Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзівілы вяртаюцца ў Нясьвіж — на партрэтах


Нясьвіж. Ратуша, дзе адбудзецца цырымонія.

Нясьвіж. Ратуша, дзе адбудзецца цырымонія.

Сёньня ў Нясьвіжы нашчадкі магнацкага роду Радзівілаў князі Мацей і Мікалай урачыста перададуць у адрэстаўраваны замак больш за сто шэсьцьдзесят партрэтаў сваіх знакамітых продкаў. Абсалютная бальшыня зь іх — копіі, зробленыя з твораў прыдворнага радзівілаўскага гравёра Гершкі Ляйбовіча. Але спадары Мацей і Мікалай прывезьлі ў падарунак Нясьвіжу і два арыгінальныя графічныя аркушы, набытыя імі на аўкцыёне.

Копіі гравюраў Гершкі Ляйбовіча прадстаўнікі знакамітага магнацкага роду перадалі для будучай музэйнай экспазыцыі Нясьвіскага замку яшчэ ўлетку ў часе свайго папярэдняга прыезду ў Беларусь. Але паколькі гэта адбывалася не публічна, то вырашана было наладзіць яшчэ і ўрачыстую цырымонію вяртаньня партрэтаў былых гаспадароў замку і іхніх шматлікіх сваякоў.

Нашчадкі роду, унучатыя пляменьнікі апошняга нясьвіскага ардыната Альбрэхта Радзівіла — князі Мацей і Мікалай гэтым разам прыехалі з Польшчы на цырымонію таксама не з пустымі рукамі. Распавядае паэт і журналіст, які піша кнігу пра род Радзівілаў, Глеб Лабадзенка:


“Таксама будзе ў Нясьвіжы якасная копія абраза Маці Божай, які захоўваўся ў дамавой капліцы ў Нясьвіжы і быў уратаваны Радзівіламі ў часе прыходу камуністаў. Яны вывезьлі яго ў Варшаву. Увесь гэты час абраз захоўваўся ў сям’і. Паводле легенды — гэта менавіта той абраз, які кароль Ян Сабескі знайшоў у сямнаццатым стагодзьдзі пасьля бітвы пад Венай, і папа рымскі асьвяціў тады гэты абраз. А паколькі Ян Сабескі быў сваяком Радзівілаў, то вырашыў прэзэнтаваць яго ім. І ўсе гэтыя чатыры стагодзьдзі гэты абраз быў вельмі вялікай сьвятыняй для роду і сёньня такой зьяўляецца”.

Князь Мацей Радзівіл сказаў у інтэрвію напярэдадні цырымоніі, што мае ў падарунак Нясьвіжу яшчэ дзьве каштоўнасьці. Гэта гравюры невядомых аўтараў са старадрукаў, на якіх адлюстраваныя Мікалай Крыштаф Сіротка і Януш Радзівіл.

Усе партрэты Радзівілаў будуць, як запэўнілі чыноўнікі, зьмешчаныя ў залі гісторыі валадароў Нясьвіжа. Гаворыць князь Мацей Радзівіл:

“Я спадзяюся, што гэта будзе публічная экспазыцыя”.

Цырымонія перадачы адбудзецца ў нясьвіскай ратушы. У замку для наведнікаў адчыненыя толькі некалькі пакояў у прыбрамнай сьцяне, дзе жыла прыслуга. У княскіх залях яшчэ ідзе рэстаўрацыя. Іх прыстасоўваюць пад музэйныя экспазыцыі, якія плянуецца адкрыць у наступным годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG