталіцкі інтэрнэт-сайт. Я асабіста вельмі рада, што ён ёсьць. Ведаю таксама, што і як чалавек ён вельмі моцны духоўна”.

Амаль адначасна зь юбілеем біскупства, 25 кастрычніка, Тадэвушу Кандрусевічу будзе ўручаны ордэн Вялікага Крыжа. Гэта сьведчаньне прыняцьця беларускага герарха ў Сувэрэнны Ваенны Мальтыйскі Ордэн у якасьці Манаха-Капэляна Вялікага Крыжа. Такое рашэньне прыняў 5 ліпеня Правячы Прынц і Вялікі Магістар Мальтыйскага Ордэну фра Мэт’ю Фэстынг, паведамляе ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

“Гэта ўнікальная падзея, бо я ня памятаю, каб за гэтыя 20 год адраджэньня касьцёла ў Беларусі хтосьці быў узнагароджаны гэтым ордэнам, стаўся чальцом гэтай вельмі значнай і ўплывовай каталіцкай арганізацыі”.

21 кастрычніка каталіцкі касьцёл адзначае яшчэ адну падзею: 95-годзьдзе аднаго з найстарэйшых каталіцкіх герархаў у сьвеце, кардынала Казіміра Сьвёнтака. Кардынал Сьвёнтак у дзень свайго нараджэньня ўзначаліць сьвятую імшу ў катэдры Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG