Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МУС Беларусі: сёлета выяўлена 321 злачынства ў сфэры гандлю людзьмі


Прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная Дню барацьбы супраць гандлю людзьмі.

Прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная Дню барацьбы супраць гандлю людзьмі.

Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, гандаль людзьмі прыносіць злачынным групоўкам прыбытак у 10—12 мільёнаў даляраў штогод. З 2002 году органамі ўнутраных спраў Беларусі вызначана каля 4 тысяч ахвяраў гандлю людзьмі, зь іх 440 непаўналетніх.


У ліпені 2009 году ў Беларусі пачаў рэалізоўвацца ўжо другі сумесны праект Эўразьвязу, Праграмы разьвіцьця ААН і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) “Прадухіленьне, барацьба і мінімізацыя сацыяльных наступстваў у галіне гандлю людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь”. Кіраўніца аддзелу праграмаў Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Валянціна Сталыга:

Валянціна Сталыга
“Нацыянальным выканаўчым агенцтвам зьяўляецца Міністэрства ўнутраных спраў. У ліку партнэраў — дзяржаўныя органы, міжнародныя арганізацыі. Мы цесна супрацоўнічаем зь Міжнароднай арганізацыяй міграцыі, грамадзкімі арганізацыямі, такімі, як грамадзкае аб'яднаньне маладых хрысьціянскіх жанчын, “Ла Страда”. Фінансаваньне праекту, агульны бюджэт якога складае 1 мільён 335 тысяч эўра, забясьпечваецца Эўрапейскай камісіяй, Праграмай разьвіцьця ААН і Дзіцячым фондам ААН”.

Сёньня Беларусь надалей застаецца пераважна краінай паходжаньня “жывога тавару”. Грамадзяне Беларусі аказаліся вывезенымі амаль у 30 краінаў сьвету. У мэтах сэксуальнай эксплюатацыі жанчын перапраўляюць у краіны Эўразьвязу (Нямеччыну, Польшчу, Чэхію), у Турэччыну, на Блізкі Ўсход, а таксама ў Маскву.

Нацыянальны каардынатар праекту ад Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Колтун распавёў, што сёлета выяўлена ўжо 321 злачынства ў сфэры гандлю людзьмі, спынена дзейнасьць дзевяці злачынных груповак, 2 злачынных арганізацый. Перакрыта 57 каналаў пастаўкі беларускіх грамадзянак для сэксуальнай эксплюатацыі ў 12 краінаў сьвету. Выяўлена 94 злачынствы, зьвязаныя з вывазам 232 пацярпелых за межы дзяржавы. Намесьнік начальніка ўпраўленьня МУС Сяргей Колтун працягвае:

Сяргей Колтун
“Ня так даўно вынесены прысуд двум трафікёрам — грамадзянам Грэцыі і Баўгарыі, якія ў красавіку спрабавалі вывезьці беларусак у нелегальныя бардэлі Грэцыі. Злачынцы панесьлі жорсткае і адэкватнае пакараньне — 7 гадоў пазбаўленьня волі”.

Гандляры дзейнічаюць часьцей за ўсё пад выглядам агенцый па працаўладкаваньні за мяжой, турагенцый, мадэльных ці шлюбных агенцый.

Сёлета ў Беларусі затрымана 10 трафікёраў, якія спрабавалі вывезьці беларускіх жанчын за мяжу. Яшчэ адна вострая праблема — барацьба з распаўсюдам парнаграфіі, кажа Сяргей Коўтун:

“Сёлета выяўлена 127 злачынстваў, зьвязаных з вырабам і распаўсюдам парнаграфіі, у тым ліку 11 — па нядаўна ўведзеным артыкуле 343-прым — дзіцячай парнаграфіі. Спыненая дзейнасьць 9 парнасайтаў, ліквідаваныя 2 студыі па вырабе парнаграфіі”.

Год таму ў Крымінальным кодэксе зьявіўся асобны артыкул 341-1: “дзіцячая парнаграфія”. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — 13 гадоў пазбаўленьня волі. Завяршаецца расьсьледаваньне па гучнай справе ў Гомелі, распавёў Сяргей Коўтун:

“Рыхтуецца да перадачы ў суд крымінальная справа ў дачыненьні да двух жыхароў аднаго з абласных цэнтраў (адзін зь іх — грамадзянін Ізраілю). У дачыненьні да іх заведзена 18 крымінальных спраў, у тым ліку 3 — паводле артыкула 343-прым”.

Апошнім часам актуальнасьць набыла праблема працоўнай эксплюатацыі. У асноўным ахвярамі становяцца беларускія мужчыны, якіх завабліваюць высокімі заробкамі (часьцей за ўсё ў Расею). Сёлета выяўлена 9 злачынстваў у гэтай сфэры, іх ахвярамі сталі 28 чалавек.
XS
SM
MD
LG