Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналісты будуць атрымліваць прэмію Веранікі Чаркасавай


Вераніка Чаркасава

Вераніка Чаркасава

Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла заснаваць прэмію імя Веранікі Чаркасавай. Прэмію атрымаюць пераможцы конкурсу, умовы якога зацьвердзіць Рада БАЖ.

Такое рашэньне прынялі сябры БАЖ падчас вечарыны, прысьвечанай памяці забітай журналісткі. Вераніку Чаркасаву забілі 20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры. Злачынцаў дагэтуль не знайшлі.

На вечарыне, прысьвечанай памяці журналісткі Веранікі Чаркасавай, былі абмеркаваныя пытаньні ў справе правядзеньня конкурсу. Прэмію Веранікі Чаркасавай атрымаюць пераможцы конкурсу за найлепшае эсэ.

Рэдактар сайту БАЖ Вольга Бабак: “Спачатку была ідэя назвы “За чалавечнасьць і прафэсіяналізм”, але потым вырашылі гэта ў расшыфроўцы даць, каб не адцягваць увагі ад назвы конкурсу, усё ж, пакінуўшы конкурсам імя Веранікі Чаркасавай.

Была таксама дыскусія абмяжоўваць узрост удзельнікаў конкурсу, ці не. Пакуль пагадзіліся, што ня варта абмяжоўваць, бо той жанр, у якім будзе праводзіцца гэты конкурс, а гэта эсэ, нарысы – даволі дарослы жанр, каб узьняць прэстыж гэтага конкурсу, тым больш, што прысутныя выказалі жаданьне паўдзельнічаць у конкурсе”.

Маці Веранікі Чаркасавай Дыяна Чаркасава прысутнічала на вечарыне. Яна паведаміла “Свабодзе”:

“Гэта не дае магчымасьці забыцца пра яе. Ёсьць маладыя журналісты, якія прыйшлі ў журналістыку пасьля яе. Яны ня ведаюць пра яе, пра тое, як яна пісала. Калі ім дастанецца кніжка “Чырвоным па беламу” і калі яны яе прачытаюць, то многаму навучацца.

Сапраўды, не таму, што яна мая дачка, а папросту таму, што яна была добрая журналістка і добра пісала. Мне гэта дае надзею, што пра яе не забудуцца. Яе жыцьцё будзе працягвацца ў гэтым”.

Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец дадаў:

Андрэй Бастунец
“Ідэю правядзеньня конкурсу ўсе падтрымалі, але пакуль што ўмовы конкурсу, склад конкурснай камісіі, якія могуць быць заахвочваньні ўдзельнікаў конкурсу – гэта будзе вызначаць праўленьне. Пакуль гэтае рашэньне не прынятае”.

Аляксандр Старыкевіч быў рэдактарам газэты “Салідарнасьць”, дзе працавала Вераніка Чаркасава. Ён распавёў наконт умоваў конкурсу:

Аляксандар Старыкевіч
“Умовы конкурсу вельмі простыя. Па-першае, існуе жанравае абмежаваньне. Гэта павінна быць эсэ Гэта мусіць быць матэрыял пра чалавека, дзе ён раскрыты, паказаны. Менавіта гэта было “фішкай” спэцыялізацыі Веранікі.

Па-другое, хутчэй за ўсё будзе тры ўзнагароды: галоўная і дзьве заахвочвальныя”.

Заўтра, 20 кастрычніка на пятую гадавіну забойства Веранікі Чаркасавай яе сваякі і калегі наведаюць Каладзішчанскія могілкі, дзе пахаваная журналістка.

Крымінальную справу паводле забойства Чаркасавай расьсьледавала Менская гарадзкая пракуратура. Было апытана некалькі дзясяткаў чалавек. Сьледчыя падазравалі ў забойстве журналісткі яе 15-гадовага сына і айчыма. У красавіку 2005 году зь іх зьнялі падазрэньні.

Забойцаў журналісткі дагэтуль не знайшлі.

Справа Веранікі Чаркасавай прыпыненая. Яна ня мае тэрміну даўнасьці.
XS
SM
MD
LG